Яндекс.Метрика Радаўніца – старадаўняя традыцыя і сімвал унікалькнасці Беларусі - Магілёўскі Рэгіён

Радаўніца – старадаўняя традыцыя і сімвал унікалькнасці Беларусі

Радаўніца (іншыя назвы: Ра́даніца, Ра́дуніца, Радаўні́цкія Дзяды́, На́ві Дзень, «Вялікдзень мёртвых») — дзень памінання памерлых, які прыпадае на 10-ты дзень па Вялікадню. Ужо досыць даўно гэты дзень стаўся афіцыйным выхадным, ажно з 1992 года.

Памянуць сваіх продкаў, якія адыйшлі ў лепшы свет, на Радаўніцу збіраюцца ледзь не чвэрць беларусаў. Афіцыйна дзень памінання памерлых продкаў уключаны ў каляндар дзяржаўных святаў і заўсёды прыпадае на аўторак, таму гэта выхадны. Як правіла, працоўны ці вучэбны панядзелак таксама пераносіцца – так што выхадных атрымліваецца адразу тры ці нават чатыры. Цікава, што ў суседніх Расіі з Украінай такога дня няма і так шырока традыцыя памінання памерлых у гэтых краінах не прысутнічае.

Па розных падлікаў штогод на могілках збіраецца не менш за паўтара мільёна нашых суайчыннікаў. Прычым Радаўніца збольшага захавалася ў праваслаўных хрысціян і асабліва добра прадстаўлена ва Усходняй Беларусі. Важна адзначыць, што на Магілёўшчыне практычна ў кожным раёне гэта традыцыя жывая, а памянуць продкаў на могілках збіраецца штогод сотні тысяч людзей.

Радаўніца мае паганскія карані, традыцыя яе святкавання захавалася і пасля хрысціянізацыі нашых земляў. На сённяшні дзень няма агульнага тлумачэння адкуль узялася слова Радаўніца. Найменне традыцыі памінання памерлых можа тлумачыцца ад слоў “радавацца”, “радзіць” ці нават “род” і да кожнага можна падабраць сваё абгрунтаванне. Напрыклад, Радаўніца можна патлумачыць ад таго, што людзі з надыходам вясны і абуджэннем прыроды ідуць да продкаў радзіцца, то бок атрымоўваць параду. Ёсць меркаванні, што Радаўніца можа тлумачыцца і ад балцкага “raudoti(“галасіць”). У абарону гэтай версіі варта адзначыць, што на Беларусі да сённяшняга дня існуюць унікальныя традыцыі галашэнняў, г.зн. плача па памерламу, які можа быць выключна імправізацыйным і досыць імацыйным.

Зараз праваслаўная царква скіроўвае вернікаў на тое, што Радаўніца – светлы дзень памінання памерлых, падчас якога варта памаліцца за іх у храме і наведаць магілы родных. Тым не менш вера людзей у тое, што памерлыя родзічы дапамагаюць жывым, калі іх задобрыць і незабываць, захавалася (і замацавалася) ў ментальнасці цэлых пакаленняў беларусаў дастаткова моцна. У першую чаргу Радаўніца – гэта свята ўз’яднання жывых і памерлых. Да таго ж, на яго звычайна збіраецца ўся сям’я. Так што гэта яшчэ і добрая нагода сустрэцца са сваімі сваякамі з другіх гарадоў і вёсак.

Звычайна да Радаўніцы рыхтуюцца загадзя, прыбіраючы і ўпарадкоўваючы магілы сваіх блізкіх і далёкіх сваякоў. Загадзя ці на дзень памінання на могілкі прыносяць кветкі (вельмі часта штучныя), што з’яўляецца выключна сучасная традыцыяй. Раней у дзень Радаўніцы або незадоўга да яе змянялі хвартушкі ці стужкі на крыжах. Прычым калі гэта мужчынскае пахаванне, то вешалі ручнічок, калі жаночае – хвартушок або нават стужачку. У некаторых рэгіёнах Беларусі на агароджах навязваюць стужкі або вешаюць цюлевыя імітаваныя хвартушкі для нябожчыка незалежна ад полу.

Пачынаецца дзень памінання памерлых тым, што спачатку людзі ідуць памінаць блізкіх у царкву, а потым на могілкі. Там пачынаюць памінальную трапезу, якая лічыцца дастаткова важнай часткай традыцыяй. На усходзе Беларусі, а таксама ў яе цэнтральных раёнах прынята ладзіць цэлыя застоллі ля магіл родзічаў. Прычым менавіта ўсход краіны вылучаецца традыцыяй засцілаць на Радаўніцу могілкі абрусамі (часта менавіта белага колеру), што напаўняе памінанне продкаў міфалагічным падтэкстам. На гэты абрус выкладаюць ежу, на магілку капаюць крыху гарэлкі, калі памерлы сваяк выпіваў у жыцці. Часта на магілку кладуць яшчэ печыва, цукеркі ў цоткай колькасці (два, чатыры і г.д.). Такім чынам, магіла выступае як стол, які яднае вакол сябе сям’ю, у жывой і мёртвай яе частках. Сумеснае сталаванне жывых і памерлых — водгулле паганскай трызны. І кропля гарэлкі і кавалак пірага — гэта матэрыяльнае ўвасабленне вельмі даўняй ідэі патрэбы духоўнага кантакту. Ежа — гэта матэрыяльны знак яднання.

Вельмі часта менавіта падачас Радаўніцы на могілкі з’язджаюцца родзічы, што раскіданыя па свеце. Іншых такіх дзён, святаў, каб збіраліся ўсе разам, няма. Таму Радаўніца на могілках, калі збіраюцца ўсе – блізкія і далёкія ды жывыя і мёртвыя, застанецца невыкараняльнай, на шчасце, яшчэ вельмі доўга. Некаторыя людзі, ніяк не звязаныя з сваімі продкамі далей за бабулю ці дзядулю, бачаць у Радаўніцы толькі звычай “паесці на могілках”. Але гэта выключна ад неадукаванасці і ад вузкасці разумовага далягляду. Людзі, як і сто, а можа і тысячы гадоў таму, у гэты дзень едуць за сотні ці нават тысячы кіламетраў, каб у гэты дзень быць адным цэлым з усімі пакаленнямі сваіх продкаў, якраз праз сумесную трапезу. І не проста выпіць і закусіць, але і пачаставаць усіх сваіх дзядоў і бабуль, узгадаць іх добрым словам, папрасіць, прабачыць, калі што не так.

Натуральна, што памінанне памерлых у велікодным комплексе вядомае ва ўсіх суседзяў. Але ў такім багацці, у такой разнастайнасці мясцовых увасабленняў, у тым, што захоўваюцца архаічныя карані, беларусы вылучаюцца сярод іншых. Наогул, Радаўніца – гэта адно з увасабленняў культу продкаў, актыўнага і актуальнага да нашых дзён.

Разбуральны ўплыў на традыцыю аказвае праваслаўная царква, бо менавіта царкоўнікі забараняюць сталавацца на магілках, пакідаць вялікоднае яйка «для спачылых» і наогул адзначаць гэты дзень любой нецаркоўнай традыцыяй. Гэта ж не праваслаўнае, як некаторыя кажуць… Тым не менш ёсць вялікі спадзеў, што Радаўніца як архаічная і ўнікальная традыцыя перажыве разам з краінай хвалі каранавіруса, а павага да продкаў будзе яшчэ стагоддзямі прысутнічаць у ментальнасці беларусаў.

Алесь Крыжэвіч