Яндекс.Метрика Рыгор Кастусёў: Пагроза для незалежнасці Беларусі цяпер як ніколі вялікая - Магілёўскі Рэгіён

Рыгор Кастусёў: Пагроза для незалежнасці Беларусі цяпер як ніколі вялікая

Кіраўніцтва Беларусі ўсяляк імкнецца здабыць у Расіі матэрыяльную падтрымку дзеля ўтрымання цяперашняга рэжыму, які не мае даверу народа і трымаецца толькі на сіле прымусу і расійскіх датацыях. Аднак, у абмен на падтрымку, Крэмль патрабуе ад Мінску незваротных крокаў у падпарадкаванні Беларусі знешняму кантролю.

Лукашэнку патрэбныя крэдыты, паколькі старая расійская падтрымка ўжо праедзеная. Становішча ў эканоміцы надзвычай дрэннае, таму тэрмінова патрэбныя грошы. Па іх Лукашэнка і паехаў 19 лютага 2021 года ў Сочы, бо цяпер, апроч як  Расія, крэдытаў яму ніхто больш не дасць. Эўрапейскія крэдытныя лініі зачыненыя з-за ўнутранай палітыкі рэпрэсіяў. Выкалачваць грошы з мясцовага бізнэсу і насельніцтва да бясконцасці немагчыма. А з Пуціным можна дамовіцца на новую падтрымку, як, прынамсі, і на растэрміноўку ранейшых крэдытаў.

Плануецца, што перамовы адбудуцца 22-га лютага, дзе кіраўнікі дзвюх краінаў абмяркуюць шырокі комплекс пытанняў далейшага развіцця беларуска-расійскіх адносінаў, сумеснае рэагаванне на ўзнікшыя выклікі, у тым ліку ў сферы вайсковай бяспекі.

Узнікае пытанне – які будзе кошт такой дамовы для беларускага народа і беларускай дзяржавы?

Адрозненне цяперашняй сітуацыі ў тым, што Расіі ўжо мала завярэнняў ў братэрстве і саюзніцкіх стасунках.  Крамлю патрэбныя рэальныя саступкі, у тым ліку рэальныя кавалкі беларускага сувэрэнітэту. Іх мэта –  кантраляваць не толькі  цяперашнюю Беларусь (што ажыццяўляецца надзейна, менавіта, праз прарасійскую палітыку Лукашэнкі), але і важней – кантраляваць будучыню нашай краіны.

Расія пасля Крыму адчувае патрэбу ў новых тэрытарыяльных захопах . І Беларусь, відавочна, адзін з патэнцыйных напрамкаў захопніцкай экспансіі.

Але, разам з гэтым, у Крамлі разумеюць, што любыя подпісы Лукашэнкі пад дакументамі і ягоныя абяцанні нічога не вартыя. Яны не легітымныя ў вачах беларускага народу.  І здача суверэнітэту Лукашэнкам ніколі не будзе прызнаная  законным крокам. Таму крамлёўскае кіраўніцтва імкнецца да таго, каб Лукашэнка не проста здаваў кавалкі беларускай незалежнасці, а рабіў гэта такім чынам, каб была забяспечана бачнасць “дэмакратычнасці” і “законнасці” гэтых ягоных крокаў, што б дазволіла забяспечыць кантроль над краінай і пасля сыходу Лукашэнкі.

Як адзін з варыянтаў здзяйснення такіх планаў Крамля –  змены ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь праз рэфэрэндум. Пра гэта сведчаць словы міністра замежных справаў і некаторых “прыкарытных” палітолагаў,  што замацаванае ў Канстытуцыі імкненне да нейтралітэту можна і прыбраць.

У вачах Лукашэнкі Канстытуцыя, таксама як і любы закон – гэта нікчэмная паперка. Ён яе неаднаразова нахабна парушаў, перапісваў пад сабе, нават тую рэдакцыю, якую ў 1996 годзе напісалі для яго.

Ёсць небяспека, што ён бяздумна пагодзіцца на інсцэніроўку канстытуцыйнай рэформы і замацаванне ў Канстытуцыі падпарадкаванага статусу Беларусі як расійскай калоніі, пагадзіўшыся на гэта ў абмен на падтрымку цяперашняга рэжыму ў гэты складаны для яго момант.

Цалкам верагодна, што Аляксандр Лукашэнка  ўжо пагадзіўся на падпісанне той 31-й сакрэтнай дарожнай мапы, пра  якую стала вядома год таму. Падпісанне гэтай дарожнай мапы пацягне за сабой вельмі негатыўныя наступствы для Беларусі.

Ужо вядома, што падрыхтаваныя дакументы на працяг размяшчэння ў Беларусі расійскіх вайсковых аб’ектаў (станцыі сувязі і радыёлакацыйнай станцыі). Усё ідзе да таго, што ў бліжэйшы час паўстане пытанне пра прыняццё адзінай валюты – расійскай валюты на тэрыторыі Беларусі, адмову ад эканамічнага сувэрэнітэту.

Ёсьць меркаванне, што разглядаюцца пытаньні па размяшчэнні двух паўнавартасных вайсковых базаў Расійскай Фэдэрацыі на тэрыторыі Беларусі, датычных як авіацыі з ядзернай зброяй на борце, так і сухапутных, танкавых войскаў.

Сітуацыя надзвычай сур’ёзная, і пагроза для незалежнасці Беларусі цяпер як ніколі вялікая.

Рыгор Кастусёў, старшыня Партыі БНФ