Яндекс.Метрика
Навіны Магілёва Экалогія

Развіццё зялёных зон – агульны і партнёрскі клопат уладаў і грамадскасці

Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Экапраект” зладзіла ў Магілёве семінар-трэнінг “Водна-зялёная інфраструктура ў горадзе: Перавагі для ўстойлівага развіцця горада, планаванне, удзел зацікаўленых бакоў”. 

Эксперты з Германіі і Беларусі прадставілі досвед стварэння, падтрымання і фінансавання зялёных прастораў як часткі сістэмы планавання горада для ўтульнасці пражывання і яго эфектыўнага эканамічнага развіцця.

На сустрэчы разглядаліся не толькі праблемы зялёных сетак гарадоў – якімі павінны быць зялёныя прасторы, ці можна ўшчыльніць тэрыторыю забудовай, але пры гэтым зрабіць яе больш зялёнай і прывабнай. Шмат увагі было ўдзелена пытанням – ці толькі гарадскія ўлады адказныя за развіццё зялёных зон і якую ролю, як у планаваніі, так і ва ўдзеле ў азеляненні горада, могуць прымаць грамадскія аб’яднанні і актывісты, простыя гараджане.

Пра новую ініцыятыву, звязаную як з зялёнай, так і камунальнай інфраструктурай горада, распавяла старшыня Цэнтральнай Рады Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Экапраект” Марыя Фалалеева:

“Горад – складаная сісітэма, у якой жыве шмат людзей, і лагічна, калі ўсе яны – ад адміністрацыі і бізнесу да прростых жыхароў, будуць прымаць удзел у вызначэнні лёсу горада. Вельмі важна, што любая група – сацыяльная, узроставая, валодае тымі ці іншымі ведамі, што ў гарадскую сістэму ўкласці, што пра яе развіццё сказаць, таму кіраванне мусіць быць агульным, камунікатыўным, партнёрскім. У нашым праекце “КОМГОР” мы паспрабавалі адыйсці ад панятку “удзел грамадскасці” – бо атрымліваецца, што ёсць нехта “галоўны”, а нехта толькі “удзельнік”, і назваць гэта “партнёрскім кіраваннем””. 

Марыя Фалалеева – старшыня Цэнтральнай Рады МГА “Экапраект”
​Гарадскія ўлады прадстаўлялі  Веракса Аляксандр Віктаравіч – намеснік старшыні гарвыканкама па пытаннях ЖКГ (злева), і  Данькоў Ігар Віктаравіч – прадстаўнік адміністрацыі горада
Семінар прайшоў 31 студзеня ў канферэнц-залі гасцініцы “Магілёў”
Праблемы зялёнага развіцця горада, яго прывабнасці і ўтульнасці зараз як ніколі актуальныя і нікога не пакідаюць абыякавымі

Праект «Камунальнае кіраванне ў гарадах (КОМГОР) – камунікацыя і кіраванне для ўключэння грамадскасці ў кіраванне гарадскім гаспадаркай у Беларусі», рэалізуецца пры падтрымцы Еўрапейскага Саюза ў трох гарадах Беларусі – Магілёў, Чавусы, Баранавічы. Мэта праекта – на прыкладзе трох беларускіх гарадоў паказаць, як можна палепшыць сістэму кіравання гарадскім гаспадаркай, спрыяць ўкараненні прынцыпаў зялёнага горадабудаўніцтва і планавання і павысіць якасць жыцця гараджан за кошт эфектыўнага супрацоўніцтва мясцовых органаў улады і насельніцтва – партнёрскага кіравання. Каардынатар праекта – адміністрацыя г. Елгава (Латвія). Экспертную падтрымку аказвае ініцыятыва IWO (Германія). Каардынацыю ў Беларусі і экспертную падтрымку забяспечвае МГА «Экапраект».

Паліна Вардэванян – эксперт праекту “Зялёныя гарады” ПРААН/ГЭФ, распавяла пра водна-зялёную інфраструктуру ў горадзе, як аснову яго паспяховага развіцця. Яна прывяла некалькі прыкладаў сучасных практык распрацоўкі, выкарыстання і падтрымання падобных інфраструктур у іншых гарадах, у першую чаргу еўрапейскіх, акрэсліла перспектывы развіцця зялёнай інфраструктуры ў Беларусі. У другім сваім дакладзе эксперт расказала пра вынікі грамадскай экалагічнай экспертызы новага Генплану Магілёва і больш падрабязна закранула тэму магчымасцяў і выклікаў развіцця водна-зялёных каркасаў на прыкладзе Магілёва.

Паліна Вардэванян – эксперт праекту “Зялёныя гарады”
Сучасныя экалагічныя метады праектавання жылых раёнаў дазваляюць, амаль пры той жа шчыльнасці, значна паляпшаць камфорт і прывабнасць для жыцця, што ў перспектыве падвышае кошт нерухомасці 

Досведам па стварэнні грамадскіх прастораў і зялёных зон у гарадах Германіі падзяліліся замежныя партнёры праекту “КОМГОР” – архітэктар, эксперт па развіцці грамадскіх прастораў Сюзана Шнорбуш і кіраўнік праектаў ініцыятывы “Жыллёвая гаспадарка ва Усходняй Еўропе” Берхард Шварц. Яны распавялі і пра структуру і дзейнасць жыллёва-камунальных арганізацый у гарадах усходняй Германіі, дзе насельніцтва яшчэ памятае былую сацыяльна-дзяржаўную сістэму кіравання гаспадаркай.

