Яндекс.Метрика Пісьменнік і музыкант Юры Несцярэнка: Дзень пісьменства ў Бялынічах. Пасляслоўе - Магілёўскі Рэгіён

Пісьменнік і музыкант Юры Несцярэнка: Дзень пісьменства ў Бялынічах. Пасляслоўе

Прайшоў ужо пэўны час пасля правядзення рэспубліканскага Свята пісменства. Жарсці ўлягліся, госці раз’ехаліся. Напэўна шмат хто хацеў пагаварыць з пісьменнікам з Бялыніч, але робім гэта мы – тут і зараз.

 

–Юры, скажыце, як Вы асабіста рыхтаваліся да мерапрыемства, напрамую звязаным з творчай дзейнасцю, якой займаецеся па жыцці паралельна з музыкай?

–На самым пачатку,  – калі толькі стала вядома, што Дзень пісьменства будзе ў Бялынічах, –адзін з арганізатараў прапанаваў паўдзельнічаць і папярэдне запрасіў на мерапрыемствы ў межах свята (калі не памыляюся, меўся на ўвазе ўдзел у так званым “круглым стале” і ў краязнаўчых чытаннях). А яшчэ планавалася выданне зборніка пісьменнікаў бялыніччыны.

Таксама не выключалася, што прыму ўдзел у літаратурна-музычнай частцы – гэта значыць, меркаваўся удзел альбо ў агульным канцэрце, альбо сольны выступ (нават абмяркоўвалася – адзін я буду выступаць, ці з музычным гуртом).

З часам нічога з гэтага не пацвердзілася. А я не з тых людзей, якія будуць выломваць “царственныя” дзверы – іншымі словамі, не рваўся пра сябе нагадваць. Праўда, адзіны зварот да райвыканкама быў – я прасіў аказаць дапамогу ў выданні кнігі для дзяцей. Напачатку 2020 года даслаў у райвыканкам сігнальны экзэмпляр кнігі і калектыўны ліст (больш за дваццаць подпісаў уплывовых людзей, звязаных з творчымі саюзамі). Але, нажаль, зараз не тыя часы, калі чыноўнікі дапамагаюць творчым людзям.

 

І што, на гэтым усё скончылася?

–Зразумела не! Вы ж пыталіся, як я асабіста рыхтаваўся да свята? Дык вось, у выніку мая кніга была выдадзена з дапамогай “Symbal.By”, без усялякай дапамогі мясцовай улады. Атрымаўся аўтарскі зборнік вершаў, апавяданняў, казак, баек, загадак, лічылак – больш за восемдзесят старонак. З выдатным афармленнем, вялікага фармату, у цвёрдым пераплёце, на якаснай паперы ды ўпрыгожанай на кожнай старонцы каляровымі калажамі з малюнкаў і фотаздымкаў. Кніга “Чароўныя назвы” пабачыла свет напярэдадні Міжнароднага Дня абароны дзяцей у выдавецтве “Каўчэг”.

12 жніўня павіна была быць прэзентацыя кнігі “Чароўныя назвы” у Палацы культуры вобласці, але з-за падзей у краіне пакуль перанесена. Аднак удзельнікі дзіцячай тэатральнай студыі творы з кнігі ў ключылі ў свой рэпертуар (напрыклад чыталі ў ролях “Гаварыў адзін пітон” і “Чароўныя канікулы” 1 верасня, на Дзень ведаў). Таксама дзейнічала і выстава дзіцячых малюнкаў з кнігі – у файе Палаца культуры выстаўляліся працы Ані і Сашы Несцярэнка, якія выступалі ў ролі мастакоў на старонках кнігі.

Прыкладна праз месяц пасля выхаду “Чароўных назваў” выданне “Літаратурная Беларусь” надрукавала мае пераклады вершаў двух землякоў, выхадцаў з Бялынічаў, творчасцю якіх я захапляюся і вельмі паважаю – Ігара Шклярэўскага і Вечаслава Казакевіча. Атрымалася добрая падборка на газетную паласу.

Другая частка гэтай падборкі вышла ўжо ў апошні дзень перад самым Днём пісьменства – гэтым разам у “Літаратуры і Мастацтве” – таксама на паласу. Акрамя таго, там жа было надрукавана вялікае інтэрв’ю са мной і вельмі цікавая рэцэнзія на апошнюю кнігу “Чароўныя назвы”.

