Яндекс.Метрика Новости по тегу "100 лет БНР" - Магілёўскі Рэгіён

Мастацкая выстава пра Беларусь, якую не жадаюць бачыць чыноўнікі

23 кастрычніка ў Магілёве прэзентавалі мастацкую выставу “100 гадоў барацьбы, гонару і годнасці”. У экспазіцыі прадстаўлены творы жывапісу з выставы “Код: 25.03.18”, што ўвесну 2018 года ладзілася  Беларускім саюзам мастакоў у мінскім Палацы мастацтваў. 

На выставе можна пабачыць працы мастакоў суполкі “Пагоня” розных стыляў жывапісу і графікі, але аб’ядноўвае іх тэма Беларусі – тут ёсць выявы адметных гістарычных будынкаў, краявіды і, безумоўна, вядомыя асобы – прадстаўнікі беларускага адраджэння. Усяго на выставе можна пабачыць больш за дваццаць работ аўтарства Міколы Купавы, Віктара Маркаўца, Мікалая Крукава, Міколы Рыжага, Віктара Мікіта і Людмілы Зарубінай. Акрамя мастацкіх твораў, экспазіцыю дапаўняюць вялікія постэры з фотапартрэтаў дзеячаў ураду БНР і беларускага нацыянальнага руху розных часоў – Вацлава Ластоўскага, Язэпа Лёсіка, Ларысы Геніюш і іншых.

Пад час прэзентацыі падрабязна распавёў пра ўсе акалічнасці, звязаныя як з самой суполкай “Пагоня”, так і непасрэдна з ідэяй і рэалізацыяй мастацкага праекту “100 гадоў барацьбы, гонару і годнасці” магілёўскі мастак Базыль Камароў. Ён жа зладзіў і невялічкую “экскурсію” па экспазіцыі. Больш падрабязныя звесткі пра перыяд БНР і ўвогуле пра гісторыю адраджэння нашае дзяржаўнасці на працягу гэтых 100 год, пра некаторых нацыянальных дзеячаў распавялі гісторыкі Ігар Пушкін і Аляксандр Агееў. Але зрабілі яны гэта не звычайным спосабам, а ў выглядзе гістарычнай віктарыны з цікавымі прызамі. Адзін з пачынальнікаў новага адраджэнскага руху канца 80-х пачатку 90-х гадоў Міхась Булавацкі дадаў крыху падрабязнасцяў пра найноўшы перыяд нашай гісторыі і яркіх асобаў гэтага часу.

Мастак Базыль Камароў
Ігар Пушкін – беларускі гісторык, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, першы дырэктар Музэю гісторыі горада Магілёва (1992—2001)
Сціслая лекцыя па гісторыі
Аляксандр Агееў — гісторык, кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін МДУ імя Куляшова
Прыз для аднаго з пераможцаў віктарыны
Гісторыю ў нас ведаюць людзі розных узростаў, нават такія юныя беларусы
І яшчэ адзін пераможца
Міхась Булавацкі – беларускамоўны настаўнік матэматыкі, паэт і публіцыст, грамадскі дзеяч, старшыня абласнога аддзялення Таварыства беларускай мовы імя Скарыны

Трэба дадаць, што першапачаткова планавалася зладзіць выставу ў адным з гарадскіх музеяў, але адказныя чыноўнікі зацягвалі час на бясконцыя ўзгадненні, таму экспазіцыю размясцілі ў адным з памяшканняў грамадскага цэнтру “Кола” па завулку Чкалава, 16. Пабачыць выставу можна пад час розных культурніцкіх і грамадскіх мерапрыемстваў, што кожны дзень адбываюцца ў гэтай утульнай і сяброўскай прасторы.  Выстава прабудзе ў Магілёве яшчэ некалькі дзён, пасля чаго пераедзе далей – у Гомель і Берасце.

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара

 

 

Беларуская Народная Рэспубліка: самая праўдзівая гісторыя

22 траўня ў Магілёў завіталі гісторык Уладзімер Ляхоўскі і выдавец Валер Булгакаў. Яны правялі лекцыю-прэзентацыю на тэму “Беларуская Народная Рэспубліка: самая праўдзівая гісторыя” 

Госці распавялі цікавыя падрабязнасці пра войска, замежныя місіі ды культурную палітыку Беларускай Народнай Рэспублікі, прадэманстравалі каля 300 малавядомых фатаздымкаў з розных аспектаў дзейнасці БНР. Былі так сама прадстаўленыя свежыя кнігі і часопісы ад выдавецтва “ARCHE“.

