Яндекс.Метрика
Меркаванне Навіны Шклова

Шклоў: Маем – не шануем, згубім – ці заплачам?

Якія толькі эпітэты зусім нядаўна не прымянялі журналісты раснастайных сродкаў масавай інфармацыі для апісання сваіх уражанняў пасля наведвання горада Шклова. Адным словам, або цэлым выразам, які, дзякуючы сваёй асаблівай функцыі ў тэксце, аўтары надавалі яскравае, глыбокае значэнне або новае сэнсавае адценне звычайным падзеям гарадскога жыцця, помнікам гісторыі, архітэктуры, або, нават, і тым рэчам, да якіх гараджане прызвычаіліся і не звярталі на іх увагу ў сваім паўсядзённым жыцці.

Шклоў – гэта беларускі Версаль, пісалі сталічныя журналісты па выніках наведвання горада ў 2008 годзе.

Ды і сапраўды, зусім нядаўна Шклоў значна выдзяляўся сваім выглядам у лепшы бок у параўнанні з тыповымі раённымі цэнтрамі не толькі Магілёўшчыны, але і ўсёй краіны. Напачатку 2000-х гадоў для пераймання вопыту горад наведвалі самыя разнастайныя дэлегацыі з усіх куткоў Беларусі, ды і не толькі.

А шклаўчанам было што паказаць гасцям горада.

Канешне, добраўпарадкаванасці Шклова значна паспрыялі мерапрыемствы па падрыхтоўцы горада да агульнарэспубліканскага свята “Дажынкі”, што прайшлі ў 2000-м годзе, да Дня беларускага пісменства 2007 года. Але ж, без намаганняў гараджан, без крэатыўных падыходаў гарадскіх службаў і ўстановаў па ўтрыманні інфраструктуры горада, архітэктурных і гістарычных помнікаў, гэтага было бы малавата.

Сваёй дагледжаннасцю, сваёй чысцінёй, станам помнікаў гісторыі і архітэктуры, станам гарадской інфраструктуры, парка, сквераў, іншых аб’ектаў горад прывабліваў не толькі журналістаў ды афіцыйныя дэлегацыі, але і шматлікую колькасць турыстаў.

Нават перад прыездам кіраўніка краіны ў тыя часы ў Шклове не ўзнікала падрыхтоўчага ажыатажу. Горад у любы час сутак, у любую пару года мог прыстойна сустрэць дэлегацыю любога ўзроўню.

Што ж сталася з горадам за апошняе дзесяцігоддзе?

На першы погляд падаецца, што нічога і не змянілася. Тыя ж дамы, колькасць якіх з кожным годам узрастае, тыя ж вуліцы, тыя ж тратуары, усё тое, што было і на пачатку 2000-х. Але, калі больш востра прыгледзецца да ўсяго гэтага, асабліва з прафесійнага пункту гледжання, вельмі кідаецца ў вочы абыякавы падыход да ўтрымання аб’ектаў інфраструктуры горада, абыякавасць да іх стану, запушчанасць вуліц і тратуараў, асабліва дваравых і міждваравых праездаў і праходаў..

Складваецца ўражанне, што раённае чынавенства, службы ЖКГ не ходзяць па гарадскіх тратуарах, не ездзяць па вуліцах горада і жывуць цалкам абасобленым жыццём у межах тэрыторыі прылягаючай да будынка райвыканкама.

Асабліва, у негатыўным плане, па свайму стану тут выдзяляецца Шклоўскі гарадскі парк. Парк, які быў закладзены яшчэ на пачатку 20-га стагоддзя, у 1902 – 1903 гадах, і на сёння з’яўляецца каштоўным помнікам садова-паркавага мастацтва нацыянальнага маштабу, уваходзячы ў першую дзесятку найлепшых аб’ектаў Беларусі.

Насаджэнні парка складаюць, у асноўным, мясцовыя віды дрэваў, але дзе-нідзе, зрэдку, яшчэ захаваліся і рэдка сустракаючыяся ў Беларусі, захапляючыя наведвальнікаў парку не толькі сваёй экзатычнасцю, а і сваёй гістарычнасцю.

Звычайнаму наведвальніку парка, на першы погляд, падаецца, што ў парку, як і ў горадзе, нічога не мяняецца – тыя ж падмеценыя дарожкі, тыя ж дагледжаныя збудаванні, добры стан агароджаў і ўваходных групаў. Усё так жа, як было і на пачатку 2000-х.

Але не так.

Бо галоўнай каштоўнасцю любога парка з’яўляюцца і павінны заставацца дрэвы. Бо без дрэваў гэта будзе ўжо не парк, а проста – тэрыторыя з пэўным наборам збудаванняў, гаспадарчых пабудоваў, атракцыёнаў, агароджаная ад астатняй часткі горада.

А дрэвы Шклоўскага гарадскога парка знаходзяцца проста ў жахлівым стане.

Па самых сціплых падліках, каля 30% дрэваў парка на сённяшні дзень складаюць засохшыя, або пашкоджаныя хваробамі ці тэхнікай і чакаючыя сваёй гібелі ў бліжэйшыя гады. З-за несвоечасовай прыборкі такіх дрэваў з тэрыторыі парка, хваробы перакідваюцца і на астанія, пакуль яшчэ ўмоўна здаровыя насаджэнні, але ўжо з прызнакамі захворванняў.

Сітуацыя са станам дрэваў, нажаль, застаецца па-за ўвагай Дзяржаўнай установы культуры “Парк культуры і адпачынку г.Шклова”, якая размяшчаецца ў Шклоўскім раённым доме культуры (вул.Савецкая,2), па-за ўвагай камунальных службаў, па-за ўвагай чыноўнікаў аддзела ідэалагічнай работы, культуры і справах моладзі, аддзела архітэктуры і будаўніцтва,  жыллёва-камунальнага аддзела Шклоўскага райвыканкама. А варта прайсці з дома культуры якіясці 100 м. у бок парку каб увачавідкі адразу побач з агароджай пабачыць сапраўдны стан дрэваў парку.

Мабыць не могуць разабрацца паміж сабой шклоўскія чыноўнікі, хто ж адказвае за гарадскі парк.

І пакуль чыноўнікі не могуць вызначыцца з адказнасцю, шклоўскі парк гібее. І калі ў тэрміновым парадку не прыняць меры, гадоў праз 10 – 20 ад шклоўскага парку, як каштоўнага помніка садова-паркавага мастацтва нацыянальнага маштабу застануцца толькі ўспаміны, як засталіся толькі ўспаміны ад страчаных ужо ў наш час культурніцка-гістарычных помніках горада, што праз стагоддзі былі дайшлі да нас ад нашых продкаў.

Няўжо пакаленні шклаўчан ХХІ стагоддзя не змогуць зберагчы каштоўнасці, што з такой цяжкасцю былі захаваны і перададзены нашчадкам пакаленнямі ХХ і ранейшых стагоддзяў?

Тут, нарэшце, сваё слова павінна сказаць грамадства.

Рыгор Кастусёў

апошія запісы

В Кричеве «Белая Русь» повернулась лицом к людям?

Шклоў і Шклоўскі раён (Беларусь праз прызму рэгіянальнай гісторыі)

Выборы в Белыничском районе пройдут, как надо?

Дзяжурны адміністратар