Яндекс.Метрика Святкаванне 9 мая ў Крычаве - Магілёўскі Рэгіён

Святкаванне 9 мая ў Крычаве


Мерапрыемства з т.зв. Дня Перамогі ў Крычаве пачалося з раніцы. Святкаванні адбываліся ў самым густанаселенай частцы горада “Мікра” (у народнай тапаніміцы).

А 10-й гадзіне шматлікія бюджэтныя арганізацыі і навучальныя ўстановы прайшліся шэсцем з дзяржаўнай сімволікай да Парка Перамогі, дзе знаходзіцца Курган Славы. Менавіта там штогод праводзяцца ўрачыстае адкрыццё і мытынг у гонар даты 9 мая.

Гэта савецкая традыцыя святкавання Дня Перамогі цягнецца яшчэ з 1970-х гг., бо ў 1969 годзе адбылося адкрыццё Кургана Славы. Сёлета не стала выключэннем і мітынг, які адкрываў ўрачыстасці з нагоды Дня Перамогі праводзіўся менавіта каля Кургана Славы. Склад “выступоўцаў” быў дастаткова стандартны: старшыня Крычаўскага райвыканкама Андрэй Седукоў, старшыня Крычаўскага раённага Савета дэпутатаў Ірына Пруднікава, прадстаўніца ветэранскай арганізацыі Зінаіда Скачкова, старшыня мясцовага дзяржаўнага прафсаюза Жывіцкі Валерый, дырэктар Гістарычнага музея г. Крычава і прадстаўнік т.зв. маладзёжнага парламента пра Нацыянальным сходзе РБ Уладзімір Мішчанка і некаторыя іншыя прадстаўнікі Крычаўскага райвыканкама.

Прамовы былі аднастайныя і адыёзныя, на іх вельмі слаба рэагавала аўдыторыя, што апынулася на мітынгу ў “добровольно-принудительном порядке». Напрыклад, праваслаўная камуністка Зінаіда Скачкова з трыбуны заявіла пра тое, што амерыканцы праз дэмакратыю хочуць падарваць беларускую стабільнасць, а Мішчанка ўпэўніў прысутных, што мы не дадим переписать историю Великой Отечественной войны».

Не вылучаўся на іх фоне і яшчэ адзін вертыкальшчык – Андрэй Седукоў, прамова якога была шэрай і непрыцягальнай. Усе гэтыя размовы не аб чым практычна не ўплывалі на прысутных людзей, якія чакалі хутчэйшага сканчэння т.зв. “мітынга”.

Пасля шэрых прамоваў на паўтарыгадзінным мітынгу мерапрыемствы па святкаванні 9 мая працягваліся, праўда, большая частка людзей разыйшлася па дамах. Далей святкаванні праходзілі на мясцовым футбольным стадыёне “Сож-2002”, дзе адбыўся канцэрт, а завершылася святкаванне з нагоды Дня Перамогі вячэрнім салютам.

На тэрыторыі самога Парка Перамогі людзей стараліся забаўляць прадстаўнікі культурнай сферы. Напрыклад, знаходзіўся бутафорскі партызанкскі лагер, дзе людзі ў савецкай ваеннай форме спявалі песні ваенных часоў. Варта адзначыць, што на мерапрыемстве было засілле чырвона-зялёных колераў. Чырвона-зялёную стужку на адзенні насілі практычна кожны другі (як чыноўнікі, так і вучні, настаўнікі і прадстаўнікі розных дзяржаўных структур), у сцягштоках было шмат вялікіх сцягоў чырвоных і зялёных колераў.

На дзіва вельмі рэдка сустракалася савецкая сімволіка, хаця некаторыя з энтузіязмам рабілі фотаздымкі з савецкія сцягам. Усё адбылося, як і 20 гадоў таму: па-савецку, нецікава, па-бутафорску і дастаткова прымітыўна. Лозунгі і прамовы наогул адкідвалі слухачоў у часы брэжнеўскага застою, калі ва ўсіх бедах тагачасныя ўлады вінавацілі ворагаў вакол.

Алесь Крыжэвіч. Фота аўтара