Сустрэчу арганізавала магілёўская суполка Таварыства беларускай мовы імя Скарыны ў шэрагу імпрэз з нагоды 100-годдзя БНР, а прайшла яна ў грамадскім цэнтры Кола.

Падрабязнасці глядзіце ў відэарэпартажы.

Алесь Сабалеўскі

Презентация монографии могилевских ученых-историков состоялась в Праге

В Праге (Чехия) состоялась презентация монографии могилевских ученых, кандидатов исторических наук Александра Агеева и Игоря Пушкина «Фарміраванне і дзейнасць Магілёўскага Беларускага Камітэта (1917–1918)», изданной в МГУ им. Аркадия Кулешова. 
 
Она проходила в Доме национальных меньшинств и была организована представителями белорусской диаспоры. Участие в презентации прияли ученые, музейные работники, общественные деятели из Чехии и Беларуси, интересующиеся историей становления белорусской государственности.

Монография посвящена 100-летию создания Могилевского Белорусского Комитета. Как сообщили в Могилевском госуниверситете продовольствия, где преподает Игорь Пушкин, сотрудники газеты «Літаратура і мастацтва» редакции РИУ «Издательский дом «Звязда» на исходе Года науки (2017) отметили монографию в числе значительных научных публикаций Беларуси.

Крыніца: mogilevnews.by

 

Рыгор Кастусёў: «Для некаторых палітыкаў юбілей БНР быў проста пляцоўкай для рэалізацыі дробязных амбіцыяў»

На плечы лідара БНФ у плане падрыхтоўкі Свята незалежнасці 25 сакавіка выпала не самая простая задача: перамовы з чыноўнікамі, часам, вельмі высокага рангу. Для кагосьці гэта «здрада», для іншых — канструктыўная праца. Як праходзілі перамовы, што атрымалася, а што не?

Рыгор Кастусёў на з’ездзе БНФ

Ці ўсё з задуманага і дамоўленага па адзначэнні 25 сакавіка атрымала ход? Ці ёсць беларускае чынавецтва адзіным маналітам альбо гэта людзі розных поглядаў, як неакамуністычных, так і нацыянальных? Распавядае лідар Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.
Ад Савету Міністраў да “Звязды”
Аргкамітэт па святкаванні 100-годдзя БНР пачаў працу яшчэ на мяжы 2016-2017 гадоў. У лістападзе ад імя аргкамітэту я пачаў абыход уладных кабінетаў з прапановамі па 100-годдзі БНР: ад МЗС і Савета міністраў да Мінгарвыканкаму і газеты «Звязда». Стаўленне было рознае, але ў цэлым на тым баку многія асэнсавалі, што без нацыянальнага фундаменту краіна не можа трывала стаяць. Гэта адкрывала акно магчымасцяў, якія нельга было ўпусціць.
Наш праект святкавання даты змясціўся на сямі аркушах. Першым саюзнікам стала стала Акадэмія навук. Менавіта яе пазітыўнае заключэнне дало зялёнае святло разнастайным ініцыятывам і стала сігналам для іншых дзяржаўных установаў.
Пра рознае чынавецтва
Некаторыя дзеянні дзяржаўных службоўцаў па адзначэнні юбілею могуць выклікаць усмешку — сістэму ўлады ў Беларусі юбілей БНР памяняць не мог. Напрыклад, у Карэлічах лекцыю па гісторыі БНР чытала тамтэйшая актывістка кампартыі. Але больш важна, што яна была вымушаная гэтую лекцыю чытаць паводле рэкамендацыі аблвыканкама, разасланай па ўсіх ўстановах культуры Гарадзеншчыны.
Чыноўнікі розныя: хтосьці мае прагматычнае разуменне, што без незалежнасці горш будзе ўсім, дзесьці ёсць шчыры патрыятызм, дзесьці будуць выконваць усё тое, што спушчана зверху. Каля траціны нашых прапановаў атрымала ход і падтрымку. Чынавенства — гэта не маналіт, там можна знайсці цалкам розных людзей, з якімі можна і варта працаваць.

