Яндекс.Метрика Што стаіць за стварэньнем прарасейскай партыі і пры чым тут канстытуцыйная рэформа? - Магілёўскі Рэгіён

Што стаіць за стварэньнем прарасейскай партыі і пры чым тут канстытуцыйная рэформа?

За доўгі час кіраваньня Лукашэнкі ў Беларусі зарэгістравалі нямала праэўрапейскіх партый, незалежных мэдыя і аналітычных цэнтраў. А вось прарасейскіх партыяў, якія б выступалі за большую інтэграцыю з Расеяй, чым афіцыйны Менск, дагэтуль няма. І гэта нягледзячы на 30 гадоў безупыннай інтэграцыі з РФ.

Гэткі дзіўны парадокс тлумачыцца даволі відавочнай прычынай: Лукашэнка адчуваў, што ад Расеі паходзіць большая пагроза для ягонай улады, чым ад Эўропы. Бо ў Масквы магчымасьцяў уплываць на хаўрусьніка непараўнальна больш, чым у ЭЗ. Таму рэжым блякаваў усякую спробу легітымізаваць тут расейскую прысутнасьць на ўзроўні палітычнай партыі.

Калісьці, у 2014 годзе, Сяргей Касьцян спрабаваў зарэгістраваць партыю «Беларускі славянскі камітэт», але атрымаў адлуп. У 2016 годзе ўлады нават пасадзілі ў турму трох блогераў расейскіх шавіністычных сайтаў за моцную прыхільнасьць да «русского мира». Таму ніякіх шанцаў у прарасейскіх сілаў легалізаваць сваю прысутнасьць дагэтуль не было.

І вось новая спроба. 18 кастрычніка ў Менску адбылося пасяджэньне арганізацыйнага камітэту заснаваньня палітычнай партыі «Союз». Актывісты прарасейскіх арганізацыяў палічылі, што прыйшла іхная пара. У момант, калі ўлада Лукашэнкі крытычна залежыць ад падтрымкі Расеі, прыхільнікі «русскога мира» вырашылі: касі каса, пакуль раса — і хуценька ўзяліся ствараць і рэгістраваць сваю партыю. І няхай улады паспрабуюць цяпер адмовіць. У такім выпадку Лукашэнка будзе мець справы з Крамлём.

То бок менавіта цяпер у прарасейскіх актывістаў зьявіліся вялікія шанцы стварыць цэнтар кансалідацыі прыхільнікаў цеснага саюзу з Расеяй на антызаходняй, антыдэмакратычнай аснове, на супрацьпастаўленьні сябе беларускаму нацыяналізму.

Можна не сумнявацца, што гэтая партыя будзе мець вялізную матэрыяльную, палітычную, інфармацыйную падтрымку з Масквы.

І тут праглядаецца рэалізацыя больш маштабнага расейскага праекту. Вось цяпер Масква настойвае на рэалізацыі канстытуцыйнай рэформы ў Беларусі. Новая Канстытуцыя павінна прадугледжваць зьмяншэньне паўнамоцтваў прэзыдэнта і павелічэньне ролі парлямэнту. І тут на арэне зьяўляецца прарасейская партыя «Союз». На тле вялікай ляяльнасьці беларусаў да Расеі гэтая партыя павінна атрымаць на парлямэнцкіх выбарах вялізную падтрымку. Магчыма, стварыць урад. Ну, а далей — палітыка «паглыбленьня інтэграцыі». І ня трэба больш весьці бясконцыя спрэчкі зь недамоваздольным Лукашэнкам. Расейскія грошы і «мяккая сіла» павінны адыграць сваю вырашальную ролю. Такія пляны.

Таму згаданая ініцыятыва не такая бяскрыўдная, як можа падацца на першы погляд.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Валер Карбалевіч

Крыніца: Радыё Свабода