Святлана Ціханоўская здымаецца з выбарчай гонкі: «Паступіў званок з пагрозамі мне і дзецям»

Cвятлана Ціханоўская запісала відэазварот аб тым, што ёй паступаюць пагрозы адносна далейшага працягу ўдзелу ў перадвыбарнай гонцы. Відэа Ціханоўская даслала ў рэдакцыю TUT.BY.

— Я знаходжуся ў Гомелі, я прыехала сюды, каб пачаць здачу подпісаў, сабраных у маю падтрымку, і на парозе адной з адміністрацый мне паступіў званок з пагрозамі ў мой адрас і на адрас маіх дзяцей з умовай таго, што я не павінна працягваць гэтую паездку. Перада мной стаіць выбар: дзеці або далейшая барацьба, думаю, мой выбар будзе відавочны. Прашу вас з разуменнем паставіцца да любога майго рашэння. Хачу сказаць, што, калі б Сяргей быў на волі, ён бы сказаў вам не здавацца, — сказала Ціханоўская.

Нагадаем, з 24 мая на Камароўцы збіраліся шматлюдныя чэргі да пікетаў Святланы Ціханоўскай, а таксама да пікетаў Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы. 11 чэрвеня Святлана Ціханоўская заявіла, што здымае свае пікеты па зборы подпісаў у Мінску і абласных гарадах на 12, 13 і 14 чэрвеня з-за асцярогі, што там могуць адбыцца правакацыі ў дачыненні да зборшчыкаў подпісаў. Да гэтага было затрымана больш за 10 сябраў ініцыятыўнай групы Ціханоўскай.

***

Кіраўніка ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Сяргея Ціханоўскага і яшчэ дзевяць чалавек затрымалі 29 мая ў Гродне падчас пікета па зборы подпісаў. Гэтаму папярэднічаў інцыдэнт, у выніку якога ўпаў міліцыянт. Відавочцы падзей назвалі гэта правакацыяй, а МУС заявіла, што затрыманыя ўжылі гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі Ленінскага РАУС з мэтай перашкодзіць іх законнай дзейнасці.

3 і 4 чэрвеня на лецішчы ў Ціханоўскага пад Гомелем і ў яго офісе ў Гомелі прайшлі ператрусы. Падчас ператрусу на лецішчы следчыя знайшлі 900 тысяч даляраў. Ператрус доўжыўся з трэцяй гадзіны дня да трэцяй ночы. Грошы следчыя знайшлі каля другой гадзіны ночы падчас трэцяга ператрусу. Падчас першых двух нічога знойдзена не было.

Беларускія праваабаронцы прызналі Сяргея Ціханоўскага палітвязнем і запатрабавалі ягонага вызвалення.

9 чэрвеня Сяргею Ціханоўскаму і яшчэ сямі асобам Следчы камітэт прад’явіў абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэкса Беларусі, дзеянні аднаго з іх дадаткова кваліфікаваныя следствам па арт. 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Па «справе Ціханоўскага» ў Менску пад вартай таксама ўтрымліваюцца Яўген Рознічэнка, Дзмітрый Фурманаў, Уладзімір Навумік, Вяргілій Ушак, Аляксандр Арановіч, Васіль Баброўскі і Арцём Сакаў.

Крыніца: “Наша ніва”

Яндекс.Метрика