Падчас круглага сталу ў газеце «Звязда»

 

Пра Якубовіча і Сярэдзіча
Прапанаваны ўладам план мерапрыемстваў да 100-годдзя БНР мы дасылалі і ў «Савецкую Беларусь» і ў «Народную Волю». Праігнаравала зварот толькі апошняя! У выніку для чытача гэтай газеты дзеянні ўладаў напярэдадні 25 сакавіка выглядалі нейкай раптоўнай і хітрамудрай камбінацыяй, хоць насамрэч яны проста ішлі насустрач нашым прапановам.
Пра АртСядзібу і блогераў
Пасля нашых зваротаў у адміністрацыю прайшлі перамовы з Мінгарвыканкамам. Былі атрыманыя неафіцыйныя, але прагматычныя прапановы пра магчымы фармат святкавання 25 сакавіка ў Мінску. Падкрэслю, што для нас акцыя ў сталіцы была толькі часткай планаў па адзначэнні 100-годдзя БНР. Атрыманыя прапановы я агучыў на паседжанні аргкаміэту, што стаў вядомы дзякуючы відэастрыму, і пасля якога мы аб’ядналі высілкі з АртСядзібай і супольнасцю блогераў. Гэтыя людзі мелі распрацаваны план свята незалежнасці, але ўлады не давалі ім дазволу. У нас жа атрымалася дамагчыся пазітыўнага рашэння на палітычным узроўні. Пасля гэтага і тэхнічныя пытанні вырашаліся прасцей.

Паседжанне аргкамітэту па святкаванні 100-годдзя БНР

Пра канцэрт і пратэст
Аргкамітэтам 100-годдзя БНР быў абраны фармат: Свята Незалежнасці. Але асобныя сябры аргкаму ўсё адно бачылі 25 сакавіка толькі як чарговую нагоду да пратэсту. Зразумела, мы адхілілі гэта: для Беларусі важней далучыць дзясяткі тысячаў новых людзей праз канцэрт, чым проста дзясяткі вывесці на пратэст, якіх было і будзе яшчэ шмат. Шкада, што для некаторых палітыкаў вялікі юбілей быў проста пляцоўкай для рэалізацыі сваіх амбіцыяў, прычым вельмі дробязных.
Пра дзве скасаваныя заяўкі на шэсце
Намі былі пададзеныя заяўкі на мітынг-канцэрт і шэсце ад скверу Купалы да Опернага, каб людзі паспелі на пачатак свята. Усё ішло да таго, што Мінгарвыканкам дазволіць і шэсце, і канцэрт, прынамсі, так вынікала з перамоваў. Але раптам мы дазнаемся, што сябры БНК падалі заяўку на сваё шэсце ад плошчы Якуба Коласа да Оперы, заявіўшы, што будуць арганізоўваць шэсце нават у несанкцыянаваным фармаце. Пасля гэтага ўлады скасавалі абедзве заяўкі на шэсце, а шмат якія ініцыятывы, пра якія ўжо існавала дамоўленасць, былі замарожаныя.

Ігар Марзалюк і Рыгор Кастусёў на адкрыцці выставы, прысвечанай БНР, у Нацыянальным музеі

 

Пра дзве тактыкі вырашэння пытання
Мой падыход такі: ёсць два варыянты вырашэння пытання, дзве тактыкі. Першая – гэта стаць у позу, паўтарыць сто разоў ужо гаворанае пра «крывавы рэжым», зрабіць усё як заўсёды, ды сесці на суткі ці атрымаць штраф. А плён які? Другі варыянт – гэта разабрацца, якія магчымасці адкрытыя менавіта цяпер, якія ёсць шансы, і не ўпусціць іх. Калі патрэбны вынік, дык трэба працаваць, а не займацца самарэкламай.
Пра тое, што не атрымалася
Агулам да 100-годдзя незалежнасці была рэалізаваная прыкладна траціна ад нашых прапановаў. Што не атрымалася? Мы б хацелі, каб вуліца Валадарскага займела імя братоў Луцкевічаў. Хацелі, каб МЗС правяло прыёмы, прысвечаныя 25-му сакавіка ў сваіх амбасадах за мяжой, а таксама ўшанавала памяць БНР у тых месцаў, дзе ў 1918-20-м працавалі беларускія дыпламатычныя місіі… Але, мабыць, не ўсё адразу.
Пра карцінку ў замежных СМІ
Агульны вынік неблагі, асабліва ў параўнанні з той роспаччу і паняверкай, якая апанавала незалежніцкія колы пасля 25 сакавіка 2017 году. Нашая задача была — не дапусіць, каб пра стагоддзе беларускай незалежнасці свет даведаўся з навінаў пра чарговае задушэнне пратэстаў на вуліцах Мінска. Свята адбылося, і адбылося годна. Але, нажаль, у замежных СМІ карцінка з Мінску была звычайная — хапун, арышты, збіццё… Гэта тое, што не атрымалася: унутры Беларусі Свята Незалежнасці сталася самай маштабнай акцыяй патрыётаў, але навонкі пайшоў зусім іншы мэсыдж.

