Яндекс.Метрика
Навіны Магілёва Палітыка і грамадства

Праблемы экалогіі і шляхі іх вырашэння абмеркавалі на Грамадскім Магістраце ў Магілёве

Магілёўскі Грамадскі Магістрат разам з абласным аддзелам ГА “Беларускае геаграфічнае таварыства” зладзілі круглы стол “Экалогія Магілёва : выклікі і рашэнні”. Сустрэча прайшла 18 красавіка ў памяшканні і пры актыўнай падтрымцы Магілёўскай абласной навукова-тэхнічнай бібліятэкі.

 Удзельнікі круглага стала абмеркавалі стан экалогіі ў горадзе і паспрабавалі вызначыць асноўныя праблемы і пошук магчымых шляхоў іх вырашэння, адшукаць механізмы узаемадзення і ўзаемадапамогі паміж экалагічнымі і іншымі арганізацыямі “трэцяга сектару”, грамадскасцю, органамі ўлады і СМІ.

За круглым сталом сабраліся прадстаўнікі Грамадскага Магістрату, Магілёўскага абласнога аддзела ГА “Беларускае геаграфічнае таварыства”, МАА “Экапартнерства”, “ЭНДО”, “Экапраект”, кіраўнікі экалагічных ініцыятыў ад ТБМ, клуба аматараў гісторыі і падарожжаў “Чароўны ўспамін”, ініцыятываў “За здаровы Магілёў”“Зялёная сетка”, “СПП”, Цэнтр грамадскіх ініцыятыў, “Падміколле” і “Пячэрск”, прадстаўнікі навучальных устаноў (МДАЛ №3, МДУ імя А. Куляшова, БРУ, МДУП, МДА ІРА), ГА БАЖ, а так сама прадстаўнікі АГП і БХД.

Сустрэча прайшла ў адным з памяшканняў магілёўскай абласной навукова-тэхнічнай бібліятэкі – філіяле РНТБ

 

Удзельнікам было прапанавана запоўніць анкеты з пытаннямі пра стан экалогіі ў горадзе, асноўныя праблемы і выклікі, і як і што можа зрабіць ініцыятыва, якую яны прадстаўляюць для паляпшэння сітуацыі.

Некаторыя ўдзельнікі сустрэчы распавялі пра свае арганізацыі і ініцыятывы, прэзентавалі праекты і справы. Так, самы юны з удзельнікаў, вучань 11-га класу ліцэя №3 Арцём Харкевіч  прэзентаваў грунтоўную працу “Стварэнне інтэрактыўнай карты дзіцячых пляцовак г. Магілёва”. Праз інтэрнэт сувязь да сустрэчы далучылася спецыяліст МАА “Экапартнерства” па энэргіі і клімату Наталля Андрэенка, якая падрабязна распавяла пра ўдзел Магілёва ў ініцыятыве «Пагадненне мэраў па клімату і энергіі». Актывіст-эколаг Леанід Платоненка ўзгадаў праблемы Падміколля і Пячэрска, а Андрэй Пахоменка з “ЭНДО” расказаў пра стан і маніторынг вады і паветра горада. Каардынатар кампаніі “За здаровы Магілёў” Андрэй  Бодзілеў агучыў праблемы па выкідах прадпрыемства “Омск-карбон”. Ён так сама звярнуў увагу на недапрацоўкі ў заканадаўстве па пытаннях экалагічнай бяспекі, пра нежаданне некаторых чыноўнікаў прызнаваць і заўважаць экалагічныя праблемы.  Віктар Кірэеў прадставіў грунтоўную прэзентацыю пра дзейнасць МГА “Экапраект” і іхныя шматлікія экалагічныя праекты. Віктар заўважыў, што ў Магілёве нехапае адмысловай інфаплатформы, дзе б грунтоўна ўздымаліся і асвятляліся праблемы і пытанні экалогіі, і на якой спецыялісты і эксперты маглі б рэгулярна агучваць і каментаваць усё самае актуальнае на гэту тэму. Акрамя таго, надзённай ёсць і праблема фінансавання  экалагічных праектаў і ініцыятыў на мясцовым узроўні.

Арцём Харкевіч прэзентуе “Стварэнне інтэрактыўнай карты дзіцячых пляцовак г. Магілёва”

 

Леанід Платоненка – актывіст, эколаг, краязнаўца.
Андрэй Пахоменка, ГА “ЭНДО”
Віктар Кірэеў, МГА “Экапраект”

 

Шмат розных заўваг і каментароў прагучала амаль ад ўсіх удзельнікаў, было агучана багата ідэяў і прапаноў па паляпшэнні сітуацыі з экалогія, па прыродаахоўным захадам. Удзельнікі дамовіліся разгледзіць прапановы аб стварэнні каардынацыйнага савета па экалагічных праблемах пры Грамадскім Магістраце, аб накіраванні прадстаўнікоў у рабочыя групы па распрацоўцы рэгіянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця. Адна з вялікіх праблемаў грамадства, у тым ліку і сярод экалагічных актывістаў і ініцыятыў – недахоп прававых ведаў, запозненая рэакцыя на ўзніклыя праблемы. Таму было вырашана падумаць пра стварэнне юрыдычна-прававой групы адмыслоўцаў, пра пашырэнне інфармацыйнай прасторы для шырокага абмеркавання праблем, азнакамлення  грамадскасці аб выніках працы каардынацыйнага савета, па правядзенню інтэрактыўнай (дыялогавай) дзейнасці.

Ну і галоўная думка і выснова сустрэчы – гэта неабходнасць аб’ядноўваца, пачынаць не толькі абмяркоўваць але і разам прымаць рашэнні, рэальна і актыўна працаваць. Вельмі важна і ўсімі сродкамі даводзіць да ўладаў разуменне таго, што не грошы і прыбытак самае галоўнае, у першую чаргу неабходна думаць пра будучыню, пра тое, якім мы захаваем горад і асяроддзе для нашых дзяцей, бо ніякія грошы не кампенсуюць страты здароўя і негатыўныя прыродныя змены. 

 

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара.

апошія запісы

Могилевская областная избирательная комиссия рассказала о достоверных подписях за претендентов в кандидаты

Дзяжурны адміністратар

Владимир Шанцев: Кто будет считать наши голоса на выборах 9 августа?

Дзяжурны адміністратар

В Кричеве кандидатов в президенты отправили агитировать на стадион «Сож»