Яндекс.Метрика Шклоўскага міліцыянта затрымалі з вялікай дозай наркотыкаў. Магчыма, ён замешаны яшчэ і ў збіцці пенсіянера - Магілёўскі Рэгіён

Шклоўскага міліцыянта затрымалі з вялікай дозай наркотыкаў. Магчыма, ён замешаны яшчэ і ў збіцці пенсіянера

Крымінальнае бінга.

Ілюстрацыйнае фота

Інфармацыя пра затрыманне оперупаўнаважанага з аддзела крымінальнага вышуку Шклоўскага РАУС ўпершыню з’явілася ў телеграм-канале NEXTA 13 лютага. Згодна з ёй, хлопца 1994 года нараджэння, старэйшага лейтэнанта, узялі 10 лютага ў Віцебску з 29,9 грамамі псіхатропнага рэчыва альфа-PVP. У дачыненні да яго распачата крымінальная справа за незаконны абарот наркотыкаў з мэтай збыту.

Інфармацыю аб затрыманні пацвердзіла віцебская міліцыя. УУС Магілёўскага аблвыканкама пакуль адмоўчваецца на пытанні журналістаў, ці сапраўды затрыманы менавіта шклоўскі міліцыянт. Хоць адсутнасць хуткага абвяржэння ужо кажа пра тое, што гэта, хутчэй за ўсё, праўда.

Больш за тое, у дакуменце, які распаўсюдзіў телеграм-канал, пазначана імя шклоўскага нарка-сілавіка (М.І.), хоць да афіцыйнага пацверджання сродкам масавай інфармацыі яго пакуль лепш не пісаць.

Нам стала вядома, што чалавек з імем і прозвішчам М.І. сапраўды працаваў у Шклоўскім РАУС у аддзеле крымінальнага вышуку. Званне «старэйшы лейтэнант» ён атрымаў у ліпені 2017 года. Пагоны яму ўручаў асабіста начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Магілёўскага   аблвыканкама Павел Смірноў.

М.І. ЗБІЎ ПЕНСІЯНЕРА?

Два месяцы таму, яшчэ задоўга да таго, як М.І. трапіўся на наркотыках, каардынатар руху «За свабоду» па Магілёўскай вобласці Пётр Мігурскі апублікаваў на сайце 6tv.by гісторыю катаванняў пенсіянера Леаніда Сопелева. У ёй фігуруе і М.І.

Улетку 2018 года Леанід Сопелеў, жыхар вёскі Дабрэйка ў Шклоўскім раёне, разам з сябрам рамантаваў бензапілу ў двары свайго дома. Раптам адчыніліся веснічкі і да іх падышлі двое людзей у цывільным. Яны не прадставіліся, не паказалі дакументы, толькі папрасілі Сопелева прайсці з імі. Той адмовіўся гэта зрабіць, папрасіў патлумачыць прычыны затрымання. Пасля гэтага пачалося пекла:

– Мяне ўзялі ўдваіх за абедзве рукі, павалілі мордай у зямлю. Пачалі заламваць рукі. Адзін з іх (як высветліцца пазней – гэта быў М.І.) так хапануў і скруціў, што пачалася пякельная боль. Я крыкнуў, што мне вельмі балюча, мяне адпусцілі. Потым вывалаклі на вуліцу і пасадзілі ў службовую машыну, якая стаяла непадалёк, – распавялаў Сопелеў.

Акрамя гэтага, пенсіянера білі ў спіну. Калі яго прывезлі ў РАУС, высветлілася, што мужчыне трэба прайсці медыцынскі агляд. Сопелеў папрасіўся да хірурга. У яго дыягнаставалі моцныя сінякі і парваныя звязкі. Пасля гэтага яго вярнулі ў райаддзел, дзе пачалі допыт.

Сопелеў правёў у Шклоўскім РАУС цэлы дзень. Там, як ён сцвярджае, яго дапытваў начальнік аддзела крымінальнага вышуку разам з М.І. Апошні пагражаў спачатку прыкаваць Сопелева кайданкамі да батарэі, а затым намякнуў на згвалтаванне міліцэйскай дубінкай. Ад яго хацелі дамагчыся прызнання ў здзяйсненні дробнага крадзяжу.

Па выніках таго, што адбылося з Сопелевым, у дачыненні да супрацоўнікаў Шклоўскага РАУС і М.І. была распачатая праверка раённай пракуратурай і мясцовым аддзяленнем Следчага камітэта.

Хаця улічваючы апошні залёт М.І., гэта цяпер найменшая з яго праблем.

Ігар Лазоўскі

Крыніца: mspring.online