Мемарыяльная шыльда, якая гадамі стаяла на офісе партыі БНФ

Пра памятную шыльду БНР на Валадарскага
З шыльдай сітуацыя наступная: 23 сакавіка яна мелася быць усталяваная. Але ўрачыстае адкрыццё шыльды – гэта масавае мерапрыемства, гэты момант мы не паспелі ўзгадніць. У СМІ раней часу пайшла інфармацыя пра дату адкрыцця, і гэта стала фармальнай нагодай для таго каб улады затармазілі працэс. Уключыліся і апаненты: ад прарасійскіх шавіністычных колаў у выканкам пайшлі звароты супраць усталявання… У выніку дамагчыся ад выканкама рэалізацыі раней дасягнутых палітычных дамоўленасцяў было ўжо цяжка. Станам на сёння бюракратычны бок пытання вырашаны. Мінгарвыканкам, з іхных словаў, зацікаўлены ў станоўчым вырашэнні сітуацыі. Спадзяюся, слова стрымаюць.
Пра галоўны прарыў
Галоўнае дасягненне і прарыў, на мой погляд, гэта тое, што атрымалася вывесці такі важны момант нашай гісторыі з ценю, заангажаваць у гэты працэс і грамадства, і дзяржаўныя структуры. Ужо ёсць разуменне, што БНР — гэта ўласнабеларускі праект, лёсавызначальны, і важны для нашай будучыні. Гэта было сапраўды народнае свята, яго рабілі палітыкі, грамадскія актывісты, блогеры, арганізатары выставаў, бровары, што варылі адмысловае піва да юбілею. І прынцыпова важна — улады перасталі дэклараваць варожае стаўленне да гэтай даты.

Алесь Кіркевіч

Крыніца: “Новы час”

 

Сталіцай БНР ледзь не стаў Магілёў

Магілёў у 1918 годзе быў цэнтрам беларускага руху, а мог стаць і цэнтрам БНР – пра гэта заяўляюць гісторыкі Алесь Агееў і Ігар Пушкін, аўтары манаграфіі «Фармаванне і дзейнасць Магілёўскага беларускага камітэту» (далей – МБК). Згодна іх даследаванню, 12 кастрычніка 1917 года ў Магілёве на нарадзе беларускіх арганізацыяў абмяркоўвалася пытанне правесці Усебеларускі з’езд у Магілёве. Такім чынам, Магілёў мог стаць першай сталіцай Беларусі. Але пасля кастрычніцкіх падзеяў быў рэалізаваны іншы праект – і з’езд адбыўся ў Менску.

Затое Магілёў быў адзіным губернскім горадам, які падтрымаў абвяшчэнне БНР у Менску. Гэта здарылася роўна 100 год таму, 31 сакавіка 1918 года. У гэты сімвалічны дзень гісторыкі і даследчыкі дзейнасці МБК Ігар Пушкін і Алесь Агееў правялі пешую экскурсію па мясцінах, звязаных з гісторыяй БНР.

Сярэдняя школа № 1 (вул. Першамайская, 24)

Былая Марыінская жаночая гімназія. Менавіта тут 31 сакавіка 1918 года адбыліся кульмінацыйныя падзеі: Магілёў, адзіны сярод губернскіх гарадоў, сумеў сабраць грамаду, каб падтрымаць абвяшчэнне БНР у Менску. Прадстаўнікі дзяржаўных, грамадскіх і прафсаюзных арганізацыяў, прадстаўнікі самых розных нацыянальнасцяў: палякі, украінцы, габрэі, літоўцы, беларусы – усяго 400 дэлегатаў – на сходзе ў гэтым будынку падтрымалі ўтварэнне БНР. Ідэю сярод грамадства прасоўваў Магілёўскі беларускі камітэт. На той момант беларусы сярод насельніцтва Магілёва займалі толькі пятую частку, але МБК удалося даказаць астатнім, што свая ўлада лепш за расейскую.

Магілёўскі скульптар Андрусь Вераб’ёў прэзентаваў свой эскіз памятнай шыльды ў гонар 100-годдзя БНР – з Пагоняй і крылом, што азначае ўзлёт незалежнасці, беларускай дзяржаўнасці. Падчас экскурсіі распачаўся збор подпісаў пад зваротам у гарвыканкам з прапановай усталяваць гэтую шыльду на будынку сярэдняй школы № 1.

Скульптар Андрусь Вераб’ёў трымае ў руках эскіз шыльды
Праект памятнай шыльды ў гонар 100-годдзя БНР

Ратуша і шлюбны будынак

Тут засядала гарадская ўправа. Менавіта тут варта ўзгадаць і Гарадскую Думу Магілёва, у якой 6 з 40 мандатаў мелі прадстаўнікі Магілёўскага беларускага камітэту. Беларусы ў Думе стварылі сваю, вельмі ўплывовую фракцыю. Беларускае пытанне на старонках тагачасных газет было такое ж папулярнае, як і пытанне хлеба.

