Яндекс.Метрика
Меркаванне Навіны Шклова

Шклоў: змрочны тунэль ХІХ стагоддзя

Пачатак ХІХ стагоддзя для шклаўчан быў нялёгкім і бязрадасным. Пасля смерці Сямёна Зорыча яго маёмасцю зацікавіліся маскоўскія дзяльцы. Толькі ўмяшальніцтва імператрыцы Марыі Фёдараўны з дапамогай Гаўрылы Дзяржавіна выратавала шклоўскі маёнтак ад канчатковага спусташэння.

Канец панавання Зорычаў-Неранчычаў

Пасля Сямёна Зорыча ўладальнікам Шклова стаў яго брат Давыд Гаўрылавіч Неранчыч. Адстаўны генерал-маёр расійскай арміі, з 1802 года Неранчыч-Зорыч. Спачатку ён спрабаваў наладзіць шклоўскую гаспадарку, але не было ні спрыту, ні грошай, і Неранчыч вырашыў распрадаваць маёмасць. У 1800 годзе перастаў існаваць знакаміты шклоўскі тэатр. Частку яго артыстаў (8 мужчын і 6 жанчын) адабраў на службу дырэкцыі Імператарскіх тэатраў першы рускі балетмайстар, інспектар балета і выкладчык дырэкцыі Іван Іванавіч Вальберх. Іншым артыстам тэатра пашанцавала менш – знайсці сябе ў ролі артыстаў ім не ўдалося.

У кароткі час Неранчыч-Зорыч спрычыніўся да ліквідацыі амаль усіх мануфактур Шклова. Для мясцовых жыхароў насталі цяжкія часы. Пра Неранчыча-Зорыча расійскі пісьменнік Дзяніс Фанвізін, які даўно ведаў яго, пісаў “Неранчич никогда не брал в руки книги и никогда не выпускал из рук карты”. Дарэчы, Давыд сябраваў з карцёжнікамі-авантурыстамі братамі Зановічамі, якія потым выраблялі ў Шклове фальшывыя асігнацыі.

Але пагібель Шклова як цэнтра мастацтва і рамёстваў не азначала поўнага запусцення мястэчка. Юрыдычна Шклоў заставаўся буйнейшым мястэчкам Магілёўскай губерніі і важным гандлёвым цэнтрам. У 1803 годзе ў ім налічвалася 1015 дамоў, дзейнічала 5 праваслаўных цэркваў, касцёл, тры манастыры, чатыры яўрэйскія малітоўныя дамы, вялікая колькасць гандлёвых лавак, гасцінічны двор.

У 1811 годзе памірае Давыд Неранчыч-Зорыч, і Шклоў пераходзіць у спадчыну да яго пляменніка венгерскага двараніна Сямёна Паўлавіча Чарнаевіча. Вызначыўся тым, што ў час вайны з Напалеонам пераседзеў французскую навалу ў глухой вёсцы Рабкі Чавускага раёна. Памёр Чарнаевіч без спадкаемцаў у 1826 годзе, пакінуўшы вялікія даўгі. Пра род Зорычаў-Неранчычаў-Чарнаевічаў паступова сталі забываць.

Эканамічны заняпад Шклова

Лічыцца, што найбольшага росквіту Шклоў дасягнуў пры ВКЛ у ХVІІ-ХVІІІ стагоддзях, калі ён займаў сёмае месца сярод гарадоў княства. Пагаршэнне эканамічнага становішча пачалося пасля анэксіі Расіяй часткі Рэчы Паспалітай. Праўда, пры Сямёне Зорычу некалькі гадоў назіраўся эканамічны бум у шклоўскім мястэчку, але вельмі хутка царскі фаварыт давёў сваіх падданых да галечы. Не лепшым чынам вялі сябе Неранчыч-Зорыч і Чарнаевіч – уладары самі былі ў даўгах, не вельмі шыкоўна жылі і іх падданыя.

У той жа час шклоўскія яўрэі лічаць перыяд з 1772 па 1812 гады залатым векам шклоўскага гандлю. Так яно і было, а залатым век быў якраз для яўрэяў, а не для астатніх жыхароў Шклоўшчыны.

Не лепшым аказаўся лёс Шклова і пасля смерці Сямёна Чарнаевіча – яго маёмасць была распрададзена, а маёнтак, па распараджэнні ўрада, быў аддадзены ў погляд апецы і затым па частках перайшоў да розных уладальнікаў. Тры часткі – Новашклоўская, Рыжкаўская і Задняпроўская перайшлі да флігель-ад’ютанта палкоўніка барона Івана Іванавіча Саргера. Але ў 1828 годзе палкоўнік Саргер загінуў на вайне супраць турак, і Шклоў перайшоў пад апеку яго цешчы калежскай асэсаршы Феліксы Каханоўскай.

