Яндекс.Метрика
Культура Навіны Крычава

Страчаная гістарычная спадчына Крычава

На фоне актывізацыі руйнавання помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны ў Крычаве, хацелася б нагадаць, якія архітэктурныя аб’екты на працягу ўсяго ХХ стагоддзя зніклі з-за ідэалагічных установак, безадказных і абыякавых дзеянняў мясцовай улады. Гэты прывяло да таго, што помнікі былі страчаны назаўсёды. Кожны з гістарычных аб’ектаў быў унікальны і цікавыпа-свойму, аднак цяпер нашы ўяўленні грунтуюцца толькі на фотаздымках, апісаннях будынкаў у старых дакументах і матэрыялах гісторыкаў і краязнаўцаў, бо далёка не ўся гісторыка-культурная спадчына горада захавалася да сённяшняга моманту.

 

Знішчаныя помнікі ў савецкі час. Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і плябанія.

У сярэдзіне XVIII стагоддзя ў горадзе Крычаве пачынаецца будаўніцтва новага каталіцкага храма. Менавіта гэта падзея адлюстравалася ў захаваных да нашых дзён візітах Крычаўскага касцёла. Першыя дакладныя пісьмовыя звесткі аб арганізацыі і будаўніцтве касцёла ў Крычаве адносяцца да 1745 г. 20 ліпеня гэтага года крычаўскі стараста Геранім Радзівіл аддаў загад кіраўніку Крычаўскага старостава Паўлу Цялецкаму выдзеліць пляцы пад будаўніцтва фарнага касцёла і плябані. Прычым Радзівіл падкрэсліваў, што «земельный участок должен быть однакож не в близком положении от замка, чтобы, в случае, сохрани Бог, возникновения бунтов не было ещё большей измены от костёла. Притом строго предупреждаю, чтобы самый участок не находился на какой-либо горе, тем более на такой, которая образует другой угол Замковой горы». Гэты загад быў выкананы ўжо 26 жніўня, калі пад фарны касцёл крычаўскаму ксяндзу Рэгінальду Іллічу было выдзелена 5 пляцаў зямлі.Перасцярогі Гераніма Радзівіла звязаны з падзеямі Крычаўскага паўстання 1740-1744 гг., што ўвашло ў гісторыю Беларусі як одно з самых буйных выступленняў сялян і гараджан супраць арандатараў.

Першамайская дэманстрацыя 1927 года ў Крычаве. У правым верхнім вуглу бачны будынак касцёла і плябаніі

Пабудаваны касцёл быў драўляным, аднак каля храма знаходзілася каменная званіца з трыма званамі. Таксама вакол касцёла была пабудавана агароджа, ніжняя частка якой была каменная, а верхняя – драўлянай.Такім чынам, драўляны касцёл знаходзіўся ў цэнтры горада на вуглу сучасных вуліц Ленінскай і Камсамольскай, там дзе зараз размешчаны закінуты будынак пошты і раённы ваенны камісарыят. Важна адзначыць, што ў гарадскіх інвентарах часта згадваецца назва “Латынь”(захавалася да сёння!), якая адносілася да часткі старога горада, дзе кампактна пражывала каталіцкае насельніцтва.У сярэдзіне ХІХ ст. цэнтральную частку Крычава знішчыў жудасны пажар. Згарэлі амаль усе пабудовы, у тымліку і касцёл разам з плябаніяй. Часова набажэнствы вяліся на першым паверсе ў круглым зале т. зв. Пацёмкінскага палаца, валодаў якім на той час заможны крычавец Стэфан Галынскі. У палацы С.Галынскі прадаставіў ксяндзу памяшканне для пражывання. На яго ж грошы, а таксама на грошывернікаў, у 1855-60 гг. быў пабудаваны новы каменны касцёл. Стварыў гэты архітэктурны цуд у стылі неаготыкі таленавіты італьянскі архітэктар. Дзякуючы яго майстэрству, касцёл зрабіўся найпрыгажэйшай пабудовай у горадзе.

