Яндекс.Метрика
Культура Навіны Бялыніч Навіны Магілёва

Пешая пілігрымка з Магілёва на ўрачыстасць у Бялынічах вырушыць 7 верасня

7 верасня вырушыць ІV Пешая пілігрымка з Магілёва ў Бялынічы, у якой будуць удзельнічаць вернікі ўсёй Магілёўшчыны. Сёлета яна пройдзе пад дэвізам «Моладзь, вера і пакліканне», інфармуе catholic.by.

Да ўдзелу ў пілігрымцы запрашае Біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Іерарх адзначае ў запрашэнні, што Бялынічы — гарадок, які называлі «беларускай Чэнстаховай», і пілігрымка да Маці Божай Бялыніцкай — адна з самых важных падзей і пастырскіх акцый у штогадовым літургічным календары магілёўскага рэгіёна Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Пілігрымка распачнецца ў суботу 7 верасня святой Імшой а 9-й гадзіне ў магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава.

«Ужо тады мы прынясем да алтара інтэнцыі, з якімі пілігрымы адправяцца ў свой шлях. Да малітвы за нашу Радзіму, за Паўсюдны Касцёл, за пакліканні да Божай службы і асабліва за адраджэнне веры на нашай зямлі далучым просьбы за нашыя сем’і, моладзь і дзяцей, а таксама падтрымаем сваёй малітваю ўсіх, хто мае залежнасць ад розных дрэнных звычак, — дадае біскуп у сваім запрашэнні. —

Верым, што малітва, спалучаная з цяжарам пілігрымавання, дапаможа нам усім пераадолець штодзённыя цяжкасці і ўмацуе нас у радасным сведчанні веры».

Па словах іерарха, «не кожны можа фізічна пайсці ў пілігрымку, аднак кожны з нас можа стаць духоўным пілігрымам і ў сваіх думках, малітвах, сваёй асабістай ахвярай яднацца з тымі, хто на працягу двух дзён будзе крочыць да Маці Божай Бялыніцкай, несучы ў сваіх сэрцах і нашыя просьбы».

«Сардэчна запрашаю ўсіх вернікаў Магілёўскай вобласці, Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і ўсёй нашай краіны, асабліва моладзь, адважна далучыцца да пілігрымкі ў гэтым годзе. Калі ласка, прыкладзіце ўсе намаганні для таго, каб актыўна і ў вялікай колькасці прыняць удзел у пешым шляху да Божай Маці», — піша біскуп.

Тых, хто з важных прычынаў не можа ісці пешшу, іерарх заклікае прыбыць на бялыніцкі фэст, выкарыстоўваючы транспартныя сродкі, каб прыняць удзел у працэсіі з копіяй абраза Маці Божай Бялыніцкай і ў галоўнай адпустовай святой Імшы а 15-й гадзіне ў свята Нараджэння Панны Марыі, 8 верасня, цэлебрацыю якой узначаліць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

«Усім пілігрымам жадаю неабходных фізічных сілаў і вытрымкі, а таксама багатага духоўнага плёну. Даручаю вас матчынай апецы Бялыніцкай Багародзіцы і ад усяго сэрца благаслаўляю», — дадае біскуп Аляксандр Яшэўскі.

Па ўсіх звязаных з пілігрымкай пытаннях звяртацца па тэлефонах:

+375 29 528 42 04 — кс. Віталій Маргуноў, Магілёўскі дэкан
+375 29 570 85 87 — кс. Юзаф Сярпейка, пробашч бялыніцкай парафіі

апошія запісы

Могилевский активист Алексей Павловский подал жалобы на инициативную группу Александра Лукашенко

В Могилёве прошли дожди и вот опять ФОТОФАКТ

Без горячей воды с 10 июня остается центр Могилева, пр.Мира и микрорайон “Юбилейный”

Дзяжурны адміністратар