Сюзана Шнорбуш і Берхард Шварц – эксперты з Германіі маюць неацэнны досвед як у распарацоцы розных урбаністычных праектаў, у тым ліку “зялёных”, так і па рэалізацыі іх пры самым актыўным удзеле актывістаў і  грамадскасці
Ганна Скрыган – старшыня магілёўскага аддзялення МГА “Экапраект”, кандыдат геаграфічных навук

Леанід Платоненка – грамадскі актвіст, краязнаўца і эколаг,  удзельнік гарадскіх ініцыятыў  “Падміколле” – Гарадская ініцыятыва” і “Захаваем Пячэрскі лесапарк”, сябра МГА “Экапраект”

Пасля “тэарэтычнай часткі” удзельнікі і эксперты наведалі парк “Падміколле”, дзе ў гэтым годзе плануецца рэалізаваць сумесную ініцыятыву МГА “Экапраект” і горада Магілёва па развіцці часткі парку ў межах праекта “КОМГОР”. Ідэя і месца для ініцыятывы было абрана сумесна з гарадской адміністрацыяй на першым этапе праекта “КОМГОР”, а рэалізаваць яго запланавана да канца года.

​Экскурсія па Падміколлі пачалася з агульнага агляду краявідаў і новага парку, пра планы ўпарадкавання якога распавёў галоўны архітэктар горада Уладзімір Ільіч  Скачак 
Пад час разгляду планаў новага парка і прапанаванага праекта “КОМГОР” – агульная тэрыторыя, выдзеленая пад яго, складае каля 20 гектараў
​Удзельнікі экскурсіі па Падміколлі абмеркавалі нават такі “экзатычны” аб’ект, як “бутылачны домік” , замежныя госці адзначылі, што такія крэатыўныя і незвычайныя аб’екты вельмі прывабліваюць турыстаў, дадаюць каларыт і разнастайнасць у гарадскі ландшафт, і па-магчымасці пры добраўпарадкаванні тэрытрыі іх варта было б захоўваць, толькі прывесці ў больш дагледжаны выгляд
Тэрыторыя, выдзеленая пад праект “КОМГОР” пачынаецца адразу за зонай, якую зараз актыўна парадчаць – пракладаюць дарожкі, усталёўваюць лаўкі і альтанкі, на новай тэрыторыі прапануецца адмовіцца ад усяго падобнага, пакінуць толькі дрэвы, кустоўе і траву
Замежным гасцям паказалі і галоўную адметнасць Падміколля, можа нават і ўсяго Магілёва – Свята-Мікольскі манастыр. Па-сутнасці, як раз ён павінен быць ядром парка, і ўсё планаванне тэрыторыі вакол гэткага аб’екта ў любой краіне звычайна прывязваецца да яго, яле гэта не працуе ў нас, новы парк робіцца “кавалкамі”, без агульнай канцэпцыі

Планы па развіцці праекта абмяркоўваліся з грамадскасцю на наступны дзень

Сустрэча прайшла ў памяшканні прадпрыемства УКП, дыскусія атрымалася гарачай, але не вельмі плённай. Адміністрацыя горада прадставіла бачанне новай паркавай зоны як “ціхі парк”, і нават улічыла пры яго планаванні адзін з варыянтаў гістарычнай жылой планіроўкі тэрыторыі. Але з боку грамадскасці прагучала шмат заўваг, і перш за ўсё – на адсутнасць выразнай канцэпцыі ўсёй зялёнай зоны ў Падміколлі. Ды і сам праект “ціхага парку” падаўся прысутным вельмі не канкрэтным, хоць сама ідэя сустрэчы як раз і палягала ў абмеркаванні і ўдасканаленні варыянтаў ўпарадкавання гэтай тэрыторыі.

Адзначым, што актывісты з ініцыятывы “Падміколле” – Гарадская ініцыятыва”, якія прыйшлі на сустрэчу, ужо на працягу амаль года распрацоўваюць розныя праекты і прапановы па напаўненні тэрыторыі парку. У ініцыятыву ўваходзяць шмат адмыслоўцаў – гэта гісторыкі і ландшафтныя дызайнеры, эколагі і нават вэб-дызайнер. Яны распрацавалі праект парка гістарычных мініяцюр на тэрыторыі, прылеглай да Свята-Мікольскага манастыра, прасоўваюць ідэю народнага Батанічнага саду з адпаведнай ахоўнай тэрыторыяй.

Актавая зала УКП мала прыстасаваная да прэзентацый, таму ўсе планы давялося разглядаць “на каленках”, а падрыхтаваныя электронныя прэзентацыі ад групы “Падміколле” так і засталіся без увагі
План тэрыторыі пад праект “КОМГОР” (пазначана жоўтым колерам) і сутнасць яго ідэі прэзентавалі распрацоўшчыкі з УКП, пакуль ён яшчэ можа карэктавацца і дапаўняцца новымі ідэямі і прапановамі
Юрый Кірэйкоў – прадстаўнік ініцыятывы “Падміколле” – Гарадская ініцыятыва” 

Пад час абмяркавання прагучалі прапановы па стварэнні парку бэзу, пракладцы алеяў у гонар знакамітых магілёўцаў і на месцы былога гарадскога абарончага вала, і гэта было абяцана прыняць пад увагу пры далейшай распрацоўцы праекта. Але асноўны пасыл да праектантаў – улічваць надзвычай важную і ўнікальную гісторыка-культурную і прыродную асаблівасць тэрыторыі, усё рабіць не “наскокамі” і “кавалкамі”, а грунтоўна распрацаваць праект засваення не толькі гэтай, але і ўсей тэрыторыi Падмiколля з улікам пажаданняў усіх зацікаўленых бакоў.

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара

апошія запісы

Пад выбары можна абяцаць усё. А вынік?

Дзяжурны адміністратар

Могилевчанин забрал чужую карточку и снял с неё деньги

Дзяжурны адміністратар

Второй раз за год. Фатинскому заливу в Могилёве снова не повезло (ФОТО)