Яндекс.Метрика Справа пра жорсткае забойства 14-гадовай даўніны дашла да суду дзякуючы новым тэхналёгіям - Магілёўскі Рэгіён

Справа пра жорсткае забойства 14-гадовай даўніны дашла да суду дзякуючы новым тэхналёгіям

Паводле сьледзтва, чацьвёра падсудных у ноч на 1 чэрвеня 2005 году ў Вялікай Машчаніцы Бялыніцкага раёну забілі сям’ю з шасьці чалавек — у тым ліку дваіх малых дзяцей, піша Радыё Свабода.

Справу ўзнавілі пасьля вынікаў «пахавай» экспэртызы, якую 14 гадоў таму яшчэ не праводзілі.

Пад падазрэньне трапілі мясцовыя жыхары: 24-гадовы Павал П. (паводле сьледзтва, ён сплянаваў напад на сям’ю і верхаводзіў, калі яе забівалі), 18-гадовыя Сяргей Ю., Мікалай Р., Генадзь С. і 21-гадовы Аляксандар К.

Што адбылося ў 2005 годзе?

Сямʼя з шасьці чалавек прадала кватэру ў Бялынічах, бо не магла плаціць за камунальныя паслугі, і пераехала ў Вялікую Машчаніцу. Праз тры дні ўсіх іх забілі.

Паводле вэрсіі сьледзтва, матывам для забойства 48-гадовай Ганны Сушы, яе 53-гадовага сужыцеля Фёдара Тэльмакова, 27-гадовай дачкі Ганны Піваваравай, яе 22-гадовага сужыцеля Андрэя Лявончыка, а таксама 7-гадовага Дзьмітрыя і 6-гадовай Натальлі Піваваравых стала жаданьне падазраваных завалодаць буйной сумай грошай.

Спачатку зламысьнікі хацелі напаіць гаспадароў, але папойка перарасла ў сварку і прывяла да забойства. У дарослых на целе судмэдэкспэрты налічылі па 30 удараў, а ў дзяцей па 20. Іх білі кулакамі, цаглінай, мэталічнай трубой і сякерай. З дому забітых падазраваныя забралі 1100 даляраў і ровар.

Падазраваных затрымалі ў першыя суткі расьсьледаваньня. У 2007 годзе пачаўся суд.

Першы суд — віна не даказаная

Пракурор прасіў расстраляць траіх абвінавачаных, а дваіх асудзіць на пажыцьцёвае зьняволеньне. На дасудовым сьледзтве абвінавачаныя прызналі віну. Судзьдзя Міхаіл Мельнікаў, аднак, вынес апраўдальны вырак, бо палічыў віну падсудных не даказанай:

  • Паказаньні супярэчылі адно аднаму.
  • Падсудныя заявілі, што прызналіся ў забойстве пад ціскам сьледчых і сукамэрнікаў.
  • Доказы віны былі сабраныя сьледчымі з парушэньнямі належных працэдураў.

Аляксандра К. вызвалілі ў залі суду. Псыхоляга-псыхіятрычная экспэртыза прызнала яго «разумова адсталым», і яго перавялі ў сьведкі. Астатніх асудзілі за іншыя злачынствы, выяўленыя падчас расьследаваньня забойства: згвалтаваньне, сэкс зь непаўналетнімі, крадзеж, уцягваньне непаўналетніх у сумеснае расьпіваньне алькаголю.

П. далі 10 гадоў і 2 месяцы, Р., С. і Ю. — па чатыры гады.

Чаму вярнуліся да справы цяпер?

У кастрычніку 2018 году Вярхоўны суд скасаваў апраўдальны прысуд 11-гадовай даўнасьці.

У лістападзе 2019 году затрымалі тых жа падазраваных.

Падставай сталі вынікі «судовай альфактарнай экспэртызы пахавых сьлядоў». Паводле сьледчых, гэтая мэтодыка дазваляе выявіць і ідэнтыфікаваць сьляды пахаў чалавека ва ўмовах кансэрвацыі іх крывёю. Як яны кажуць, на рэчавых доказах захаваліся пахі раней апраўданых фігурантаў справы.

Цяпер на лаве падсудных чацьвёра зь пяці падазраваных у забойстве 14-гадовай даўнасьці: П., Ю., С., Р. Іх абвінавацілі ў забойстве двух і больш чалавек, учыненым з асаблівай жорсткасьцю групай асобаў з карысьлівых намераў, а таксама ў разбоі з пранікненьнем у жытло для завалоданьня маёмасьцю ў буйным памеры. Усім падсудным пагражае расстрэл. Сваёй віны яны не прызнаюць.

Дом, у якім адбылося забойства, у кастрычніку 2019 году згарэў. Сьледчы камітэт завёў справу за «наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці».