Яндекс.Метрика
Культура Навіны Навіны Бялыніч

“Падарункі” да Дня пісьменства ў Бялынічах

Напачатку верасня ў Бялынічах будзе адзначацца вялікае свята дзяржаўнага ўзроўню – Дзень беларускага пісьменства. Як рыхтуецца горад, якія падзеі адбываюцца і галоўнае – чым займаюцца людзі?

Першае, што зрабілі ў Бялынічах , гэта ЗНЕСЛІ БІБЛІЯТЭКУ. Кажуць, што ёсць традыцыя – нібыта кожны горад, у якім праводзіцца Свята пісьменства, павінен атрымаць свой падарунак. Напрыклад, у Рагачове да такога свята з’явілася першая дзяржаўная кнігарня, Копыль атрымаў у падарунак дзіцячую бібліятэку, у Слоніму адкрылі помнік Льву Сапегу.

Спачатку бялыніцкія рамантыкі-інтэлектуалы ўзрадаваліся, і нават пачалі ўпэўніваць землякоў: раз бібліятэку знеслі за год да правядзення Свята пісьменства – значыць быць новаму будынку! Дарэчы, на старым будынку бібліятэкі знаходзілася і шыльда ў гонар надання мястэчку Магдэбургскага права, якое было атрымана з лёгкай рукі таго ж Льва Сапегі (у свой час ён быў уладальнікам Бялынічаў).

Гудбай, бібліятэка! Вітаем Дзень пісьменства!

Але прайшлі месяцы і высветлілася, што ўстанову культуры, якая перш за ўсё мае дачыненне і да пісьменства, і да гісторыі горада – знеслі канчаткова і назаўсёды. Каб зрабіць на яе месцы… танцпляцоўку – кшталту, для гасцей, якія прыедуць ацаніць узровень (ці то пісьменства, ці то непісменнасці?) горада.

Такі выраз ёсць у мясцовых спецыялістаў – “абрэзаць і заварыць”. У дачыненні да ўстановаў адукацыі для бялынічанаў гэта не першы досвед – не так даўно быў закрыты прафтэхліцэй. У яго памяшканнях зараз будуецца гандлёвы цэнтр. Выдатная замена, як думаеце? Хтосьці скажа – ну, пры чым тут ліцэй? Але ж, хоць хтосьці іншы ўзгадае, што ўсё гэта разам – паказальнік стаўлення да культуры, адукацыі ды гісторыі горада.

Вось, у апошнім, – гістарычным кантэксце, можна ўзгадаць і яшчэ адзін момант. Літаральна за бібліятэкай знаходзіліся рэшткі вялікай царквы ХІХ ст., якую зруйнавалі ў першай палове 1960-х. Рэшткі гэтыя таксама апынуліся ў межах танцпляцоўкі для ганаровых гасцей. “Ды што ж гэта такое? – па будаўнічаму прама выказваліся пэўныя спецыялісты. – На кожным кроку то бібліятэка, то царква, то яшчэ што! Немагчыма наладзіць бізнес!”

Месца, дзе стаяла царква. Не так даўно спецыялісты займаліся высвятленнем паходжання чалавечых чарапоў і касцей, зноўдзеных на гэтым месцы

І вось тут, нават, не толькі інтэлектуалы надоўга змоўклі. На маўклівыя пытанні большасці адэкватных жыхароў мястэчка “Навошта да Дня пісьменства зносіць бібліятэку?” і “Чаму на месцы царквы і царкоўных могілак будуюць танцпляцоўку?” нарэшце быў дадзены адказ: “Мы тут увогуле не вінаватыя – гэта ўсё бізнес!”

А як жа яшчэ мы атрымаем свае падарункі да Свята пісьменства?”

Дзмітрый Нікалаеў

апошія запісы

Да Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах (Лыжка дзёгцю ў бочку мёду ад бялыніцкага чынавенства)

“Міраж” пад назвай датэрміновае галасаванне

В Круглом сменился градообразующий лидер?

Дзяжурны адміністратар