Справы ў Шклове ішлі так кепска, што ў 1833 годзе Фелікса Каханоўская вырашыла ўзяць грашовую пазыку пад залог шклоўскага маёнтка. Але ў гэтым ёй было адказана.

Акрамя таго, на Шклове “віселі” даўгі Сямёна Чарнаевіча, якія спрабавалі вярнуць крэдыторы. Не дапамагала вырашэнню гэтага пытання і губернскае праўленне. На ўсе звароты ў Правячы сенат з просьбай аб продажы маёнтка з публічных таргоў атрымлівалі адказ аб немагчымасці продажу, і таму задавальненне даўгоў павінна рабіцца з фондаў маёнтка, які паступае ў адміністратыўнае губернскае ўпраўленне. Пры гэтым сучасным жа ўладальнікам маёнтка “обращение доходов в свою пользу воспретить”. І толькі ў 1842 годзе сенат выканаў просьбу ўладальнікаў Шклова аб вызначэнні для іх чацвёртай часткі даходаў, якія паступалі ў Губернскае Праўленне. Такім чынам, сям’і Саргера была зроблена палёгка.

Але ўсе гэтыя абставіны паўплывалі на тое, што Шклоў паступова страчваў сваё значэнне, якое ён меў раней сярод гарадоў Беларусі. На працягу амаль усяго ХІХ стагоддзя жыхары Шклова рабілі рознага роду спробы да аднаўлення ранейшай эканамічнай моцы мястэчка. На працягу 20 гадоў (1836-1856 г.г.) найбольш развітым быў чайны гандаль, калі з Прусіі прывозілася ў яўрэйскіх фургонах без аплаты пошліны чаю прыблізна на 4 мільёны рублёў. Прывазны чай змешваўся на месцы з травой “срыпнем”, якую збіралі ў наваколлі Шклова, і збываўся на месцы гандлярамі, што прыязджалі з усіх канцоў Расіі, не выключаючы купцоў пецярбургскіх. Апошнія большай часткай не куплялі чай за грошы, а абменьвалі на чырвоныя і каланіяльныя тавары. У самы разгар чайнага бізнесу ў Шклове мелі свае склады купцы з Коўна, Гародні, Вільні і царства Польскага. Але хутка аказалася, што ў большасці сваёй чай меў кантрабанднае паходжанне і ў выніку энергічнага праследавання кантрабандыстаў з боку мясцовых уладаў чайны гандаль канчаткова спыніўся.

Займаліся шклоўскія купцы імпартам з Еўропы футравых, шаўковых і суконных вырабаў. Але, як і з чаем, недаплочвалі падаткі, ці не таму да 1857 года паступова знік і гэты гандаль.

Гандлявалі ў Шклове і жалезнымі косамі, якія штогод у траўні прывозілі з Аўстрыі на 100 тысяч рублёў. Працвітаў рыбны гандаль з Рыгай і іншымі мясцінамі, яго абарот таксама быў не меншы за 100 тысяч рублёў.

З Масквы і Курска дастаўляліся паўкажушкі, з Арлоўскай і Кіеўскай губерняў – крышталёвы і фаянсавы посуд, з паўднёвых губерняў – да чатырох тысяч коней. На месцы шклоўскія прамыславікі скуплялі вядомыя ў свой час у Расіі вырабы шклоўскіх кушняроў і фарбавальшчыкаў і развозілі на Палтаўскі, Ніжнегародскі, Кралявецкі, Нежынскі і іншыя кірмашы. Скуплялі смалу, дзёгаць, вапну, камень, дошкі і на берлінах накіроўвалі ў Кіеў. Пяньку дастаўлялі ў Рыгу.

Але ў канцы 50-х гадоў ХІХ стагоддзя кірмашы сталі траціць значэнне і абарот зменшыўся, а к 1882 году абарот кірмашу наогул склаў каля 25 тысяч рублёў.

Жыць у Шклове стала кепска не толькі мяшчанам, але і яўрэям-гандлярам.

