Рыгор Кастусёў: А што будзе, калі выйдзе са строю сістэма каналізацыйнай гаспадаркі?

Нарэшце, пасля доўгіх пакутаў з забяспячэннем пітной вадой, для жыхароў Фрунзенскага і Маскоўскага раёнаў г.Мінска 27 чэрвеня 2020 г. зняты забароны на карыстанне вадой з вадаправода.

На працягу чатырох дзён, ні чыноўнікі Мінскага гарадскога камітэта, ні спецыялісты “Вадаканала” і Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі так і не далі ўцямнага прафесійнага адказу – што ж адбылося з вадой на самай справе ?

Выказаныя імі здагадкі, што праблемы з якасцю вады маглі ўзнікнуць 24 чэрвеня з-за анамальнай спёкі і праводзімых напярэдадні рамонтных работ на вадаводзе №3, выглядаюць як лепет дзіцяці ў апраўданне за незнарок зламаную цацку перад бацькамі.

Складваецца ўражанне, што чыноўнікі не слухаюць прагноз надвор’я, раз не прынялі, у такім выпадку, папяраджальных захадаў для забяспячэння нарматыўнай якасці вады. Або можа ў мінулыя гады ў нашай краіне раней не назіралася такая спякота?

Давайце прааналізуем з прафесійнага пункта гледжання, што і чаму на самай справе адбылося ў Мінску з якасцю вады, і ці можа гэта, або штосьці падобнае яшчэ паўтарыцца ў бліжэйшы час і ў іншых гарадах краіны?

Так склалася, што напрыканцы зімы, пачатку вясны 2020 года мне ўдалося сустрэцца з шэрагам спецыялістаў жыллёва-камунальтнай гаспадаркі розных гарадоў, з якімі я адначасова працаваў у сферы ЖКГ у 90-х, пачатку 2000-х гадоў. Гэта былі высокакласныя прафесіяналы, ды, я ўпэўнены, яны застаюцца такімі і зараз, нягледзечы на іх прадпенсійны або пенсійны ўзрост.

І калі пры сустрэчы размова заходзіла аб іх працы ў ЖКГ, то ўсе яны, як у адзін голас, з вялікай трывогай выказваліся аб негатыўных працэсах у гэтай сферы, звязаных у першую чаргу з нездавальняючым падборам кіруючых кадраў і спецыялістаў, асабліва ў гарадскіх, раённых аддзелах, абласных упраўленнях, Міністэрстве ЖКГ, з засіллем чыноўнікаў прызначаных на пасады па прынцыпу свой-чужы.

У час размовы мае былыя калегі вельмі негатыўна ваказваліся аб эксперыментах тагачаснага міністра ЖКГ Церахава з гарадскімі і абласнымі Вадаканаламі, асабліва ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях. Ужо тады яны падкрэслівалі, што дабром гэта не скончыцца.

Але давайце вернемся да праблемаў г.Мінска.

Згодна дзяржаўнай праграмы “Чыстая вада” на 2011-2015 гады, у 2013 годзе Мінск павінен быў цалкам перайсці на падземныя крыніцы вадазабяспячэння.

Як запэўніваў яшчэ ў чэрвені 2012 года міністр ЖКГ Андрэй Шорац, праз год, дзякуючы будаўніцтву вадазабора “Вязынка”, будзе вырашана праблема забяспячэння падземнай вадой жыхароў Фрунзенскага, Маскоўскага, часткова Кастрычніцкага раёнаў сталіцы.

За гэты час пасля міністэрства Шорац пабываў і на пасадзе старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, у Міністэрстве ЖКГ змянілася яшчэ некалькі міністраў, а жыхарам гэтых раёнаў Мінска так да гэтай пары ўсе пастаўляецца вада з вадасховішча Крылова Вілейска-Мінскай воднай сістэмы.

Будаўніцтва аб’ектаў вадазабора, набыццё абсталявання было замарожана пасля таго як у 2012 годзе працэсамі фінансавання і выкарыстання дзяржаўных сродкаў зацікавіліся Камітэт дзяржкантролю і Генеральная пракуратура. Але далей цікаўнасці справа ў Генеральнай пракуратуры і КДК не пайшла. Усё закончылася толькі канстатацыяй фактаў.

У той час, нават, старшыня КДК А.Якабсон на пасяджэнні калегіі КДК быў вымушаны прызнаць, што па 25 правераных са 182 дзеючых на той час ў сталіцы арганізацый ЖКГ неабгрунтаваныя страты за 2010-2011 гады склалі 48 млрд. руб. (не дэмінаваных).А агульны памер страт толькі дзяржсродкаў, згодна яго разлікаў, за гэты час па горадзе склаў 120 млрд. руб.

Сёння на двары 2020 год, а адказу аб лёсе фінансавых сродкаў выдзеленых на будаўніцтва вадазабора “Вязынка” згодна Дзяржаўнай праграмы “Чыстая вада” на 2011-2015 г.г. да гэтай пары няма.

У той жа час на утрыманне, рамонт, прафілактыку дзеючай сістэмы вадазабяспячэння, з улікам планаў па будаўніцтву вадазабора “Вязынка”, выдзяляецца не дастатковае фінансаванне, што вядзе да павышэння амартызацыйнай зношанасці абсталявання і магчымых аварыйных сітуацый.