Архітэктура будынку была вырашана ў стылі неаготыкі. Двухвежавы франтальны фасад па цэнтры быў вылучаны трохпралётнай гатычнай аркай на 4 гранёных слупах, аб’яднанай агульным кілепадобным франтонам у завершы. Фасады і чатырохгранныя ярусы вежаў рытмічна чляніліся гатычнымі стральчатымі ваконнымі праёмамі. Перспектыўным стральчатым парталам быў вырашаны галоўны ўваход у храм. Над імі размяшчалася круглае вакно-ружа. Гатычны характар будынка ўзмацняла афармленне вежаў вуглавымі гранёнымі пілонамі з востравугольнымі вімпергамі: паміж імі аркатурныя нішы са стрэльчатымі броўкамі.Франтон і вежы касцёла завяршалісякрыжамі з марёнага дуба. З правагабоку ад уваходу ў храм стаяў пастамент з чугуннай місай для святой вады, над якой вісела Распяцце Хрыста. У храме таксама знаходзіўся ўнікальны арган на 10 галасоў.

Унутраная прастора касцёла падзялялася магутнымі слупамі і аркадамі на тры нефы. Пяцігранную абсіду запяўняў двухярусны алтар, вырашаны ў формах барока — 4 калоны неслі магутны крапаваны хвалісты антаблемент, паміж калоннамі стаялі скульптуры святых Пятра і Паўла; другі ярус — прамавугольны шчыт з выгнутым карнізам. У новым касцёле было тры алтара. У галоўным, які быў акантаваны чатырма каменнымі калонамі, пафарбаванымі цёмнай алейнай фарбайбыў абраз Зачацця Св. Ганны ў срэбранай рызе.

Крычаўскі касцёл да сярэдзіны 1867 г. заставаўся прыходскім, але потым пачалася ліквідацыя прыхода, прычым ініцыятыва сыходзіла ад Міністэрства ўнутраных спраў Расійскай імперыі.Хутчэй за ўсё паўплывалі падзеі паўстання 1861–1863 гг. падчас якога царскі ўрад улічваючы сітуацыю, якая склалася вакол Крычава, вымушаны быў увесці пяхотны батальён з Рослава. Бліжэйшыя сваякі Стэфана Галынскага- Валерыян і Адольф Галынскія таксама прымалі напасрэдны ўдзел ў падзеях паўстання.

У тэксце візітацыі касцёла за 1885 г. размешчана і апісанне комплекса плябані. Гэта быў аднапавярховы каменны будынак з крытым жалезам дахам. У будынку было 7 пакояў, якія былі падзелены карыдорам і атапляліся 5 печамі. У будынку налічвалася 12 вокнаў. На двары плябані стаяў таксама каменны флігель пакрыты дранкай. Ён выконваў функцыю памяшкання для кухні і жылля прыслугі ксяндза. Акрамя таго, на двары стаяў каменны хлеў пакрыты дранкай.

Пасля кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. стаўленне да царквы і касцёла стала негатыўным і пачаўся націск дзяржаўных органаў на вернікаў.У канцы 20–х гг. ХХ ст. у акрузе Крычава заставалася каля170 католікаў, якія не маглі трымаць у нармальным стане будынак храма. Больш за тое, як паказваюць дакументы, менавіта ў 1920-я гг. касцёл быў вельмі занядбаны. Так, у газеце «Магілёўскі селянін» за 27 сакавіка 1929 г. паведамлялася наступнае: «У Крычаве маецца і такі гігант як касцёл. Стаіць ён адзінока і на працягу ўжо некалькіх год наведваюць амаль што толькі адны птушкі, выпадкова зяляцеўшы праз пабітыя вокны». У выніку мэтанакіраванай дзейнасці Крычаўскага райвыканкама, які ўвесь час акцэнтаваў увагу на кепскім стане касцёла і немагчымасці вернікамі яго адрамантаваць, апошнія ў сакавіку 1929 г. “добраахвотна” перадалі будынак пад патранаж райвыканкама з мэтай яго выкарыстання для культурных патрэбаў жыхароў Крычаўскага раёна. Гэта было зацверджана 27 сакавіка 1929 г. рашэннем Магілёўскай акружной камісіі па аддзяленню царквы ад дзяржавы. Католікі Крычава, у сваю чаргу, нібыта пагадзіліся хадзіць на службы ў касцёл ў Чэрыкаў, размешчаны за 30 км ад Крычава.Першапачаткова будынак крычаўскага касцёла выкарыстоўваўся як “народны дом”, у якім дэманстраваліся кінафільмы і працаваў самадзейны тэатр, але ў 1934 г. з-за кепскага стану касцёл быў падарваны.