Смутак няўцешнасці

У другой палове ХІХ стагоддзя шклоўскія землі зведалі яшчэ не аднаго ўладара. У хроніцы гаворыцца аб фон Крузе: “выкупил фольварк дворянин фон Крузе Дмитрий Фёдорович, владелец земель в Шклове”. Больш шырокія звесткі маюцца аб яго сыне, адстаўным падпалкоўніку Мікалаю Дзмітрыевічу, які “упоминается в Памятных книжках Могилёвской губернии за 1890, 1906, 1912 и 1913 годы в губернском попечительском о тюрьмах комитете. Известно, что в звании он с 1894 года, в 1897 в первом военном Павловском училище окончил один курс, о чём есть записи в «Памятной книжке уездных учреждений за 1905 год», где он упоминается как член городской Думы, в Могилёвской казённой палате, в губернском попечительском о тюрьмах комитете”. Звесткі аб гаспадарчай дзейнасці фон Крузэ адсутнічаюць.

З 1869 года Шклоў з навакольнымі Забрамным, Сямёнаўкай, Францаўкай, Гарадзянкай, Пікавічамі і Прыютам належыць памешчыку Ваейкаву (мабыць, Мікалаю Пятровічу). Пры ім працавалі вадзяны млын, два дрэваперапрацоўчыя заводы, гарэлачны склеп, дзейнічаў паром. Прычым, гарэлачны склеп даваў гадавы даход ў 5 разоў большы, чым дрэваперапрацоўчыя заводы, а налогі з арэнды гандлёвых лавак былі выгадней за ўсю вытворчую дзейнасць у 2 разы. Стымулы для развіцця вытворчасці былі вельмі прывіднымі, а крэдытаваць эканоміку Шклова, тым больш івеставаць у яе, жадаючых не знаходзілася.

Трэба сказаць, што і падатковая палітыка Расійскага ўрада на беларускіх землях была вельмі цяжкай для абывацеляў, яна абяссільвала як гараджан, так і сялян. Эканамічнае становішча Шклова пагаршалася (за 35 гадоў яго насельніцтва зменшылася на 41%), а сам ён ператварыўся ў захудалае мястэчка, у якім пражывалі ў асноўным яўрэі. Справа ішла да пагалоўнай галечы.

Апалон Крывашэін, як святло ў тунэлі канца ХІХ стагоддзя

Нарадзіўся Апалон Крывашэеў у Мікалаеве Херсонскай губерніі ў 1833 годзе ў сям’і марскога афіцэра. Паходзіў са старога дваранскага роду. Праславіўся Апалон Канстанцінавіч тым, што ён першым з міністраў у гісторыі Расійскай імперыі, быў адпраўлены ў адстаўку за карупцыю.

У свой час, працуючы на пасадзе міністра зносін, Апалон Крывашэін наведаў Шклоў, які яму вельмі спадабаўся. Не дзіўна, што пасля адстаўкі Апалон Канстанцінавіч у 1894 годзе прыдбаў у памешчыка Ваейкава маёнтак у Шклове і правёў тут астатак свайго жыцця. Ужо праз чатыры гады (1998) Апалон Крывашэін будуе ў Шклове кардонную фабрыку, якая ў той час выпускала кардон і абгортачную паперу. У пачатку ХХ стагоддзя фабрыка становіцца буйнейшым у галіне прадпрыемствам у Расіі з 287 працоўнымі. Сёння будынак фабрычнай канторы, які захаваўся, з’яўляецца помнікам грамадзянскай архітэктуры з элементамі стылю “мадэрн”.

Апалон Крывашэін удыхнуў жыццё ў стагнуючае мястэчка. Ён стварыў новыя працоўныя месцы і не толькі на фабрыцы. У той час ён заклаў новы парк, які патрабаваў многа працы. Зараз ён таксама лічыцца помнікам, але ўжо дварцова-паркавага мастацтва. На жаль, у 1902 годзе Апалон Канстанцінавіч памёр, пакінуўшы пасля сябе вельмі добрую памяць.

Можна з упэўненасцю сказаць, што Апалон Крывашэін выратаваў Шклоў ад галечы, многае зрабіў, каб пра наш горад і зараз адзываліся, як аб жамчужыне Беларусі.

Пётр Мігурскі

 

 

 

 

апошія запісы

Леонид Злотников: «Следуя посылу Лукашенко, мы оставляем все, как есть — и быстро идем к дефолту»

Дзяжурны адміністратар

Партыя БНФ заклікала патэнцыйных кандыдатаў адмовіцца ад удзелу ў выбарах

Дзяжурны адміністратар

Реальный рейтинг Лукашенко составляет около 24 процентов – политолог

Дзяжурны адміністратар