Рыгор Кастусёў: Аб прадукцыі інфармацыйных кухань дзяржаўных СМІ

Журналістыка лічыцца адной са старажытнейшых прафесій у свеце, якая ва ўсе часы будзе заставацца адной з самых неабходных. Бо пры недахопе інфармацыі, без якаснай працы журналістаў любы грамадзянін пачуваецца як пры недахопе паветра. Журналістаў яшчэ нярэдка называюць паварамі на кухне інфармацыі.

Але, калі гаворка заходзіць аб беларускай журналістыцы дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, то тут на працягу болей двух дзесяткаў гадоў прагледжваецца яўнае спаборніцтва з прадстаўніцамі іншай старажытнай прафесіі. А ад той ежы, што рыхтуюць журналісты дзяржаўных СМІ на кухне інфармацыі, нярэдка, проста ванітуе. У тым ліку, калі гаворка заходзіць пра сапраўдную ежу – аб вытворчасці сыравіны і прадукцыі харчавання ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах краіны.

Напрыклад, згодна інфармацыі БЕЛТА, у 2020 годзе аграпрамысловы комплекс краіны намалаціў 7,83 млн. тон зерня, што амаль супадае з устаноўкай з верху напярэдадні ўборачнай кампаніі – намалаціць не меней 7,8 млн.

Аграрыі Магілёўшчыны, згодна гэтай жа інфармацыі беларускага тэлеграфнага агенства, у бягучым годзе намалацілі больш 1 млн. тон зерня.

І асабліва “радуе” чытача прагнозная інфармацыя Белта аб ураджаі бульбы ў бягучым годзе. Згодна Белта, лідарамі па ўраджайнасці з’яўляюцца Віцебская і Магілёўская вобласці, дзе з аднаго гектара збіраюць 344 ц. і 455,4 ц. з гектара адпаведна.

У савецкія часы за такую ўраджайнасць бульбы працаўнікам сельгаспрадпрыемстваў даваліся дзяржаўныя ўзнагароды. Ды і для сучаснай Беларусі 455 ц/га па вобласці – гэта найвялікшы поспех, ці, нават, рэкорд.

Бо ў самы паспяховы год для ўраджайнасці бульбы – 2018 год, толькі адно сельгаспрадпрыемства Магілёўскай вобласці – фермерская гаспадарка “Дзіана” Шклоўскага раёна, – дасягнула ўраджайнасці 430 ц/га, сабраўшы 40% абласнога аб’ёма вытворчасці.

Але ж на Магілёўшчыне ёсць і іншыя сельгаспрадпрыемствы, якія займаюцца вырошчваннем бульбы. Як, да прыкладу, ААТ “Новая Друць” Бялыніцкага раёна – адзінае прадпрыемства вобласці, якое мае крухмальны завод для перапрацоўкі бульбы.

Яшчэ ў ліпені 2020 года ў “Магілёўскіх ведамасцях” быў размешчаны артыкул журналіста гэтага выдання В.Кубекі, дзе ён праз інтэрв’ю дырэктара гаспадаркі В.Закардонскага ў самых “вясёлкавых” танах маляваў самыя аптымістычныя карціны развіцця “Новай Друці”.

Тады дырэктар гаспадаркі запэўніваў, што з агульнага бульбянога кліна ў 375 гектараў чакаецца вельмі добры ўраджай, а журналіст ну прама не мог адвесці вачэй ад 160-гектарнага поля, якое, па яго меркаванні, заслугоўвала пэндзаля мастака.

Не прадбачылася тады, са словаў дырэктара, і праблемаў з уборкай і перапрацоўкай ураджая на крухмальным заводзе.

Прайшло два месяцы, і можна падводзіць вынікі аб праўдзівасці дырэктарскіх словаў, аб з’ядобнасці прадукцыі журналісцкай кухні “Магілёўскіх ведамасцяў”.

Нажаль, ежа, падрыхтаваная В.Кубекам на журналісцкай кухні “Магілёўскіх ведамасцяў”, зноўку, як і раней, аказалася з душком.

У той час, як некаторыя гаспадаркі вобласці ўжо падышлі да завяршэння ўборкі бульбы, у “Новай Друці” да гэтай пары яшчэ не выкапанымі застаюцца больш 70% бульбяных палеткаў. Ды і ўраджайнасцю гаспадарка не можа пахваліцца.

Усе аптымістычныя прагнозы па ўраджайнасці бульбы, наяўнасці тэхнікі для яе ўборкі і перапрацоўкі, засталіся пустым пшыкам.

Сведчаннем гэтаму з’яўляецца пустая пляцоўка для пераборкі бульбы побач з крухмальным заводам і прастойваючы да гэтай пары крухмальны завод па яе перапрацоўцы.

Мабыць, сёлета крухмальны завод спрацуе яшчэ горш, чым у мінулым годзе, калі было выраблена толькі некалькі тон крухмалу, альбо, верагодна, зусім не будзе запушчаны, бо перапрацоўваць-то няма чаго.

Так прастаіць цэлы завод, як прастойвае ўжо каторы год размешчаны побач з ім цэх па разліву мінеральнай вады.

Аб поўнай безгаспадарчасці ў сельгаспрадпрыемстве сведчыць стан і іншых аб’ектаў. Як, напрыклад, застаўся без дагляду шматгектарны сад, які сёлета будзе амаль без ураджаю яблык з-за памылкі ў апрацоўцы ядахімікатамі ў час цвіцення.

Аб фактах безгаспадарчасці ў “Новай Друці” можна распавядаць вельмі шмат, пабываўшы ў любым месцы гаспадаркі. І самае прыкрае, што ў гэтым плане “Новая Друць” на Магілёўшчыне не адзіная. Такіх гаспадарак у Магілёўскай вобласці дзесяткі.

Гэта агульнадзяржаўная праблема. Бо ў краіне адбываецца падбор кіруючых кадраў толькі па прынцыпу адданасці існуючаму правячаму рэжыму, а не па прафесіяналізму. У Беларусі за апошнія два дзесяткі гадоў цалкам выкаранена ў сялян адчуванне гаспадара на той зямлі, дзе ён жыве і працуе.

І гэта ўсё робіцца пры дапамозе і падтрымцы такіх вось журналістаў, якія ўжо не адчуваюць той смярдзючы пах, што стаіць на іх інфармацыйных кухнях.

Рыгор Кастусёў

Яндекс.Метрика