На сёння практычна на месцы касцёла знаходзіцца аднапавярховы будынак Крычаўскага ваенкамата. Ад зруйнаванага касцёла застаўся толькі адзін цагляны слуп ад плота.Пра існаванне касцёла на гэтым месцы нагадвае яго схематычная выява на адной са сцен будынка ваенкамата. Важна адзначыць, што фактычна за касцёлам месціліся гарадскія каталіцкія могілкі. У некалькіх метрах ад Крычаўскай санэпідэмстанцыі, якая з’яўляецца суседнім будынкам да ваенкамата, у пачатку 2000-х гадоў праводзіліся рамонтныя і будаўнічыя работы. У адвалах грунту і раскапаных ямах на даволі вялікай тэрыторыі знаходзілася мноства фрагментаў чалавечых парэшткаў: шкілетаў, чарапоў, асобных костак. На гэтыя “раскопкі” абсалютна ніякім чынам не звярнула ўвагу мясцовая ўлада, а некрафілістычныя замашкі мясцовых вертыкальшчыкаўустурбавалі толькі мясцовых гісторыкаў, краязнаўцаў і грамадскіх актывістаў. Дарэчы, яскравы фотаздымак разбураных склепаў каталіцкага некропаля можна ўбачыць у невялічкай брашуры “У пошуках беларускасці”– краязнаўчага выдання, што асвятляе розныя бакі гісторыі Крычаўшчыны і з’яўляецца вельмі карысным для аматараў гісторыі. Больш за тое, аўтар радкоў у 2013 годзе ў межах т.зв. кірмаша праектаў “Сучасныя ўвасабленні культурніцкай спадчыны” грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!” у Магілёве прэзентаваў уласны праект па аднаўленню касцёла Беззаганнага зачацця Дзевы Марыі – https://www.slideshare.net/budzma/freg-28357114.Важнай гэта ідэя перадусім застаецца для гісторыкаў і краязнаўцаў, а таксама для мясцовых каталіцкіх вернікаў, якіх налічваецца некалькі дзесяткаў у Крычаве. Нельга не згадаць і фотаздымкі пачатку 1910-х гадоў, якія ілюструюць выгляд самога касцёла і ўнутранай прасторы каталіцкага храма. Менавіта па старых фатаграфіях на сёння мы можам уяўляць якім чынам выглядаў шыкоўны неагатычны будынак касцёла.

Пасля варварскага разбурэння каталіцкага храма ў 1930-х гг. мясцовымі бальшавікамі, плябанію, якая адносілася да касцёла, вырашылі не руйнаваць, а перабудаваць. На старым фотаздымку 1927 г. рынкавага пляца Крычава плябанія бачна як аднапавярховы будынак, з высокім дахам. Аднак пасля перабудавання яна стала двухпавярховым будынкам,у якім у пасляваенныя часы знаходзіўся мясцовы паштамт. У ім з тыльнага боку размяшчаласяпрыбудова з белай цэглы, якая несла функцыю кацельні, што атаплівала памяшканні будынка для працаўнікоў пошты. Будынак плябаніі-пошты стаіцьзакінуты з 1990-х гг, бо пасля знікнення СССР паштамп хутка знік. У пачатку 2010-х гг. будынак былой плябаніі быў выкуплены мясцовым прадпрымальнікам,у ім пачаліся будаўнічыя работы: пафарбаваны сцены, пастаўлены шклопакеты, аднак далей справа не пайшла. Пэўны час часткова адрамантаваны будынак выкарыстоўваўся нават як інтэрнат для часовых рабочых, што працуюць на будоўле новага цэментнага завода каля Крычава.

