«Прымальны кампраміс». Эксперты тлумачаць, якія наступства будзе мець зніжэнне стаўкі рэфінансавання

З 1 ліпеня ў Беларусі ў чарговы раз зніжаецца стаўка рэфінансавання – з 8 да 7,75 адсотка гадавых. Belsat.eu распытаў эканамістаў, чаму Нацбанк прыняў гэтае рашэнне і як яно паўплывае на жыццё беларусаў.

Учора, 22 чэрвеня, Нацыянальны банк Беларусі паведаміў пра чарговае зніжэнне стаўкі рэфінансавання з 1 ліпеня. Гэта ўжо не першае зніжэнне ў 2020 годзе і чарговы гістарычны мінімум для Беларусі. Раней, падчас нарады 19 чэрвеняАляксандр Лукашэнка загадаў старшыні Нацбанку Паўлу Калауру фарсіраваць зніжэнне ставак і стаць «галоўным памочнікам прэмʼер-міністра па выплаце заробкаў і працы прадпрыемстваў».

«Палітычны складнік прэвалюе»

Старэйшы эканаміст BEROC Зміцер Крук упэўнены, што палітычны складнік у рашэнні Нацбанку відавочна прысутнічае, бо раней быў публічны загад Лукашэнкі зніжаць стаўкі. Аднак Нацбанк пры гэтым пайшоў толькі на невялікае зніжэнне – ўсяго 0,25 %.

«Пры жаданні пэўнае эканамічнае абгрунтаванне знайсці гэтаму можна. Але палітычны складнік прэвалюе. На мой погляд, Нацбанк паспрабаваў знайсці прымальны кампраміс паміж палітычнымі і эканамічным меркаваннямі», – падкрэсліў ён у размове з belsat.eu.

Дырэктар Даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук лічыць, што падчас выбарчай кампаніі на ўсе эканамічныя рашэнні моцна будзе ўплываць палітыка.

«Мы бачылі публічны ціск Лукашэнкі на спадара Калаура. З усіх магчымых інструментаў кіраўнік Нацбанку выбірае найменш шкодныя. Але, безумоўна, эканамічных падставаў для гэтага няма», – адзначыў ён у каментары belsat.eu.

Старэйшы аналітык групы кампаніяў «Форэкс-клуб» Валерый Палхоўскі кажа, што зніжэнне стаўкі рэфінансавання – сусветны трэнд. «Пры гэтым наш рэгулятар зніжае стаўку даволі плаўна: цяпер мы зрабілі крок усяго на 0,25 %. Гэта адносна невялікая змена», – дадае ён.

Наступствы будуць амаль не адчувальнымі

Валерый Палхоўскі лічыць, што цяперашняе зніжэнне стаўкі рэфінансавання на большасці беларусаў не адаб’ецца.

«Я не думаю, што гэта прывядзе да істотнай змены кошту спажывецкіх крэдытаў, не думаю, што гэта прывядзе да істотнай змены ставак па дэпазітах. Я думаю, што звычайны шараговы грамадзянін асабліва нічога не адчуе», – лічыць эксперт.

Паводле аналітыка, галоўнае пытанне ў тым, ці абмяжуецца Нацбанк гэтым узроўнем стаўкі рэфінансавання або нас чакае новае зніжэнне. «Я думаю, што рэгулятар і сам гэтага не разумее: для далейшых рашэнняў ім патрэбна зразумець, як будзе рэагаваць эканоміка, якой будзе інфляцыя і г.д.», – дадаў ён.

«У прынцыпе, стаўка рэфінансавання мусіць уплываць на стаўкі па крэдытах і дэпазітах. Але ці адбудзецца гэта цяпер? Па-першае, само зніжэнне вельмі маленькае. Па-другое, важнае значэнне маюць паводзіны банкаў. Таму зусім не факт, што адразу адбудзецца зніжэнне ставак па крэдытах і дэпазітах», – кажа Зміцер Крук.

На думку эксперта, галоўная рызыка гэтага рашэння – пагаршэнне сітуацыі з дэпазітамі.

«Апошнія некалькі месяцаў сітуацыя з дэпазітамі і так негатыўная для банкаў: то бок людзі здымаюць дэпазіты або пераводзяць іх у долары. Для структуры банкаўскіх рэсурсаў гэта кепская тэндэнцыя. У сувязі з чаканнямі зніжэння даходнасці па дэпазітах гэтая тэндэнцыя можа ўзмацніцца. У перспектыве гэта створыць дадатковую нагрузку для банкаўскай сістэмы», – тлумачыць Крук.

Паводле Раманчука, па ідэі зніжэнне стаўкі мусіць аблегчыць доступ да абаротнага капіталу. Але для бізнесу, які ва ўмовах пандэміі страціў да 90 % выручкі, гэта будзе не істотна.

«Таму гэта ніяк не адабʼецца на жыцці звычайных людзей, якія звязаныя з прыватным сектарам – ён сёння перажывае сапраўдны крызіс. Для бізнесу патрэбныя зусім іншыя меры падтрымкі», – падкрэслівае ён.

«Усё залежыць ад сцэнара, у якім мы апынемся»

Зміцер Крук кажа, што ўплыў рашэння Нацбанку на інфляцыю пакуль прадказаць складана – шмат што будзе залежыць ад вонкавай кан’юктуры.

«Нацбанк разлічвае на тое, што інфляцыя будзе запавольвацца, таму можна зніжаць стаўку рэфінансавання і не турбавацца пра інфляцыйныя наступствы. Аднак калі адбудзецца другая хваля пандэміі або рэзкае зніжэнне расейскага рубля, то гэта можа прывесці да новага інфляцыйнага ўсплеску. На гэтым фоне нізкая стаўка рэфінансавання можа мець больш істотныя інфляцыйныя наступства. Усё залежыць ад сцэнара, у якім мы апынемся», – тлумачыць ён.

Раманчук дадае, што тэарэтычна ўсе захады па змякчэнню грашова-крэдытнай палітыкі патэнцыйна могуць паскорыць інфляцыю. Але ва ўмовах ручнога кіравання цэнамі на дадзеным этапе гэтыя наступства наўрад ці будуць адчувальнымі.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

ІІ belsat.eu

Яндекс.Метрика