Яндекс.Метрика Суд Партызанскага раёна Мінска аштрафаваў кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва - Магілёўскі Рэгіён

Суд Партызанскага раёна Мінска аштрафаваў кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 4 ліпеня атрымаў штраф за ўдзел у акцыях пратэсту супраць забаўляльнага комплексу “Поедем поедим” каля Курапатаў.

Рыгор Кастусёў

Супрацоўнікі міліцыі затрымалі Рыгора Кастусёва раніцай 3 ліпеня па дарозе ў Мінск каля вёскі Лугавая Слабада. Палітык ехаў на спадарожным аўтамабілі з вёскі Цяхцін Бялыніцкага раёна, дзе знаходзіцца яго бацькоўская хата, у мінскі аэрапорт – ён накіроўваўся ў Варшаву для ўдзелу ў пасяджэнні міжнароднай камісіі сейма Польшчы.

У другой палове дня 4 ліпеня, пасля адсідкі ў ІЧУ УУС Мінскага раёна, Рыгора Кастусёва даставілі ў суд Партызанскага раёна, дзе прызналі вінаватым у «удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве паўторна на працягу года». За гэта ён будзе павінен заплаціць 735 рублёў штрафу (30 базавых велічыняў). На судзе прысутнічалі толькі міліцыянты і адвакат Кастусёва.

Па словах Рыгора Кастусёва, ён не можа зразумець, навошта прадстаўнікам правахоўных органаў спатрэбілася яго затрымліваць і змяшчаць у ІЧУ менавіта напярэдадні ўдзелу ў пасяджэнні міжнароднай камісіі сейма Польшчы. Палітык кажа, што падчас яго знаходжання ў ізалятары часовага ўтрымання УУС Мінскага раёна ён не атрымаў ніякіх тлумачэнняў на гэты конт. Супрацоўнікі міліцыі нават не дазволілі Рыгору Кастусёву скарыстацца тэлефонам, каб паведаміць родным аб сваім месцазнаходжанні.

Сяргей Семяновіч