Яндекс.Метрика Сямён Панізоўцаў: Па слядах выступу ў прэсе - Магілёўскі Рэгіён

Сямён Панізоўцаў: Па слядах выступу ў прэсе

Летась, а дакладней – з першага жніўня 2019 года падрадчык “Краслюксстрой” распачаў рамонт дома №79 па вул. Ракасоўскага ў Чэрыкаве.

Якой якасці быў гэты рамонт, я распавядаў у артыкуле “Рамонт ці… распіл” на сайце “Магілёўскі рэгіён”, у якім гамонка ішла аб хібах і праблемах якасці рамонту. Зрабіў больш за паўсотню фотаздымкаў і прыклаў іх да заявы дырэктару УКПП “Чэрыкаўскі жылкамунгас” В. Чарняцову (менавіта, “Чэрыкаўскі жылкамунгас” выступіў у ролі заказчыка). В. Чарняцоў доўга не вагаўся. Недзе праз пару тыдняў даслаў на маю адрэсу бадзёры адказ, паабяцаўшы да 15 сьнежня 2019 (!) года правесьці “працу па ліквідацыі непаладкаў дома №79” (копія адказу прыкладваецца). Безумоўна, я вельмі ўзрадаваўся аператыўнасці кіраўніка ўстановы і быў прыемна здзіўлены яго імгненнай рэакцыяй на маю заяву. Як аказалася, нядоўга музыка грала.

Хутка споўніцца роўненька год абяцанням дырэктара “Жылкамгаса”. Але ніякія “працы па ліквідацыі непаладкаў д. 79” не пачыналіся і, як я мяркую, ня маглі пачынацца. Таму што так было задумана. Адказ падобнага роду на заявы грамадзян – гэта працоўны рэжым нашага чынавенства! І Чарняцоў – не выключэньне. Ён таксама паступіў шаблонна: галоўнае – у свой час даць адпіску, а там хоць і трава не расці. Нашы чыноўнікі звыклі мерыць усіх людзей адным аршынам. Мяркуюць: адпіскай адмахнуліся, а там чалавек забудзецца, глядзіш – і пранясло. Але ж ёсьць і настырныя “экземпляры” накштат аўтара гатага матэр’яла. Мне ж цікава было пабачыць, ці ёсьць у нас сумленныя начальнікі, якія ўмеюць трымаць сваё слова. І вось год упартага чакання аніякіх дадатных вынікаў не паказаў. І новых якасцяў нашага чынавенства ня выявіў! Можна сказаць, трыста шэсцьдзесят дзён дарэмна чакаў!

Але ж вернемся да рамонту дома. Мінулая зіма была цёплая. Па сутнасці яе і не было. Якія сюрпрызы прыпаднясе матухна-прырода нам у гэтым годзе, ніхто дакладнага адказу даць ня зможа. А пад’езды да зімовага перыяду не гатовыя. Які сэнс быў мяняць старыя дзьверы на новыя, калі тыя прастаялі расчыненымі з 1978 па 2019 гг., і новыя стаяць расчыненымі ўжо год!

У падвале падвойныя дзьверы выламалі, а новыя не паставілі. Між іншым, у праекце гэта “аперацыя” не была ўключана. Каму спатрэбіліся дзверы з падвала? А яны ж служылі абаронай ад холада. І такіх пытанняў, на якія няма адказу, шмат!

ТАМУ І ХОЧАЦЦА ЗЬВЯРНУЦЦА ДА СПАДАРА В. ЧАРНЯЦОВА З ПЫТАННЕМ: КОЛЬКІ НАМ ЯШЧЭ ТРЭБА ЧАКАЦЬ ДА ТАГО ЧАСУ, КАЛІ БУДЗЕ ПРАВЕДЗЕНА “ПРАЦА ПА ЛІКВІДАЦЫІ НЕПАЛАДКАЎ ДОМА №79” ???

Сямён Панізоўцаў. Фота аўтара