За ўвагу да маёй творчасці хачу падзякаваць творчыя калектывы абоіх выданняў. Вельмі прыемна працаваць з прафесіяналамі. І яшчэ вельмі рады, што я сваёй творчасцю не падзяляю, а наадварот аб’ядноўваю добрых, крэатыўных, таленавітых беларусаў: прыкладам таму – дзве часткі перакладаў, надрукаваных у выданнях, якія не па сваёй волі апынуліся па розных баках нейкіх незразумелых, вар’яцкіх “барыкадаў”.

 

А як жа калектыўны зборнік літаратараў бялыніччыны?

 –Пра яго падрыхтоўку я даведаўся з ліста ад выдавецтва “Мастацкая літаратура”, дзе ўтрымлівалася дамова са мной, як з аўтарам. Калі ўжо прыехаў на само  свята – 6 верасня – супрацоўнікі “Літаратуры і мастацтва” перадалі мне некалькі экзэмпляраў свайго апошняга нумара. Адтуль я і даведаўся, што кніга ўсё ж вышла.

Паспрабаваў зайсці ў прэс-цэнтр, каб павіншаваць з выхадам зборніка (назва “Васільковае поле Айчыны”) і падзякаваць за ўвагу да ўласнай творчасці. Але замест добрай сустрэчы сутыкнуўся з агрэсіўным непрыхаваным калгасным хамствам – відаць, гэта зараз ідэялагічная ўстаноўка такая – ад гопнікаў ва ўладзе.

З радасцю і палёгкай пазбавіўся ад непажаданых сустрэч і… набыў кнігу на вуліцы за свае грошы.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Які станоўчы момант, звязаны са Святам пісьменства, Вас уразіў больш за ўсё?

–Я думаю, сапраўдным культурным шокам для мяне стала публічная заява Наталлі Батраковай, дзе яна выказала сваю грамадзянскую пазіцыю і адмовілася ад удзелу ў Дне пісьменства, у той няпросты час, калі ўлады старанна робяць выгляд, што ў краіне нічога не адбываецца.

У той жа вечар я звязаўся па тэлефоне са сваёй зямлячкай і выказаў сваё захапленне яе ўчынкам, а таксама чыстасардэчна падзякаваў за смеласць у выбары ўласнай пазіцыі. Яна паспрабавала коратка распавесці пра нагоду для такой заявы, і я ўпэўніўся, што гавару з чалавекам цалкам шчыра. Гэта быў неверагодны момант супадзення нейкіх шчаслівых вібрацый!

 

 

 

 

 

 –Як Вы думаеце, чаму Вас, усё ж такі, не запрасіцлі да ўдзелу  ў афіцыйных мерапрыемствах свята?

Я, напэўна, адкажу не сваімі словамі. Выпадкова прачытаў інтэрв’ю з былым загадчыкам аддзела Упраўлення справамі Прэзідэнта Анатоліем Котавым (сышоў з пасады пасля 9 жніўня ў сувязі з нязгодай з палітыкай улады ў адносінах да пратэстоўцаў):

“Ёсць людзі, да якіх адношу сябе, хто хацеў бы бачыць дзяржаву адэкватнай… Іх меркаванне азначае [для ўлады], што яны нейкія недобранадзейныя, з няўстойлівай псіхікай альбо не разумеюць “усёй важнасці гістарычнага моманта” (вакол ворагі, мы на перадавой…)”

За апошні час я пачуў і прачытаў сотні такіх меркаванняў ад людзей уплывовых, таленавітых, адукаваных, якія менавіта зараз пазбаўляюцца ад комлекса непаўнацэннасці, які ім дзесяцігоддзямі навязвала таталітарная сістэма.

Такія адносіны навязваліся ды і зараз маюць месца ў дачыненні не толькі да мяне – як мы ўсе маглі ўпэўніцца па дзеяннях улады ў сувязі з апошнім мерапрыемствам рэспубліканскага маштабу ў маіх родных Бялынічах.

 

Творчая сустрэча з Вечаславам Казакевічам, ганаровым прафесарам універсітэтаў Осака і Таяма падчас аднаго з апошніх прыездаў сусветна вядомага літаратара ў Мінск. Юры Несцярэнка чытае пераклад на беларускую мову аднаго з вершаў знакамітага земляка

 Размаўляла Вікторыя Аляксеева