Яндекс.Метрика
Навіны Касцюковіч Навіны Крычава Эканоміка

Страты і скарачэнне працоўных месцаў. Што прынесла мадэрнізацыя цэментным заводам

З пачатку 2014 года на беларускі рынак хлынулі сотні тысяч тонаў цэменту. У выніку недальнабачнасці нашых «мадэрнізатараў»-міністраў, недастатковай маркетынгавай прапрацоўкі рынку на перспектыву, цэментная галіна Беларусі апынулася блізка да банкруцтва.

У лістападзе 2018 г. на нарадзе, прысвечанай павышэнню эфектыўнасці будаўнічага комплексу, Аляксандр Лукашэнка выказаў незадаволенасць тым, што мадэрнізаваныя цэментавыя заводы краіны так і не змаглі выйсці на прыбытковую працу з поўнай загрузкай.

«Сумарныя страты трох цэментных заводаў у параўнанні з мінулым годам выраслі больш чым у два разы і склалі Br 220 млн. Запазычанасць па крэдытах і пазыках – больш за $ 1 млрд», – канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, магутнасці па вытворчасці цэменту былі загружаныя на 70-80%, а імпартнага цэменту ў краіну завезлі амаль 0,5 млн. тонаў.

«Два гады запар заводы не могуць забяспечыць гадавы сезонны попыт на гэтую прадукцыю ў рознічнай сетцы», – дадаў ён.

Праз месяц пасля нарады ў Менску Камітэт дзяржкантролю Магілёўскай вобласці пацвердзіў высновы кіраўніка дзяржавы.

Вынікі мадэрнізацыі. Закрытая вытворчасць

Па словах былога супрацоўніка аддзела эканомікі Крычаўскага райвыканкаму, мадэрнізацыя крычаўскага цэментнага заводу планавалася яшчэ ў 90-я гады мінулага стагоддзя. У мясцовых чыноўнікаў была ідэя пабудаваць новы завод у раёне радовішча мелу, паблізу вёскі Каранец, сваімі сіламі і на беларускай тэхналагічнай базе. Перашкодзіла палітычная блытаніна ў краіне.

Да ідэі мадэрнізацыі цэментнай галіны вярнуліся праз пятнаццаць гадоў. Мяркуючы па ўсім, асноўны падыход заключаўся ў нарошчванні аб’ёмаў паставак на расейскі рынак, як гэта было ў ранейшыя часы. У Крычаве, да прыкладу, планавалася да 1,8 мільёна тонаў цэменту, што вырабляецца на старым заводзе, дадаць столькі ж – на новым.

Будаўніцтвам новага заводу займалася кітайская кампанія, бо крэдыт на пабудову быў звязаным. Завод удалося запусціць толькі ў жніўні 2013 году – Лукашэнку сваім указам давялося пераносіць тэрміны ўводу на год. Кіраўнік дзяржавы асабіста прылятаў націснуць кнопку пуску.

Знамянальная дата праз месяц была азмрочана скандалам – генеральны дырэктар цэментнага заводу Леанід Скоцкі (ён жа быў кіраўніком інвестыцыйнага праекту да свайго прызначэння генеральным) быў арыштаваны за карупцыйнае злачынства (хабар) і прысуджаны судом да дзевяці гадоў пазбаўлення волі.

Пакуль будаваўся новы завод у Крычаўскім раёне, у еўрапейскай частцы Расеі было пабудавана некалькі прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у кампанію «Еўрацэмент груп». Гэтая кампанія дыктуе кошты на цэментавым рынку. Не драмалі і іншыя сумежныя краіны. Ужо з пачатку 2014 году на беларускі рынак хлынулі сотні тысяч тонаў цэменту. Такім чынам, у выніку недальнабачнасці нашых «мадэрнізатараў»-міністраў, недастатковай маркетынгавай прапрацоўкі рынку на перспектыву, цэментная галіна Беларусі апынулася блізка да банкруцтва.

Прыйшлося тэрмінова прадпрымаць непапулярныя крокі – у Крычаве, да прыкладу, да канца 2014 году спынілі стары завод, які вырабляў цэмент так званым «мокрым» спосабам. Яго прадукцыя апынулася неканкурэнтаздольнай. Звыш 1100 рабочых і ІТР апынуліся «на вуліцы». Далёка не ўсім атрымалася працаўладкавацца на новы завод (на сайце выканкаму паказана, што колькасць працаўнікоў у 2019 г. – 916 чал.).


У 2012 г. завод з унітарнага прадпрыемства быў ператвораны ў адкрытае акцыянернае таварыства (праўда, набыць акцыі якога практычна немагчыма). У 2014 г. па ініцыятыве тагачаснага старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Пятра Рудніка і па ўзгадненні з А. Лукашэнкам ААТ «Крычаўцэментнашыфер» ўвайшло ў склад холдынгу «Беларуская цэментная кампанія» з цэнтрам у Касцюковічах. Па словах П. Рудніка, стварэнне БЦК павінна было ліквідаваць непатрэбную канкурэнцыю паміж заводамі ў Крычаве і ў Касцюковічах, «скараціць выдаткі і павысіць фінансава-эканамічныя паказчыкі». Генеральным дырэктарам кампаніі быў зацверджаны Уладзімір Кісялёў, першы намеснік старшыні аблвыканкама.

Новая адміністрацыя заводу прадпрымала пэўныя крокі, каб знізіць сабекошт прадукцыі (выкарыстанне торфабрыкету замест газу і вугалю), павысіць яе якасць, захаваць рынкі збыту нават шляхам паставак па дэмпінгавых цэнах, узгадніць з «Еўрацэмент груп» цэны і аб’ёмы прадукцыі на экспарт; з другога – прадпрыемства пераследвалі частыя паломкі, для ліквідацыі якіх даводзілася выклікаць кітайскіх спецыялістаў, мелі месца сур’ёзныя аварыі, рабочыя пісалі скаргі і патрабавалі тлумачэнняў з нагоды скарачэнняў і нізкіх заробкаў.

Але галоўнае – і БЦК, і ААТ «Крычаўцэментнашыфер» так і не выбраліся са стратаў, змушаючы Саўмін пагашаць узятыя на мадэрнізацыю крэдыты. Не дапамаглі нават прэферэнцыі, прадастаўленыя з 2015 г. вядомым указам А. Лукашэнкі №235.

Цэментны завод, нядаўні флагман эканомікі Крычава, да свайго 85-гадовага юбілею страціў сваё былое лідэрства ў вытворчай і сацыяльнай сферах, кадравы патэнцыял, перастаў быць топавым падаткаплатнікам.

Былы рабочы ААТ «Крычаўцэментнашыфер» Юры, звольнены з прычыны «аптымізацыі» і вымушаны з’ехаць у пошуках працы ў Польшчу, ў размове са мной выказаў меркаванне, што завод стаў закладнікам палітычных гульняў і некампетэнтнасці кіраўніцтва Беларусі, а таксама бесхрыбетнай пазіцыі мясцовай адміністрацыі.

Сяргей Няроўны/ААbelsat.eu

апошія запісы

Жители Кричева направили заявление в милицию и прокуратуру на чиновников за фальсификацию выборов

Дзяжурны адміністратар

«Завяршыць кампанію выбарам Лукашэнкі». Як крычаўскіх чыноўнікаў рыхтуюць да выбараў. ВІДЭА

Дзяжурны адміністратар

Серая воровка

Дзяжурны адміністратар