Судовыя выканаўцы забаранілі Рыгору Кастусёву карыстацца аўтамабілем і гаражом

За нявыплату штрафаў судовыя выканаўцы наклалі абмежаваньні на выкарыстаньне аўтамабіля і гаража старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва.

Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі з Расеяй прайшлі ў сьнежні 2019 году. Кастусёў быў аштрафаваны на 810 рублёў. Акрамя таго, пасьля пачатку выканаўчай вытворчасьці яму трэба заплаціць яшчэ 10% штрафу. Агульная сума запазычанасьці — 891 рубель.

«Гэтыя суды прайшлі пасьля майго ўдзелу ў акцыях у сьнежні 2019-га. Шклоўскі раённы суд правёў два ці тры паседжаньні, я абскардзіў рашэньні ў абласным судзе. Паколькі не аплаціў штраф, справу перадалі судовым выканаўцам», — паведаміў БелаПАН кіраўнік Партыі БНФ.

Па словах палітыка, доўгі час ён ня быў у Шклове, таму пасьля прыезду атрымаў чатыры лісты ад судовых выканаўцаў. Накладзеная мера ў выглядзе «забароны ажыцьцяўленьня рэгiстрацыйных дзеяньняў у дачыненьні да транспартнага сродку і капітальнага будынку (гаражу)».

«Я пасьпеў сустрэцца з судовай выканаўцай, яна сказала, што павінен выплаціць запазычанасьць за месяц», — растлумачыў Рыгор Кастусёў, дадаўшы, што 26 траўня чакае дадому візыту службовай асобы для ацэнкі «ўзроўню жыцьця».

Апазыцыянэр адзначыў, што будзе шукаць дапамогі ў сяброў, каб выплаціць штраф.

Крыніца: Радыё Свабода

Яндекс.Метрика