Яндекс.Метрика
Навіны Бабруйска Навіны Крычава Навіны Магілёва У Беларусі

Праваабаронцы: Улады абмежавалі правы кандыдатаў на агітацыю

Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» заявілі пра рэзкае скарачэнне спісу месцаў для агітацыі падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

«Аналіз рашэнняў мясцовых выканкамаў аб месцах для перадвыбарчай агітацыі паказвае іх рэзкае скарачэнне ў параўнанні з мінулымі выбарчымі кампаніямі, што сур’езна абмяжоўвае не толькі правы патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты, але і правы выбарцаў атрымліваць інфармацыю аб кандыдатах у прэзідэнты», – адзначылі праваабаронцы.

Паводле іх, рашэнні аб месцах правядзення агітацыйных масавых мерапрыемстваў мясцовыя выканкамы прымалі насуперак рэкамендацыям ЦВК, якая рэкамендавала вызначаць любыя месцы, не забароненыя для гэтага.

«Палова назіральнікаў кампаніі адзначыла, што месцы, вызначаныя для правядзення агітацыйных масавых мерапрыемстваў альбо не прыдатныя для такіх мэтаў, альбо маланаведвальныя – некаторыя з іх знаходзяцца ў дрэннай транспартнай даступнасці, да іх цяжка дабірацца, асабліва выбарцам старэйшага ўзросту і людзям з інваліднасцю», – гаворыцца ў справаздачы.

Магілёўскія мясцовыя ўлады вырашылі на горад і раён вызначыць тры месцы для агітацыйных масавых мерапрыемстваў:

  • Спартыўная пляцоўка стадыёна аграгарадка Палыковічы;
  • Пляцоўка перад «Хакейным клубам Магілёва»;
  • Пляцоўка перад «Магілёўскім абласным цэнтрам алімпійскага рэзерва».

Такім чынам, на адно месца ў Магілёве прыходзіцца 157 тысяч выбаршчыкаў, паведамляе ПЦ «Вясна”.

У раёнах Магілёўскай вобласці назіраецца аналагічная сітуацыя. Так, у Крычаве для агітацыйных масавых мерапрыемстваў прадугледжаны толькі стадыён, а ў 2019 годзе можна было агітаваць у дварах, парках, стадыёнах, скверах, базарных плошчах, прыктычна дзе заўгодна, адзначае назіральнік кампаніі Сяргей Няроўны.

Колькасць месцаў для правядзення агітацыйных масавых мерапрыемстваў не змянілася на Магілёўшчыне ў параўнанні з выбарамі 2015 года толькі ў Бабруйскім раёне – засталося 6, у Ленінскім раёне г. Магілёва – 2 месцы.

Кампанію «Праваабаронцы за свабодныя выбары» ладзяць Беларускі Хельсінкскі камітэт і праваабарончы цэнтр «Вясна».

 

апошія запісы

“Міраж” пад назвай датэрміновае галасаванне

У Магілёве пачаўся хапун. Затрымалі журналістаў і актывіста

Супрацоўнікі міліцыі затрымалі журналіста “Магілёўскага рэгіёну”