Патрабуем неадкладнага вызвалення нашага журналіста Алеся Сабалеўскага!

Учора, 13 верасня 2020 года, напрыканцы чарговай акцыі пратэсту быў затрыманы журналіст “Магілёўскага рэгіёну” Алесь Сабалеўскі. Рэдакцыя патрабуе яго неадкладнага вызвалення.

Сувязь з Сабалеўскім прапала ўвечары, калі маніфестацыя супраць сфальшаваных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, прайшоўшы амаль увесь цэнтр Магілёва, знаходзілася ў Задняпроўі. Па атрыманай раней інфармацыі, Сабалеўскага затрымалі каля кінатэатра “Космас”, а потым даставілі ў Кастрычніцкі РАУС горада.

Паводле раскладу судовых пасяджэнняў на сёння, 14 верасня 2020 года, суд над Сабалеўскім яшчэ не прызначаны.

Рэдакцыя “Магілёўскага рэгіёну” патрабуе неадкладнага вызвалення Алеся Сабалеўскага і ўсіх беспадстаўна затрыманых на акцыі пратэсту грамадзян, спынення пераследу журналістаў, а таксама людзей, якія рэалізуюць сваё права на мірныя сходы.