Не лепшым чынам складваецца сітуацыя з вадазабяспячэннем і ў іншых рэгіёнах краіны. Асаблівую трывогу выклікае сітуацыя ў Магілёўскай і Віцебскай абласцях, дзе па ініцыятыве былога міністра ЖКГ Церахава была праведзена рэарганізацыя вадаправодна-каналізацыйных гаспадарак рэгіёнаў праз іх узбуйненне да аднаго прадпрыемства на вобласць, што ўжо негатыўна адбіваецца на кіруемасці падраздзяленнямі на месцах і, як вынік – на якасці паслугаў.

Аб праблемах у сферы ЖКГ быў вымушаны казаць і А.Лукашэнка ў час нарады па пытаннях развіцця ЖКГ краіны 12 чэрвеня 2020 года ў Полацку. Аб гэтым ішла гаворка на самым высокім узроўні і год, і два гады таму. Аб тым жа самым вялася размова і на пасяджэнні рэспубліканскага семінара на тэму ЖКГ у кастрычніку 2017 года ў прысутнасці кіраўніка краіны. Размовы вядуцца, але сітуацыя да лепшага не змяняецца.

Да гэтай пары ў многіх рэгіёнах краіны адсутнічаюць ачыстныя збудаванні, а нечыстоты збіраюцца на палях фільтрацыі.

Забяспечанасць станцыямі абязжалезвання па краіне складае каля 40%, найбольш востра праблема высокага ўтрымання жалеза ў пітной вадзе адчуваецца ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях.

З кожным годам усё вастрэй адчуваецца праблема зношанасці вадаправодных сетак, асабліва ў Віцебскай вобласці, што прыводзіць да узрастання звышнарматыўных страт вады.

У рэгіёнах краіны склалася практыка, дзе кіраўнікі гарадоў і раёнаў на месцах праз прадпрыемствы ЖКГ хаваюць сваю безгаспадарчасць, перакладаючы на іх страты іншых прадпрыемстваў, перадаючы на баланс прадпрыемстваў ЖКГ непрофільныя аб’екты, не маючыя ніякага дачынення да жыллёва-камунальнай сферы.

Лідэрам сярод рэгіёнаў краіны па перадачы на баланс прадпрыемстваў ЖКГ непрофільных аб’ектаў ужо шмат гадоў з’яўляецца Магілёўшчына. Дзе амаль у кожнай раённай ЖКГ ёсць такія аб’екты: гісторыка-культурніцкага прызначэння, турыстычна-эксплуатацыйнага, грамадскага харчавання і гандлю, рыбагаспадарчага прызначэння, ліквідаваныя прамысловыя прадпрыемствы, былыя вайсковыя гарадкі і т.д.

У 2013 годзе па распараджэнні Магілёўскіх абласных уладаў Бабруйскім і Магілёўскім гарадскімі Вадаканаламі былі набыты прагулачныя цеплаходы. З якімі мэтамі прымалася дадзенае распараджэнне, калі ў ў Магілёве, і ў Бабруйску існавалі гарадскія упраўленні па спорту і турызму, рачныя парты, дзе меліся падобныя цеплаходы, да гэтай пары не зразумела.

Усе гады эксплуатацыя цеплаходаў прыносіла прадпрыемствам толькі страты, якія перакладаліся на сабекошт паслугаў і аўтаматычна праз жыроўкі, як і эксплуатацыя іншых непрофільных аб’ектаў, на плечы спажыўцоў – жыхароў Магілёва і Бабруйска.

Для Магілёўскага Вадаканала набыццё прагулачнага цеплахода абышлося ў 420 тыс. дол. ЗША.

Узнікае пытанне, на якое, пакуль, складана атрымаць адказ. Чаму, менавіта, кошт цеплахода склаў 420 тыс. дол.? Бо ў 2013 годзе цеплаходы падобнага класа, з невялікімі тэрмінамі эксплуатацыі выстаўляліся на продаж у Беларусі па кошце каля 150 тыс. дол. ЗША.

Негатыўныя працэсы, што адбываюцца ў сферы ЖКГ краіны, і прыводзяць да пагаршэння якасці жыллёва-камунальных паслугаў для насельніцтва, да тэхналагічных аварыйных сітуацый на аб’ектах.

Хацелась бы памыліцца, але, тое, што адбылося з якасцю вадаправоднай вады ў Мінску – гэта толькі першыя званочкі, якія сведчаць аб агульным стане ўсёй сферы ЖКГ краіны.

І самае кепскае ў гэтай сітуацыі гэта тое, што людзі кіруючыя сферай ЖКГ на ўсіх узроўнях не здольныя да пераменаў, якія патрабуюць тэрміновага правядзення рэформаў гэтай галіны. Пры гэтым яны не праяўляюць ні цікаўнасці, ні жадання да прапановаў іншых людзей, да досведа камунальных службаў іншых краін, як зрабіць гэтыя перамены.

У выніку, з-за некампетэнтнасці вось такіх гора-чыноўнікаў, вымушаны пакутваць простыя грамадзяне.

А прапановы аб пераменах ёсць.

http://zabelarus.com/

Рыгор Кастусёў

 

Яндекс.Метрика