Сучасны выгляд перабудаванай плябані. Фота Андрэя Кузьміна
Сучасны выгляд перабудаванай плябані. Фота Андрэя Кузьміна

 

Знішчаныя помнікі у незалежнай Беларусі.

 

Стайні палаца Пацёмкіна-Галынскіх

На вялікі жаль у незалежнай Беларусі руйнаванне помнікаў архітэктуры працягваецца…. Зусім нядаўна ў горадзе былі даволі ўнікальныя стайні, якія адносіліся да палаца Пацёмкіна-Галынскіх і стваралі разам з галоўным будынкам паўнавартасны палацава-паркавы комплекс.

Стайні (XVIII ст.) ў руінах. Фота Андрэя Кузьміна, 2005 г.

Стайні былі зруйнаваны пасля рэстаўрацыі палаца ў 2008 годзе, нягледзячы на тое, што ў 2003 годзе будынак у псеўдагатычным стыле быў уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Дзякуючы крычаўскаму краязнаўцу Андрэю Кузьміну, які зафіксаваў факт знішчэння стайняў, мы можам уявіць велічыню трагедыі. Падчас рэстаўрацыі палаца (2006-2008) стайні практычна знішчылі, пакінуўшы толькі падмуркі. Нават пасля знішчэння існаваў праект па іх адбудове і размяшчэнню там коней. Для наведвальнікаў музейнага комплекса і асабліва замежных турыстаў гэта магло стаць разынкай культурнай установы, што прыцягвала б немалую колькасць людзей рознага ўзросту. Аднак праект так і застаўся на паперы, добрая і крэатыўнаяідэя так не была рэалізавана. Падмуркі ад былых стайняў, якія непасрэдным чынам адносіліся да палацава-паркавага комплексу цяпер знаходзяцца за жалезным плотам музейнай тэрыторыі. Не многія крычаўляне на сённяшні момант будуць ведаць, што разбураныя падмуркі гэта і ёсць стайні, якімі карысталася калісьці мясцовая шляхта Галынскія, якім паўтара стагоддзі належыла перліна Крычава, з канца 18 стагоддзя і па 1917 год. Цяперашняя адміністрацыя музея і аддзел культуры мясцовага райвыканкама не звяртаюцьніякай ўвагі на рэшткі стайняў, якія нібыта наогул не адносяцца да палацавага комплекса.

Знішчаныя стайні пасля рэканструкцыі палаца Пацёмкіна-Галынскіх. Фота Андрэя Кузьміна

Парадаксальна цяпер глядзець на гарадскі банэр, на якім на фоне палаца размешчана брычка ці хутчэй нават карэта, на якой вязуць імператрыцу Кацярыну ІІ. Такое сцверджанне грунтуецца на тым, што ў сённяшнім гістарычным музеі г.Крычава культ графа Пацёмкіна і імператрыцы Кацярыны ІІ, бо кожнае другое мерапрыемства ў культурнай установе ладзіцца з удзелам гэтых гістарычных персанажаў.Банер выглядае, натуральна, вельмі супярэчліва. І пры гэтым падобны банер мог глядзецца вельмі дарэчна пры захаваных стайнях, якія музеефікаваны і ўключаны ў музейны комплекс. Аднак для гарадскіх уладаў гэты банер з’яўляецца абсалютна нармальным і не выклікае дысананса, што сведчыць пра слабае валоданне гісторыяй Крычава і абыякавасць да яе.

Банэр у Крычаве, які рэпрэзентуе перліну горада

 

Вінакурня

Будынак вінакурні пабудаваны напрыканцы 18 ст. Першы ўладальнік “святлейшы” князь Рыгор Пацёмкін, які наладзіў там скураную вытворчасць. Але неўзабаве ўладальнікам стаў мясцовы шляхціц Іван Галынскі. Менавіта ён перапрафіляваў вытворчасць і наладзіў выпуск спірту. Такім чынам, з канца 18 ст. і ажно да 1940-х гг. у гэтым будынку была размешчана вінакурня, а пазней спіртзавод.

Падчас акупацыі Крычава нямецка-фашысцкімі войскамі на тэрыторыі спіртзавода знаходзіўся працоў нылагер (арганізаваны нямецкай ваеннай адміністрацыяй). Там займаліся жывёлагадоўляй і выкарыстоўвалася прымусовая праца жыхароў навакольных вёсак. З пасляваеннага часу – піўны завод. Пасля таго як напрыканцы 1990-х гг. піўзаводбыў закрыты мясцовымі ўладамі, будынак знаходзіцца ў занядбаным стане. Рэстаўрацыя гэтага цікавага помніка прамысловай архітэктуры, на вялікі жаль, так і не адбылася.

Забыты колішні важны прамысловы аб’ект яшчэ і цікава размешчаны. Месца лакалізацыі – памежжа паміж горадам і вёскай, якое можна і прамінуць, калі праязджаеш мост празрэчку Добрасць. Нечакана і мяняецца назва вуліцы з Піянерскай на Цэнтральную, пры нязменнасці дарогі. Будынак былой вінакурні знаходзіўся ўжо за мастом, аднак размяшчэнне ў межах вёскі Калініна даволі фармальнае. Гэта меркаваннне пацвярджае доўгая вуліца, якая атрымала народную назву па прамысловаму прадпрыемству і лічыцца цэлым маленькім раёнам пад найменнем “Піўзавод”, што ўваходзіць у склад гарадской мяжы і на мапе выглядае як апендыкс, які зросся з вёскай Калініна (ранейша яназва – Задабрасць). Цікава прыгэтым, што знешне адрозненняў практычна не назіраецца, бо драўляныя хаты знаходзяцца паабапал дарогі як гарадской вуліцы, так і вясковай. З прыведеных фактаў вынікае, што завод меў свой уплыў на гарадскую прастору, таму можна вызначыць яго размяшчэнне як “памежнае”. Пры знаёмстве з падобнымі назіраннямі можа ўзнікнуць пытанне, калі сфармалавася вуліца, якая вядзе ад палаца Галынскіх да спірзавода. Адказаць вельмі няпроста, бо без прыцягнення архіўных дадзеных, картаў, вусных сведчанняў людзей раёна горада цяжка хоць нейкае меркаванне выказаць па гэтаму пытанню гарадской тапаграфіі. Усё ж з вялікай верагоднасцю можна лічыць з’яўленне гэтай вуліцы менавіта ў XX ст. Аднак абодва гістарычныя будынкі натуральна ўзаемазвязаны паміж сабой і ствараюць пэўную карціну тагачаснага развіцця мястэчка Крычаў, якое працягнулася за савецкім часам ужо ў паселішчы з гарадскім статусам.

Руіны былой вінакурні на ўскрайку Крычава. Фота Андрэя Кузьміна, 2012 г.

Старая вінакурня з’яўлялася ўнікальным гістарычным аб’ектам для горада, дзе ў савецкія часы знаходзіўся мясцовы піўзавод. Гэты помнік прамысловай гісторыі Крычаў страціў назаўжды, бо літаральна поўгады таму яго зруйнавалі, палічыўшы за непатрэбнае будаўнічае смецце. Замест таго каб захаваць вінакурню, зрабіўшы гарадской адметнасцю, паспрабаваць хаця б часткова рэканструяваць, уключыўшы ў турыстычны маршрут па горадзе, яе руйнуюць. Цяпер на месцы былой вінакурні знаходзяцца некалькі пагоркаў з будаўнічым смеццем, кавалкі сценаў са старой чырвонай цэглы, а таксама частка не да канца зруйнаваных падмуркаў. Відовішча вельмі сумнае, што выклікае пачуцці гневу і шкадавання. Застаецца толькі спасылацца на адсталасць і убогасць арганізатараў і выканаўцаў знішчэння помніка. Толькі самі задумайцеся: стары прамысловы аб’ект не проста страчаны, а быў знішчана ў незалежнай рэспубліцы самімі яго жыхарамі…

Алесь Крыжэвіч

апошія запісы

У шклоўскага краязнаўцы Аляксандра Грудзіны творчы юбілей

Дзяжурны адміністратар

В Кричеве «Белая Русь» повернулась лицом к людям?

ОТМЕНЕН! Байк-фестиваля «Осиповичи-2020» не будет