Яндекс.Метрика
Культура Навіны Шклова

Свята Узвышэння Святога Крыжа адбылося ў вясковай капліцы ў Шклоўскім раёне

14 верасня ў Касцёле адзначаецца свята Узвышэння Святога Крыжа. Лічыцца, што 14 верасня 335 г. была асвячона святыня над пячорай Гробу Пана, у якім устанавілі знойдзены Крыж Збаўцы.

 

У Шклоўскім раёне на могілках вёскі Княжыцы таксама ёсць капліца Узвышэння Святога Крыжа. 14 верасня сюды, на святочную імшу, сабраліся не толькі мясцовыя вернікі, але і з суседніх куткоў. Да княжыцкай капліцы завіталі вернікі з Магілёва, Горак, Оршы, Шклова і суседняга аграгарадка Фашчаўка.

Сёлета мясцовыя вернікі зрабілі шмат намаганняў каб гэты духоўны куток стаў больш прыгожы і прывабны. Выкананы шматлікія рамонтна-будаўнічыя работы: пафарбаваны сцены, заменены вокны, зроблен новы дах. Вернікі з горада Смаргоні перадалі ў Княжыцы выяву Святога Крыжа.

З прывітальным словам да прысутных звярнуўся пробашч ксёндз Аляксандр Шупенька, а ўзначаліў урачыстае набажэнсва ксёндз Віталій Маргуноў – пробашч парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі з Магілёва. У казанні да вернікаў Аляксандр Шупенька нагадаў гісторыю Свята Узвышэння Святога Крыжа і адзначыў: “Хрысціянскі Крыж – гэта не проста сімвал або амулет. Гледзячы на Святы Крыж вернікі павінны ўспамінаць, праз што прайшоў Езус Хрыстус і чаму былая прылада для забойства стала сімвалам збаўлення чалавецтва”.

Гучала малітва, рэлігійныя спевы. Пасля імшы быў пачастунак, абавязковыя новыя сустрэчы, размовы і знаёмствы. Свята Узвышэння Святога Крыжа лунала ў наваколлі.

Шклоўскія вернікі перад ад’ездам у Княжыцы

Гістарычная даведка: Вёска Княжыцы традыцыйна належыць да каталіцкага асяродка славутага Фашчаўскага касцёла У 70-х гадах XX стагоддзя ў вёску Княжыцы, якая зручна размясцілася на аўтамагістралі Санкт-Пецярбуг – Адэса, патаемна прыязжаў ксёндз Юзаф Петушка. Як успаміналі жыхары Княжыц, святар звычайна ўсю ноч спавядаў, пад раніцаю адпраўляў Святую Літургію, а пасля хутка ад’яджаў, бо маглі з’явіцца прадстаўнікі тагачаснай ўлады. З восені 1994 года ў Княжыцы пачынае рэгулярна даязжаць з Магілёва ксёндз Зыгмунт Хадасоўскі. Менавіта яго намаганнямі на могілках у Княжыцах у 1996 годзе была пабудавана капліца паводле праекту інжынера Магдалены Гавін. З дапамогай мясцовых жыхароў-вернікаў пачалося будаўніцтва памяшкання: капалі яму для фундамента, насілі камяні з бліжэйшых палёў і рову, дапамогалі будаўнікам класці цэглу, пакрываць дах. Актыўны ўдзел у будаўніцтве і падпісанні неабходных дакументаў для адкрыцця парафіі ў Княжыцах прымаў Віктар Петакоў, які зараз узначальвае мясцовую парафію.

Алесь Грудзіна. Фота аўтара

апошія запісы

В Шкловской ЦРБ от коронавируса выздоровели 36 пациентов

Дзяжурны адміністратар

Могилевский драмтеатр откроет новый сезон 10 июня концертной программой

Это Шклов, детка!