На плошчы перад тагачаснай Ратушай магілёўскія патрыёты ладзілі вулічныя акцыі. Першая з іх прайшла ў 1917-м на Купалле. Сябры МБК прадавалі квіткі на свята, а таксама ўсталявалі скрыню для ахвяраванняў, што ў выніку дазволіла ім сабраць каля 2 000 рублёў (сярэдні заробак у горадзе ў той час складаў 30–40 рублёў). Менавіта на гэтыя грошы МБК і ажыццяўляў сваю дзейнасць.

Алесь Агееў

Корпус МДУ імя А. Куляшова (вул. Камсамольская, 18)

Калісьці – рэальнае вучылішча. Узровень адукацыі тут быў вельмі высокі, пасля сканчэння вучылішча можна было стаць інжынерам. На пачатку XX стагоддзя выкладчыкам у гэтым вучылішчы працаваў Міхаіл Кахановіч – кіраўнік Магілёўскага беларускага камітэту. Праводзіў агітацыю сярод настаўнікаў вучылішча. Міхаіл Кахановіч браў удзел у першым з’ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый, ва Усебеларускім нацыянальным з’ездзе. Сёння ў Магілёве жывуць нашчадкі Кахановіча.

Таксама гэты будынак вядомы тым, што ў ім быў створаны беларускі гурток рэалістаў.

 

Царква Святога Мікалая

Звязаная з першымі дэмакратычнымі выбарамі ў Гарадскую Думу. Сябры Магілёўскага беларускага камітэту бралі актыўны ўдзел у выбарах: распрацавалі ўнікальную муніцыпальную праграму, удала вялі агітацыю ў прыходах. Каля царквы Святога Мікалая агітацыю праводзіў сам старшыня МБК Міхаіл Кахановіч.

Пажарны завулак, 9

У 1917 годзе тут знаходзілася электрадрукарня Рабіновіча. Менавіта ў ёй па ініцыятыве Магілёўскага беларускага камітэту надрукавалі першую вучэбную «Праграму па гісторыі беларускага народа».

Спартовая школа «Багіма». Вул. Ленінская, 25

Раней палац першага магілёўскага каталіцкага архіепіскапа Станіслава Богуш-Сестрынцэвіча. Яго ў сваім мемарандуме ад 1921 года на імя Папы Рымскага ўзгадвае Урад БНР. У дакуменце ў якасці станоўчага прыклада прыводзіцца дзейнасць Станіслава Богуш-Сестрынцэвіча, які ў 1772 годзе прапаноўваў сваім святарам казаць казанні і праводзіць катэхізацыю на беларускай мове.

Дзейнасць Магілёўскага беларускага камітэту 100 гадоў таму мела выключную значнасць для беларускага руху. 23 сакавіка 1917 года магілёўскія патрыёты стварылі Магілёўскі беларускі гурток, а праз месяц зарэгістравалі легальную арганізацыю – МБК, якая займалася шырокім колам беларускіх пытанняў: выступала за аднаўленне народных гулянняў і святаў, спрыяла арганізацыі беларускага школьніцтва, бібліятэк, выдавецтваў, праводзіла лекцыі па гісторыі і культуры Беларусі, садзейнічала пашырэнню кааператыўнага рух, а таксама брала ўдзел ува ўсіх важных палітычных працэсах. МБК паспрыяў таму, што Магілёў падтрымаў БНР.

Фота: belsat.eu

АС

Крыніца: belsat.eu

 

Магілёўцы працягваюць адзначаць 100-годдзе БНР (фота)

Краязнаўчая экскурсія па мясцінам, звязаным з БНР і  Беларускім Нацыянальным Камітэтам, адбылася 31 сакавіка ў Магілёве. 

У гэты дзень роўна сто год таму ў будынку былой жаночай гімназіі (зараз – школа №1 па вуліцы Першамайскай у Магілёве), на сходзе прадстаўнікоў партый, аб’яднанняў і таварыстваў магілёўцы падтрымалі абвяшчэнне незалежнасці БНР.

Прывёў экскурсію, удзел у якой прынялі каля 50-ці чалавек, гісторык Аляксандр Агееў, а скульптар Андрэй Вараб’ёў прэзентаваў эскіз памятнай дошкі ў гонар той падзеі. Пад час экскурсіі быў распачаты збор подпісаў пад зваротам да ўладаў на ўсталяванне шыльды на будынку школы №1.

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара