Яндекс.Метрика Алесь Крыжэвіч Archives - Page 2 of 3 - Магілёўскі Рэгіён

Крычаў: Недарэчнасць усталявання новага-старога помніка

Адной з самых гучных падзей тыдня стала знікненне трактра-помніка з пастаменту ў аграгарадку Касцюшкавічы. Помнік, які быў усталяваны ў 1981 годзе раптам знік, што спарадзіў занепакоенасць мясцовых жыхароў, а таксама шмат чутак наконт яго лёсу. З дапамогай спецтэхнікі трактар звезлі нібыта на “рэстаўрацыю” (як паведаміў старшыня Касцюшкавіцкага савета дэпутатаў Мядзведзеў Уладзімір), пасля чаго ён апынуўся на пастаменце ля былога транспартнага прадпрыемства “Крычаўгрузаўта”. Гісторыя канешне непыповая, пагэтаму нарабіла шуму і ўскалыхнула мясцовую супольнасць.

Важна адзначыць, што гэта акцыя крычаўскага чынавенства спланаваная, а не раптоўнае рашэнне, як магло б падацца. Адзначу, што ў верасні незалежная супольнасць Крычава даслала калектыўны зварот у мясцовы райвыканкам з мэтай устанавіць прычыну знікнення з пастаменту ЗІЛ-164. Вось што адказалі чыноўнікі лістом ад 8.10.2020:

Кричевский районный исполнительный комитет (далее – райисполком) на Ваше коллективное обращение сообщает следующее.

Памятник автомобилю ЗиЛ-164, который располагался возле территории бывшего ГАП-18 по ул. Комсомольской, 130 в г. Кричеве, был демонтирован в связи с высокой степенью износа.

В настоящее время рассматривается возможные варианты техники, имеющей историческую ценность, для установки на постамент возле промышленной территории по ул. Комсомольской, 130 в г. Кричеве.

О принятом решении по вопросу установки памятника Вы будете уведомлены дополнительно.

В соответствии со статьей 20 Закона Республики Беларусь от 18 июля 2011 г. “Об обращении граждан и юридических лиц” при несогласии с данным ответом Вы вправе обжаловать его в Могилевский облисполком (ул.Первомайская, д. 71, 212030 г. Могилёв).

Гэты адказ прыйшоў за подпісам намесніка старшыні райвыканкама Асмалоўскага Міхаіла Аляксандравіча. Калі ўважліва ўчытвацца ў радкі адказу, то бачна, што назад грузавы аўтамабіль ЗІЛ-164 вяртаць не планавалася. Такая логіка мясцовай улады напэўна ў тым, што пры знішчэнні прадпрыемства не было сэнсу вяртаць яго сімвал, якім была грузавая машына. Тое, што грузавік знасіўся гэта не значыць, што яго нельга было адрэстаўраваць. Сродкі для таго каб зняць с пастаменту трактар-помнік у Касцюшкавічах знайшліся ж, так чаму не знайшліся б для рэстаўрацыі ЗІЛа? Тут пытанне не ў стане машыны, а яго сэнсавым складніку. Тым больш што ЗІЛ-164 маладзейшы за касцюшкавіцкі трактар на 30 год! Пагэтаму відавочна, што фармулёўка “демонтирован в связи с высокой степенью износа” гэта банальная адпіска. Ёсць верагоднасць, што помнік ЗІЛ-164 ужо не існуе. Не буду здзіўлены, што грузавая машына ўжо на металаломе, бо мясцовы бюджэт варта нечым напаўняць, пагэтаму добрыя ўсе даступныя метады. А калі так, то ЗІЛ-164 быў больш значным помнікам чым, напрыклад, самаходка СУ-100 ці артылерыйская гармата Д-44. Вось што варта было здаваць на металалом, бо і па вазе добрыя аб’екты і ступень іх непатрэбнасці таксама зашкальвае.

Крыху пазней мясцовая ўлада дадаткова паведаміла лістом ад 23.10.2020 наступнае:

Кричевский районный исполнительны комитет (далее – райисполком) на Ваше коллективное обращение сообщает следующее.

Возле бывшего ГАП-18 будет отремонтирован и установлен до 03.11.2020 трактор-памятник первым колхозникам-трактористам, проложившим первую борозду колхозной жизни в Кричевском районе.

В соответствии со статьей 20 Закона Республики Беларусь от 18 июля 2011 г. “Об обращении граждан и юридических лиц” при несогласии с данным ответом Вы вправе обжаловать его в Могилевский облисполком (ул.Первомайская, д. 71, 212030 г. Могилёв).

 

Што ж да рэалізацыі ідэі мясцовым чынавенствам, то іх учынак можна назваць актам вандалізма, бо жыхароў вёскі Касцюшкавічы пазбавілі адметнага помніка, нават не спытаўшы іх меркавання. Адзначу, што падобны помнік даволі адметны і адзіны на прасторах Крычаўшчыны. На тэрыторыі Беларусі падобныя адметныя помнікі сустракаюцца дастаткова рэдка. Трактар-помнік быў прысвечаны першым калгаснікам-трактарыстам, які знаходзіўся на пастаменце з адпведнай шыльдай, а недалёка ад яго размяшчалася скульптура воіна, прысвечаная памяці 165-ці загінулым вяскоўцам падчас нямецкай акупацыі. У сквер часта наведваліся мясцовыя школьнікі, дзе праводзіліся розныя мерапрыемствы патрыятычнай накіраванасці. Гэты трактар-пуцілавец з’явіўся на тэрыторыі Касцюшкавіцкага саўгаса ў пачатку 1930-х гг. і быў прадназначаны для паступовай механізацыі сельскагаспадарчай працы. Звязаны ён, натуральна, з гісторыяй Касцюшкавічаў, бо першым трактарыстам Крычаўшчыны быў якраз мясцовы жыхар Іван Вацура, успаміны якога захоўваюцца ў вясковай школе.

У мясцовай раёнцы “Крычаўскае жыццё” ад 4 лістапада з’явіўся артыкул, дзе паведамляецца пра тое, што трактар адрэстаўраваны і размешчаны на пастаменцы каля “Крычаўгрузаўта” (згодна тэксту артыкула “па вуліцы Камсамольскай”, без пазначэння канкрэтнага месца). Прычым будзе на пастамент усталявана мемарыяльная шыльда, а побач пастаўлены інфармацыйны банэр, які будзе распавядаць пра помнік. Аднак якім чынам трактар 1930-х гг. звязаны з прамысловай зонай горада 1960-1970-х гг., да якой і адносіўся “Крычаўгрузаўта”? І наогул якім чынам даваенны трактар звязаны з гісторыяй месца? Відавочна, што такімі пытаннямі не абцяжарвалі сябе ідэолагі пераносу помніка, а тым больш маўклівыя выканаўцы.  Цяпер жа дзіўна выглядае трактар 1930-х гг. на пастаменце на фоне краявідаў разваленага транспартнага прадпрыемства, што ілюструе эканамічную разруху горада.

Гэта гісторыя паказала, што мясцовая ўлада нават нескладаныя пытанні няздольна вырашыць адэкватна і канструктыўна. Больш за тое, “трактарная эпапея” сталася добрым прыкладам і адлюстраваннем узроўня мясцовага чынавенства, іх кіраўнічага патэнцыялу і ўмення працаваць з людзьмі. Разам з тым адзначу, што для новых пакаленняў чыноўнікаў савецкія помнікі ўжо перасталі быць нейкай важнай часткай свядомасці, арэол святасці за імі ўжо не праглядаецца, а яны часцей выкарыстоўваюцца хутчэй як інструменты з падамогай якіх можна паказаць прыгожую карцінку актыўнай працы ў культурнай сферы ці галіне патрыятычнага выхавання моладзі.

Алесь Крыжэвіч 

Адміністрацыі каледжаў Магілеўшчыны спрабуюць запалохаць навучэнцаў

Учора незаконна абраны прэзідэнт запатрабаваў адлічваць пратэстуючых студэнтаў і звальняць пратэстуючых выкладчыка, медыкаў, настаўнікаў, рабочых. … чытаць далей

Адметныя мясціны і антыіміджавыя помнікі Крычава

У кожнага горада ёсць свае прыгожыя і непаўторныя мясціны, цікавыя скульптуры, адметныя будынкі і помнікі ці ўрэшце рэшт кідкія малыя архітэктурныя формы. Гэтым кожны горад ці мястэчка, а часам і вёска вылучаецца індывідуальна, як чалавек адрозніваецца знешнім выглядам, сваім стылем адзення ці фрызурай. Разам з пэўнымі адметнымі мясцінамі, па якіх можна пазнаць гарадскую прастору, побач знаходзяцца і аб’екты, што ствараюць адмоўны імідж. На жаль для беларускіх гарадоў гэта досыць звычайная справа: суіснаванне двух катэгорый помнікаў, памятных месцаў і малых архітэктурных форм.

У Крычаве як адных месцаў, так і другіх хапае. Уезд у горад з боку Клімавічаў і Чэрыкава маркіруюць уяздныя знакі, на якіх пазначана назва горада на рускай мове, а таксама размешчаны яго герб. Наогул уяздны знак не толькі адзначае межы і адлюстроўвае карысную інфармацыю (назва, герб і г.д.), але і з’яўляецца пэўным сімвалам тэрыторыі. Уяздная кампазіцыя, якая знаходзілася ў Крычаве насупраць былога маслазавода стала невялічкай мясцовай славутасцю і нават трапіла на буклет гарадскога гістарычнага музея. Сапраўды, выглядала яна прыцягальна, бо спалучала асобны банэр з найменнем і страдаўнім гербам горада і драўляна-гумавую кампазіцыю, якая імітуе гняздо бусла на дрэве. У сукупнасці абодва аб’екта нават можна асацыяваць з малой архітэктурнай формай, хаця такой яны па-сутнасці не з’яўляюцца. Шкада што мясцовая ўлада вырашыла гэта невялічкае, але адметнае месца дэмантаваць. А вось уяздны знак з боку Клімавічаў, які паўстаў яшчэ ў савецкія часы, можна з поўным правам аднесці да катэгорыі малой архітэктурнай формы. Ён таксама часам трапляў у гарадскія адметнасці, аднак проста добра маркіруе ўезд у горад, бо здалёк знак добра бачны на ўзбочыне дарогі і на сёння змяшчае на сабе герб горада. У верхняй частцы кампазіцыі вялікімі літарамі змешчана найменне паселішча “КРИЧЕВ”. З суб’ектыўнай пазіцыі цяжка назваць абодва ўяздных знака візітнай карткай горада ці то надзвычай адметнымі мясцінамі, бо падобных кампазіцый можна нямала знайсці ў шматлікіх гарадах і мястэчках нашай Айчыны. Трэба адзначыць, што пры ўсёй іх адметнасці і прыцягальнасці, нейкай разнастайнасці і нестандартнай ідэі ім дакладна не хапае. Больш за тое, відавочна не хапае і надпіса назвы горада па-беларуску як сведчання прыналежнасці горада да адпаведнай краіны.

Мясцовае чынавенства асабліва падкрэслівае важнае значэнне ў культурным асяродку горада палаца Пацёмкіна-Галынскіх, што адназначна з’яўляецца важным аб’ектам і перлінай Крычава. Папулярызацыя дадзенага аб’екта адбываецца ў тым ліку праз банэры і размяшчэнне абрысаў палаца ў розных частках горада. Напрыклад, некалькі год таму назад на беразе штучнага вадаёма побач з маслазаводам (зусім недалёка ад Сожа), на схіле халма, быў выкладзены прамакутнік з цэглы ў даўжыню блізу дзесяці метраў, на якім размешчана назва горада, афіцыйная дата заснавання і намаляваны палац Пацёмкіна-Галынскіх. Уся кампазіцыя зроблена ў бела-блакітных колерах, а найменне горада напісана па-беларуску. На мой погляд гэта кампазіцыя была даволі ўдалай, але таксама дэмантавана і цяпер замест яе проста расце трава. Пры гэтым хацелася звярнуць увагу на супярэчлівы банэр, які знаходзіцца ў горадзе і рэкламуе палац Пацёмкіна-Галынскіх і адначасна музейную экспазіцыю, якія там знаходзіцца. Гэты банэр з’яўляецца эклектычным, бо ў ім спалучаны розныя эпохі і глядзіцца ён адназначна супярэчліва. Па-першае найменне горада зроблена па-руску, а пад назвай знаходзіцца афіцыйная дата заснавання горада – 1136 г. Тут жа змешчаны старадаўні герб горада на фоне палаца Пацёмкіна-Галынскіх, што з’яўляецца ўжо архітэктурным помнікам іншай эпохі, чымся магдэбургскі перыяд Крычава. Аднак на гэтым не спыняюцца казусы дызайнерскага рашэння. На банэры змешчана і карэта, якую можна асацыяваць з ілюстрацыяй прыезда Кацярыны ІІ у Крычаў да свайго фаварыта графа Пацёмкіна – уладара Крычаўскага староства. Вось такі атрымаўся салат з розных гістарычных эпох і падзей. Кампазіцыя банера з пункту гледжання мастацкіх і эстэтычных якасцяў глядзіцца няблага, але пры гэтым папулярызуе менавіта час знаходжання Крычава ў складзе расійскай імперыі і спрабуе паказаць важнасць гэтага перыяду для гарадской гісторыі. З уласнага пункту гледжання час акупацыі беларускіх зямель Расійскай імперыяй быў не такім і слаўным часам, дзе знішчалася памяць пра мінулую гісторыю і культуру Рэчы Паспалітай і Вялікага княства Літоўскага, гарады пазбаўляліся права на самакіраванне, што і адбылося ў свой час з Крычавам.

Надзвычай дзіўным месцам і яскравым прыкладам інтыіміджу з’яўляецца самаходка, што знаходзіцца ў двадцаці-трыццаці метрах ад аўтастанцыі. Яшчэ не так шмат часу прайшло, калі на пляцоўцы, дзе размешчана бронемашына, знаходзілася дзіцячая зона, а таксама некалькі пладовых дрэваў ад мінулага саду. Па ўспамінах майго бацькі, на гэтым месцы знаходзілася драўляная хата, а побач з ёй сад. Дома ўжо даўно няма, але вось дрэвы нагадвалі пра гэту гісторыю. І вось у лістападзе 2013 года на 70-годдзе з часу вызвалення гораду ад нямецкай акупацыі замест дзіцячай пляцоўкі быў усталяваны пастамент з самаходкай “СУ-100”. Сапраўды, менавіта ў 1943 годзе савецкія жаўнеры вызвалялі горад ад войскаў Трэцяга Рэйха і раён аўтастанцыі быў адзін з першых вызваленых. Але няўжо чынавенства падумала, што дзецям бронемашына больш важна, чым арэлі? А мабыць логіка была ў тым, каб гэта самаходка стала “вялікай” гарадской адметнасцю. У чарговы раз была эксплуатавана тэматыка вайны і ў межах памяці пра трагічныя ваенныя дзеянні і абарону горада ў т.зв. Вялікай Айчыннай вайне, праведзена чарговая акцыя. Аднак хачу сказаць, што і без ваеннай тэхнікі помнікаў і мемарыялаў у горадзе хапае, каб не забываць страшныя і трагічныя падзеі. Далей-болей, як кажуць. Трошку пазней у 2017 годзе была ўсталявана стэла “Манумент Міра” напярэдадні Міжнароднага дня міра і 74-гадовай гадавіны вызвалення Крычава ад нямецкіх войскаў. Гэта надзвычай цікавае спалучэнне двух аб’ектаў, бо здаровай логікі ў падобнай з’яве абсалютна няма. Як інтэрпрэтаваць спалучэнне самаходкі, якая сімвалізуе ваенныя дзеянні і манумент міра побач з ім? Дайдзем да міру праз вайну, хіба так? Праўда гэта тлумачэнне цалкам укладваецца ў мілітарыскую дзяржаўную ідэалогію Савецкага Саюза, якая малазмененай перадалася і сучаснай Рэспубліцы Беларусь. Праўда цяпер усталяванне мемарыялаў, гарматаў і танкаў прысвечана ў першую чаргу вызваленню асобнага горада, а ўжо ў другую звязваецца з агульным ваенным трыумфам Савецкага Саюза. Выглядае гэта, па-шчырасці, як абсалютная шызафрэнія і хвароя псіхалогія. Хаця ў прынцыпе нічога дзіўнага няма, што паўстала пабоднае спалучэнне, бо ў савецкія часы быў вельмі моцны уплыў мілітарызма на розумы грамадскасці розных савецкіх краінаў. Відавочна, што падобныя манументы ці іх спалучэнне спрыяюць пагаршэнню іміджа горада, хоць ён дагэтуль высокім і надта прыцягальным не быў.

Алесь Крыжэвіч

 

Хоцімск: Цікавае мястэчка з адметнай сімволікай

Кожнае паселішча – гэта прастора ў якой створана свая непаўторная атмасфера і яе бадай што не ўбачыш у іншым месцы. З гэтага вынікае, што кожны куточак нашай Айчыны па-свойму адметны і ўнікальны. Хоцімск — мястэчка, цікавае па шматлікіх прычынах. Паселішча з’яўляецца самым усходнім у сённяшняй Рэспубліцы Беларусь. Месца лакалізацыі мястэчка вельмі маляўнічае, бо Хоцімск знаходзіцца на невялікім узвышшы паміж трох рэк: Жадунькі і Альшоўкі, якія ўпадаюць у больш буйную водную артэрыю – Бесядзь, якая бярэ свой пачатак ў адным з балот Смаленскай вобласці. Невялічкае мястэчка Хоцімск, якое налічвае на сёння шэсць з паловай тысяч насельніцтва, мясціна з цікавай гісторыяй, хоць паселішча і не надта старое ў параўнанні з старадаўнімі гарадамі Магілёўшчыны. Нягледзячы на гэта менавіта герб Хоцімска з’яўляецца адлюстраваннем цікавай і багатай гісторыі мястэчка. Сімволіка Хоцімска выглядае наступным чынам: у чырвоным полі варажскага шчыта срэбраны меч рукаяткай уверх, злева і справа ад яго срэбраныя клямры. Геральдычны знак паселішча быў прыняты толькі ў 2001 годзе, бо дагэтуль свайго герба сённяшні Хоцімск не меў. Наконт гістарычнасці, правільнасці і лагічнасці спалучэння менавіта гэтых элементаў герба хай спрачаюцца геральдысты і прафесійныя гісторыкі.

Гісторыя ўзнікнення самога Хоцімска надзвычай цікавая, бо да сёння не пастаўлена кропка ў спрэчцы: калі і кім было заснавана паселішча. Доўгі час была прынята думка, што ўзнікненне Хоцімска адносіцца да 1430 года, а гэта дата трывала замацавалася не толькі ў краязнаўчай літаратуры, але патрапіла нават у энцыклапедычныя выданні. Да сённяшняга часу пішуцца артыкулы краязнаўчага характару, у якіх сцвярджаецца, што паселішча ўзнікла менавіта ў 1430 г., а на сайце Хоцімскага райвыканкама гэтая дата пазначана як час заснавання мястэчка. Усе сцверджанні, што датай заснавання з’яўляюцца 30-я гг. 15 ст. развейваюцца аб адно лагічнае пытанне: дзе знаходзяцца рэшткі яго ўмацаванняў? Такіх аб’ектаў археалогіі на тэрыторыі сучаснага Хоцімска выяўлены не было, як і народных паданняў (ці тапонімаў), якія б сведчылі аб месцы яго размяшчэння. Больш за тое, на тэрыторыі сучаснага Хоцімскага раёна летапісныя крыніцы ў 16-17 стст. згадваюць няшмат населеных пунктаў. Гэта можа тлумачыцца пастаяннымі войнамі паміж Вялікім княствам Літоўскім і Вялікім княствам Маскоўскім, а затым паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай. І толькі з падпісаннем “Вечнага міру” паміж двума варожымі дзяржавамі, з’яўляюцца ўмовы, якія дазвяляюць у 1680-х гг. пачаць актыўнае засяленне ўсходняй часткі Крычаўскага староства.

Першы пісьмовы ўспамін пра слабаду Хоцімск у Мсціслаўскім ваяводстве адносіцца да 1709 года. У інвентары, дзе згадваецца Хоцімск ёсць пазнака, што ў статусе слабады паселішча будзе яшчэ адзін год. А калі ўлічваць, што “слабоды” (слабада – паселішча, у якім людзі на пэўны час былі вызвалены ад падаткаў) даваліся на 10-15 год, то вясковае паселішча на правым беразе Бесядзі ўзнікла недзе паміж 1695 і 1700-м гг. Паралельна ў 1714 годзе, паводле ўніверсалу канцлера Вялікага Княства Літоўскага Караля Станіслава Радзівіла, на другім беразе Бесядзі, насупраць вёскі Хоцімск, утвараецца населены пункт пад назвай Радзівілаў. Праз дзесяць год пасля заснавання мястэчку Радзівілаў яму надаецца ўжо статус горада, які складаўся з трох вуліц і 148 дымоў. Такім чынам, сучасны гарадскі пасёлак Хоцімск утварыўся у выніку зліцця вёскі Хоцімск, заснаванай у канцы XVIIІ ст. і заснаванага ў 1714 г. мястэчка Радзівілава. Г. зн. што аб’яднанне горада Радзівілава і вёскі Хоцімск прывяло да ўзнікнення новага населенага пункта — сённяшняга Хоцімска. Дарэчы, у тыя часы населеныя пункты паабапал Бесядзі звязваў даўгі мост. Важна адзначыць, што месца на правым беразе Бесядзі, дзе знаходзілася слабада Хоцімск ці Хоцімск Вялікі, як паселішча пазначалася ў інвентарах, зараз вядома сярод мясцовага насельніцтва як “стары Хоцімск”. Цікава, што ў тагачасных крыніцах у найменні мястэчка назіраецца дваістасць, бо яно называецца як Радзівілаў, так і Хоцімск. З гэтага можна зрабіць выснову, што назва Радзівілаў дрэнна прыжывалася на новым месцы.  Аднак варта зрабіць акцэнт на тым, што першыя ўладальнікі зямель сённяшняга Хоцімскага раёна былі менавіта Радзівілы і паселішча называлася ў іх гонар. Праўда ў 1760 годзе Крычаўскае староства пераходзіць ад Радзівілаў да магнатаў Мнішкаў. Але афіцыйная назва горада заставалася ранейшай – Радзівілаў. У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) усходнія раёны краіны апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. Расійская імператрыца Кацярына II дорыць Радзівілаў свайму фаварыту Рыгору Пацёмкіну, які перайменоўвае  мястэчка ў Хоцімск. Вядома, што новая адміністрацыя не хацела бачыць назвы, якія сведчылі пра былую гісторыю края, а тым больш  найменне, звязанае з прозвішчам аднаго з магнацкіх родаў Рэчы Паспалітай. Пагэтаму перайменаванне гарадскога паселішча ў Хоцімск пераследвала галоўную мэту – знішчыць памяць пра вядомы беларускі шляхецкі род, які быў непасрэдным чынам звязаны з мястэчкам. Паселішча ў гэты час уваходзіла ў Крычаўскае графства. У  1786 годзе у апісанні Крычаўскага графства А.Мейерам згадваецца выключна мястэчка Хоцімск. Такім чынам, паступова першапачатковая назва сціралася з памяці людзей. Пасля Пацёмкіна Хоцімск з ваколіцамі належыў мясцовай шляхце Галынскім, пазней на гэтых землях уладарыла памешчыца Кучэўская, а пасля мястэчка стала маёмасцю князя Абаленскага.

Стваральнікам геральдычнага знака Хоцімска быў узяты памяркоўны шлях падчас выпрацоўкі сімволікі мястэчка. Не згадваючы ў гарадскім сімвале ні Радзівілаў, ні Пацёмкіна, на ім змяшчаюцца элементы герба Галынскіх – клямры. Пры гэтым нельга не адзначыць, што ўсё ХІХ стагоддзе мястэчка належыла менавіта Галынскім, так што срэбраныя скобы з герба гэтага вядомага дваранскага рода, натуральна, тут невыпадковы. Аднак прыведзеныя вышэй факты развіцця паселішча пад сённяшняй назвай Хоцімск выклікаюць некаторыя пытанні і звязаныя яны перадусім з сучасным гарадскім сімвалам. Ці варта ў геральдыцы мястэчка неяк ушанаваць памяць пра Радзівілаў як пра заснавальнікаў новага тыпу паселішча? А мабыць наогул трэба задумацца аб перайменаванні мястэчка Хоцімск у Радзвілаў, калі на гербе з’явіцца ўзгадка пра гэта славуты магнацкі род? Падобныя пытанні, спадзяюся, будуць паднятыя ў будучыні, а цяпер жа можна разважаць толькі теарытычна.

Вельмі радуе тое, што праз элемент сучаснага герба, якім з’яўляецца меч, актуалізуецца тэма Крычаўскага паўстання, якое на сёння яшчэ не да канца вывучана беларускімі гісторыкамі. Натуральна, што цэнтр паўстання знаходзіўся ў Крычаве і ў ваколіцах страдаўняга горада. Аднак Радзівілаў (як тады называлі мястэчка) у той час уваходзіў менавіта ў склад адміністрацыйнай адзінкі пад назвай Крычаўскае староства. Менавіта пад сучасным Хоцімскам у траўні – чэрвені 1740 года быў сабраны ўзброены сялянскі атрад Кастуся Вашчылы, брата кіраўніка народнага выступлення, які разбурыў паташныя прадпрыемствы. Аднак падчас узброеннага сутыкнення з атрадам адміністрацыі староства ў раёне Хоцімска паўстанцы былі разбіты. Больш за тое, атрад буднікаў на чале з адміністратарам Пжылэнцкім ўзялі ў палон частку паўстанцаў, сярод якіх апынуўся і беразоўскі войт Кастусь Вашчыла. Пры гэтым атрад Васіля Вашчылы са сваімі людзьмі накіраваўся да вёскі Калодзеск, дзе перахапіў паліцэйскі атрад Янкоўскага і разагнаў яго. Поспех акрыліў паўстанцаў і яны адразу паспрабавалі вызваліць з палону сялян, што былі захоплены пад Хоцімскам. Аднак здзейсніць задуманае не ўдалося. У раёне Хоцімска ў 1741 годзе неаднойчы знаходзіўся і атрад самога кіраўніка паўстання Васіля Вашчылы. Такім чынам, сённяшні Хоцімск быў непасрэдна ўключаны ў падзеі паўстання ў Крычаўскім старостве, стаўшы адным з цэнтраў паўстання, пра што яскрава сведчыць герб мястэчка.

Значкі паўтараюць якраз форму і каларыстку герба Хоцімска (эмаль шчыта адпаведна чырвонага колеру), аднак маюць яшчэ зверху надпіс па-беларуску ці па-руску “Хоцімск”. Герб мястэчка не толькі выкарыстоўваецца як афіцыйны сімвал, які прысутнічае на дакументах, стэндах разнастайных устаноў, аднак і ўпрыгожвае гарадскую паркавую зону. Прычым варта адзначыць, што герб глядзіцца даволі прыгожа і эстэтычна, колеравая гама таксама падабрана паспяхова, а сукупная кампазіцыя сімвала гарманічная і строга падкрэслівае свае асаблівасці. Прыведзены фотаздымак у якім герб горада як элемент упрыгажэння прасторы паселішча сведчыць, што сімволіка мястэчка глядзіцца даволі прыгожа і адметна. Часта прэзентацыя Хоцімскага раёна адбываецца праз яго акрэсленыя межы і накладзенага на выяву тэрыторыі адміністрацыйнай адзінкі герба мястэчка. Геральдычны сімвал у гэткай рэпрезентацыі якраз грае надзвычай важную ролю, з якім атаясамляецца фактычна ўся тэрыторыя раёна. Між іншым варта адзначыць, што герб з’явіўся у Хоціска толькі ў 2001 годзе, а яго стваральнікам з’яўляецца археолаг і доктар гістарычных навук Сяргей Рассадзін.

Ёсць яшчэ адзін варыянт герба, які магчыма можна аднесці да альтэрнатыўнай сімволікі мястэчка. Аднак гэты варыянт герба менш цікавы,  неадметны, а некаторыя яго элементы слаба зразумелыя. Толькі адзін элемент можна патлумачыць з дакладнасцю – меч, які звязваецца з Крычаўскім паўстаннем. Пялёсткі кветак на чырвоным фоне можам толькі гіпатэтычна аднесці да падзей паўстання. Верхняя частка яшчэ менш зразумелая. Зялёнае эмаль значка можа асацыявацца з лясамі Хоцімшчыны, сінія хвалі з рэчкай Бесядзь, а элемент у сярэдзіне сімволікі больш падобны на прамысловую трубу, знізу якой размешчана частка шасцярэнькі, якая мусіць паказваць прамысловы патэнцыял (?). Гэта аднак толькі спроба тлумачэння сімволікі і не з’яўляецца дакладнай расшыфроўкай значка.

      Такім чынам, герб горада сапраўды адлюстроўвае гістарычны шлях мястэчка і гэта пэўна таму, што стварэннем займаўся прафесійны гісторык і геральдыст Сяргей Расадзін. Аднак варта адзначыць, што пэўныя пытанні з гарадскім сімвалам усё ж існуюць, і спадзяюся, будуць абмяркоўвацца не тольки ў колах прафесійных гісторыкаў і мясцовых краязнаўцаў, а стануць актуальнымі для многіх жыхароў унікальнага ўсходняга мястэчка Беларусі.

Алесь Крыжэвіч

Перанос помніка Леніна – загаворванне зубоў крычаўскай улады

На фоне палітычнага крызісу ў краіне наступіў час вельмі высокай актыўнасці людзей, якія гатовы адстойваць свае правы і свабоды. Гэта датычыцца ў пэўнай ступені таксама сярэдніх і малых беларускіх гарадоў.

У Крычаве, між іншым, на адным з першых паслявыбарчых мітынгаў выйшла да тысячы чалавек на вуліцы ў знак пратэсту супраць гвалту і масавай фальсіфікацыі выбараў. І гэта надзвычай важна і пазітыўна, бо ў 26-тысячным горадзе такой актыўнасці даўно ўжо не было. На вялікі жаль для мясцовай улады актыўны чалавек са сваёй пазіцыяй лічыцца вельмі небяспечным. Тым больш, што мясцовая грамадскасць з дапамогай грамадскага актывіста і рэдактара незалежнай газеты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага сфармавала рэзалюцыю «Сходу жыхароў Крычава», у якой патрабавалася «неадкладная адстаўка Лукашэнкі», вызваленне палітвязняў, арышт кіраўніцтва сілавых структураў, вінаватых у гвалце супраць мірных дэманстрантаў, і старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі, а таксама прызнанне Ціханоўскай прэзыдэнткай. Актывіста АГП Сяргея Няроўнага і прафсаюзу работнікаў РЭП Юрыя Шувалава прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці і вынеслі пракурорскае папярэджанне. Мясцовая ўлада такім чынам вырашыла спыніць мірныя пратэсты, паўплываўшы на найбольш актыўных людзей сярод мітынгоўцаў. Панічны страх улады і персанальна старшыні райвыканкама Седукова Андрэя Мікалаевіча перад народам прымусіў прыдумаць ініцыятыву, каб адцягнуць увагу ад актуальных падзей у краіне і горадзе. У газеце “Кричевская жизнь ад 29 жніўня за нумарам № 67 з’явілася інфармацыя пра ініцыятыву перанесці помнік Леніна мясцовай уладай. Адна з прапаноў па пераносу помніка – парк Перамогі ў т.зв. “Мікрагарадок” (м-н “Сож” і м-н “Камсамольскі”). На сайце Крычаўскага райвыканкама таксама размяшчаецца гэтая аб’ява пад назвай Приглашаем к обсуждению:

Уважаемые жители города Кричева!

Мы обращаемся ко всем гражданам неравнодушным к изменению облика нашего города.

В связи с планируемым проведением благоустройства территории, прилегающей к районному Центру культуры, Кричевский районный исполнительный комитет проводит опрос общественного мнения по переносу памятника В.И.Ленину к  возможному месту его установки.

Предлагаемое место для установки  парк Победы (между памятным знаком «Самолет» и Курганом Славы).        

Опрос проводится  с 29 августа по 29 сентября 2020 г.

Предложения направлять по электронной почте kiidea@tut.by или сообщать в отдел архитектуры и строительства райисполкома по телефонам 26-647, 26-627, в отдел идеологической работы и по делам молодежи райисполкома по телефонам 26-375, 26-378.

Нам важно ваше мнение.

Пасля прачытання дадзенай аб’явы паўстаюць адразу пытанні: 1) Ці з’яўляецца гэта надта актуальным у цяперашніх умовах палітычнага крызісу? 2) Ці актуальна менавіта гэта месца?

Трэба трошку абазначыць гісторыю помніка Леніна, які знаходзіцца на аднайменнай плошчы ў цэнтры старадаўняй часткі горада, якая магчыма ў свой час называлася Рынкавай. Помнік Леніну недалёка ад Цэнтра культуры быў пастаўлены ў 1960 годзе. Наогул у Крычаве дагэтуль стаяць чатыры помнікі “важдзю пралетарыята” і ўсе яны знаходзяцца ў парках і на плошчах розных частак горада. Хаця на працягу пасляваеннай гісторыі горада помнікаў Леніну ўсталёўвалася цэлых шэсць. Абсалютна не жартую, калі скажу, што ў некаторых гараджанаў старэйшага пакалення (і не толькі!) вялікі помнік Леніну на плошчы ў старой частцы горада асацыюецца з яго вобразам і гісторыяй. Помнік галоўнаму камуністу — гэта таксама гісторыя, але цэнтральныя пляцы мусяць займаць больш годныя і важныя асобы горада і краіны. З сумам і жалем вымушаны канстатаваць – гісторыя горада забыта, неактуалізавана і наогул ігнаруецца мясцовымі ўладамі.

Але самае парадаксальнае ў помніку Леніну яго размяшчэнне. У сувязі з гэтым хацелася б прыгадаць словы майго аднагрупніка па ўніверсітэцкай лаве, якому калісьці паказваў славутасці сваёй малой радзімы. Паглядзеўшы на гарадскі краявід, што змешчаны ніжэй на фотаздымку, ён сказаў: “Хм, Ленін, які ідзе ў царкву!”.
І сапраўды атрымоўваецца нейкі дысананс – Ленін насупраць царквы. Такі гарадскі краявід раўназначны супрацьпастаўленню “атэізм – рэлігійнасць” альбо захаванне старой спадчыны – імкненне будавання новага света шляхам знішчэння тысячагадовых традыцый (палітычных, эканамічных, культурных, рэлігійных). Цэнтральны пляц горада яскрава адлюстроўвае прыведзеныя пары супрацьпастаўленых паняццяў, а таксама ментальнасць і псіхалогію тутэйшых гараджанаў.

У горадзе пасля развалу СССР праходзілі агульнарэспубліканскія працэсы — адбылося невялічкае рэлігійнае адраджэнне. Насупраць Леніна была адноўлена Ўваскрасенская царква, з’явіўся каталіцкі прыход разам з некалькімі пратэстанскімі цэрквамі. А вось мясцовы ваенкамат так і стаіць на месцы знішчанага бальшавікамі ў 1930-х гг. касцёла. Прычым падворак ваенкамата, як мяркуюць мясцовыя краязнаўцы, з’яўляўся могілкамі, дзе хавалі мясцовых ксяндзоў.

Парадкі, якія існуюць у крычаўскім грамадстве, не так далёка адыйшлі ад савецкіх: рэпрэсіўныя метады кіравання яшчэ пануюць як у старшыні райвыканкама і яго намесніка, так і дырэктароў розных прадпрыемстваў і ўстаноў адукацыі. І помнік галоўнаму камуністу якраз ілюстрацыя крыху абноўленых савецкіх парадкаў у горадзе і наогул у краіне.

Зразумела што прыбраць “таварыша”, на рэстаўрацыю якога ідзе кожны год пэўная сума грошай трэба было ўжо даўно, каб не траціць раённыя фінансы, якія можна выкарыстоўваць больш рацыянальна і па справе. Больш за тое, помнік не актуальны ў гістарычным плане для горада і састарэў ідэалагічна. Упэўнены, што моладзь не надта звяртае ўвагі на манумент. Тым больш сённяшнія школьнікі са здзіўленнем чуюць пра нейкага “дзедушку Леніна”, які ім абсалютна незнаёмы і абыякавы, як і ўся савецкая мінуўшчына. Мне здаецца, што яго наогул не варта дзе-небудзь усталёўваць, а хутчэй за ўсё захаваць у якасці прыкладу аб’екта манументальнага мастацтва мінулай эпохі (які будзе знаходзіццв ў фондах якога-небудзь Дома культуры) ці ў якасці музейнага экспаната. Разумею, што ўлада хоча сканструяваць чарговы міф і спалучыць савецкі помнік з паркам Перамогі і такім чынам праслаўляць стагоддзе савецкага мінулага горада і краіны, а таксама сеняшнюю Беларусь як пераемніцу савецкіх традыцый. Аднак прысутнасць помніка ў парку толькі чарговы раз пакажа прыклад негатоўнасці чыноўніцкага апарату змяняцца і глядзець праўдзе ў вочы.  Тым больш хіба недастаткова тых помнікаў і мемарыялаў, якія знаходзяцца ў парку Перамогі? Іх у прыгожай гарадской зялёнай зоне цэлых чатыры: курган Славы, алея Славы, помнік воінам-інтэрнацыяналістам, помнік-самалёт з мемарыяльнай дошкай, прысвечанай подзвігу (1964 г.)  лётчыка, капітана Дашкіна Віктара. Побач з паркам размешчаны яшчэ і стадыён “Сож-2002”, а таксама басейн. На тэрыторыі парка знаходзіцца і танпляцоўка, якая, аднак, цяпер ніякім чынам не выкарыстоўваецца мясцовай уладай, нягледзячы на тое, што моладзь там так бы мовіць “тусуецца”. Ці не здаецца, што ўсталяванне помніка Леніну ў парку Перамогі будзе памылкай, бо парк ператворыцца ў музей савейкай эпохі?

З іншага боку важна адзначыць, што цяпер гэта негалоўная праблема і гэтая ініцыятыва, якая заклікае ўсіх актыўных грамадзянаў узяць чынны ўдзел у абмеркаванні, зъящляецца другаснай. Гэта хутчэй за ўсё спроба адцягнуць увагу ад галоўнага пытання – справядлівых выбараў, адстаўкі нелегітымнага прэзідэнта і бяздарных чыноўнікаў з адсютнасцю банальнай чалавечай маралі. Менавіта гэтыя патрабаванні былі высунуты грамадскасцю Крычава, якия не гатовы слухаць цяперашні старшыня райвыканкама – “таварыш” Седукоў. Так што, спадарства, не вядземся на загаворванні зубоў, а ўпэўнена стаім на пазіцыях вырашэння найважнейшых пытанняў у нашым грамадстве! Упэўнены, што да канкрэтных дзеянняў мясцовая дзейсная ўлада не дойдзе, а гэтыя заявы акажуцца проста пустымі словамі. Нагадаю, што восенню 2019 г. ужо быў прэцэдэнт, калі помнік Леніну ў дзіцячым парку ў Крычава планалаві дэмантаваць і рэканструяваць. Паралельна ў лістападзе 2019 г. у былым доме піянераў адчыніць цэнтр “Экаэнэргетыка” і пасля абнаўлення помніка, паставіць разам з новай установай. Аднак нічога зроблена не было дагэтуль, нягледзячы на тое, што гэтую ініцыятыву піярыла мясцовая “раёнка”.

Пащтаруся, што праблема пераносу помніка Леніна цяпер не так востра стаіць, ды й яго не варта ставіць ў парках ці цэнтральных плошчах. Яго перанос здзейсніць будзе вельмі лёгка і хутка, бо ён не ўключаны нават ў мясцовы спіс гісторыка-культурнай каштоўнасці Гэты манументальны помнік цудоўны экспанат, які ілюструе памылковы шлях грамадства, непростыя часы нашай краіны да шляху стварэння паўнавартаснай нацыянальнай дзяржавы – незалежнай Рэспублікі Беларусь!

 Алесь Крыжэвіч 

Крычаў: горад праз прызму рэштак

Занядбаныя дамы, хаты ці рэшткі прадпрыемстваў маюць пэўную, своеасаблівую атмасферу. Закінутыя разваліны, рэшткі з аднаго боку страшнаваты для наведвання ў адзіноце, але і прывабны, нібыта ў іх схаваны загадкавыя таямніцы. У гарадах з развітой прамысловасцю абавязкова знойдзяцца падобныя будынкі рознага знешняга выгляду, захаванасці і часу пабудовы. Аднак наколькі часта яны наведваюцца аматарамі палазіць па рэштках ці адчуць лёгкі экстрым? Індустрыяльны турызм канешне мае попыт сярод пэўнага кола моладзі ў нашай рэспубліцы, што асабліва праяўляецца ў вялікіх гарадах. Але ці можна з сталкінга закінутыя аб’екты зрабіць цікавымі для простых турыстаў? Прывяду прыклад з маім родным горадам Крычавам. Яшчэ да пачатку 2020 года знаходзіліся цікавыя рэшткі старой вінакурні, пабудаванай яшчэ ў канцы ХVІII ст. Аднак з канца 1990-х гг. будынак, у якім знаходзіўся ў ранейшыя часы мясцовы піўзавод, быў ў занядбаным стане. Аб’ект раней верагодна прыцягваў мясцовую моладзь, бо на старых сценах захоўваліся розныя надпісы, аднак прысутнасць іх на тэрыторыі прадпрыемства была абсалютна рознай.

Праўда аматары палазіць і расшукаць што-небудзь таксама знаходзяцца. Прыгадваецца адзін знаёмы з Магілёва ў студэнцкія часы, які наўмысна зрабіў візіт на закінуты прамысловы аб’ект, каб пахадзіць, палазіць і агледзіць колішняе прадпрыемства Галынскіх. Здалёк трохпавярховы будынак ўражваў велічнасцю, чырвоная цэгла сведчыла пра старасць, як і стыль арачных вокнаў. І цяжка пагадзіцца з меркаваннем, што гэта было месца без атмасферы. У ім нешта было, бо калі апынаешся сярод занядбаных сцен нібыта “вывальваешся” з вуліцы на якой знаходзішся. Што ж, для квэстаў месца падыходзіла цудоўна і гэта адна з форм праз якую тэрыторыю завода можна было б зрабіць цікавым і прыцягальным месцам для наведвання турыстамі. Прынамсі месца гэта з гісторыяй і не беднай. Да і не так далёка знаходзілася ад перліны горада – палаца Пацёмкіна-Галынскіх, у якім размяшчаецца мясцовы краязнаўчы музей. Спроба развіцця індустрыяльнага турызма магла стаць адным з рычагоў для “ажывання” падобных аб’ектаў у закінутым і недагледжаным стане.

Тым больш, што гісторыя прамысловасці таксама цікавая і з’яўляецца складнікам тых зменаў і працэсаў ў галіне эканомікі, што адбываліся па ўсёй Еўропе. Апісаны аб’ект уяўляў пэўную цікавасць і для гісторыкаў, бо яго рэшткі – жывая гісторыя. Канешне гэта не царква/касцёл, палац ці археалагічны аб’екта, але тым не менш. Праўда, сведчання пра выпуск піва на тэрыторыі былога піўзавода ў выглядзе этыкетак я так і не знайшоў, хаця шукаў іх як нумізматы шукаюць старыя манеты па вуліцах пасля дажджу. Пра тое, што тут была калісьці вінакурня, а затым піўзавод нагадвала толькі разбітае шкло ад гарэлачных бутэлек ці раскіданыя па тэрыторыі былога прадпрыемства пластыкавыя піўныя бутэлькі.

Аднак рашэнне, якое прыняла мясцовага чынавенства абсалютна абсурднае – ЗРУЙНАВАЦЬ гістарычны аб’ект! Ні страдаўнія будынкі, ні індустрыяльны турызм ім непатрэбны. Напэўна турызм наогул непатрэбны, бо над гэтым трэба працаваць, распрацоўваць маршруты і тэмы, прапаноўваць ідэі, упарадкоўваць і рэстаўраваць аб’екты. А так зруйнаваў і добра: няма будынку – няма праблем.

Забыты колішні важны прамысловы аб’ект яшчэ і быў цікава размешчаны. Месца лакалізацыі – памежжа паміж горадам і вёскай, якое можна і прамінуць, калі праязджаеш мост праз рэчку Добрасць. Нечакана і мяняецца назва вуліцы з Піянерскай на Цэнтральную, пры нязменнасці дарогі. Будынак былой вінакурні знаходзіўся ўжо за мастом, аднак размяшчэнне ў межах вёскі Калініна было даволі фармальнае. Гэта меркаваннне пацвярджае доўгая вуліца, якая атрымала народную назву па прамысловаму прадпрыемству і лічыцца цэлым маленькім раёнам пад найменнем “Піўзавод”, што ўваходзіць у склад гарадской мяжы і на мапе выглядае як апендыкс, які зросся з вёскай Калініна (ранейшая назва – Задабрасць). Цікава пры гэтым, што знешне адрозненняў практычна не назіраецца, бо драўляныя хаты знаходзяцца паабапал дарогі як гарадской вуліцы, так і вясковай. З прыведеных фактаў вынікае, што завод меў свой уплыў на гарадскую прастору, таму можна вызначыць яго размяшчэнне як “памежнае”. Пры знаёмстве з падобнымі назіраннямі можа ўзнікнуць пытанне, калі сфармалавася вуліца, якая вядзе ад палаца Галынскіх да былога спірзавода. Адказаць вельмі няпроста, бо без прыцягнення архіўных дадзеных, картаў, вусных сведчанняў людзей раёна горада цяжка хоць нейкае меркаванне выказаць па гэтаму пытанню гарадской тапаграфіі. Усё ж з вялікай верагоднасцю можна лічыць з’яўленне гэтай вуліцы менавіта ў XX ст. Аднак абодва гістарычныя будынкі натуральна ўзаемазвязаны паміж сабой і стваралі пэўную карціну тагачаснага развіцця мястэчка Крычаў, якое працягнулася за савецкім часам ужо ў паселішчы з гарадскім статусам.

Яшчэ адным цікавым прамысловым аб’ектам у горадзе, на мой погляд, з’яўляецца былы мясакамбінат, які на сёння ператварылі ў завод стружачных пліт. Але кацельная не змяніла выгляду з часоў існавання мяснога прадпрыемства і стварае незвычайныя ўраджанні. Сваёй аддаленасцю ад жылых будынкаў, адносна новага мікрараёна “Камсамольскі”, нагадвае палігон для закрытых даследванняў. Кацельная яшчэ па сёння працуе, але недагледжанасць тэрыторыі сведчыць, што лепшыя часы гэтага аб’екта ўжо ў мінулым. Дзве высокія трубы, некалькі вялізных палівасховішчаў, агароджанай бетоннай сцяной, выглядаюць нестандартна.

Разам з тым за кацельнай знаходзяцца былыя склады, якія так і засталіся недабудаванымі і пэўна павінны па задумцы адносіцца да былога мясакамбіната.  У іх хаваліся людзі ад дажджу, калі яшчэ на працягу 1990-х гадоў сеялі агароды, якія знаходзіліся на прылеглай тэрыторыі. Склады на фоне прасторы палёў выглядаюць неяк дзікавата, месцам сутыкнення прыроднага і індустрыяльнага. Гэтае збудаванне не ўяўляе ніякай каштоўнасці, якое знаходзіцца некранутай ў параўнанні з зруйнаваным гісторыка-прамысловым аб’ектам у другой частцы Крычава. Ды й незвычайна збудаванні глядзяцца толькі пры пахмурным надвор’і, калі цёмныя хмары наганяюць лёгкі страх невядомасці ў закінутым складзе, па якому даўно не хадзіла нага чалавека. Гадоў пятнаццаць таму гэтая мясціна мела цікавы кантраст, дзе комплекс мясакамбіната з кацельнай глядзеўся на фоне дзясяткаў агародаў, прычым на даволі значнай тэрыторыі. Ці будуць гэтыя аб’екты цікавы наведвальнікам горада? Магчыма, але толькі калі была б магчымасць зазірнуць і пагуляць па “краявідах” кацельнай былога мясакамбіната.

Важна адзначыць, што для разумення сутнасці існавання такіх гарадоў як Крычаў, насельніцтва якога пачало ўзрастаць менавіта за кошт з’яўлення прамысловых прадпрыемстваў, індустрыяльны турызм дапамагае ўсвядоміць лакальную гісторыю, а таксама экстрапаліраваць падобныя працэсы на іншыя рэгіёны нашай Бацькаўшчыны. Ці можна падаваць праз рэшткі закінутых прамысловых прадпрыемстваў гарадское жыццё і яго гісторыю? Думаю што гэта адзін з цікавых накірункаў у асвятленні жыцця паселішча ў найноўшы час, калі імкліва змяняўся яго воблік, а заводы і фабрыкі аказвалі вельмі моцны ўплыў на развіццё і трансфармацыю гарадской прасторы.

Гэты краязнаўчы нарыс яшчэ паказвае складаную эканамічную сітуацыю ў горадзе, дзе былыя прамысловыя прадпрыемствы ператвараюцца ў прамысловыя зоны, якія зарастаюць хмызняком і пакрысе развальваюцца і дзічэюць. Наогул на сённяшні момант сітуацыя на рынку працы ў Крычаве вельмі складаная, бо з кожным годам колькасць працоўных месцаў скарачаецца, як і дзяржаўных арганізацый. Частка прадпрыемстваў, якая працавала яшчэ ў савецкія часы стала непатрэбным: банкрот, нерэнтабельнае ці неканкурэнтназдольнае. За апошнія 20 год зніклі мясакамбінат, мэблевая фабрыка, некаторыя будаўнічыя арганізацыі (т.зв. “ДРСУ”, “ПМК”, “СУ”). Знакаміты на ўсю рэспубліку завод гумавых вырабаў зараз не можа пахваліцца поспехамі ў вытворчасці і канкурэнтназдольнасці, стаўшы толькі філіялам ААТ “Белшина». Горадаўтваральнае прадпрыемства “Крычаўцэментнашыфер” нягледзячы на абнаўленне тэхналогій выпуску прадукцыі і будаўніцтва новай часткі завода каля вёскі Каменка, не заўсёды канкурэнтназдольна на міжнародным рынку, што прыводзіць да скарачэння працоўных месцаў штогод. Аднак важна падкрэсліць і станоўчыя моманты, як то адкрыццё на тэрыторыі былога мясакамбіната вытворчасці цэментна-стружачных пліт (прадпрыемства “Белзарубежбуд”), швейнага цэха, з’яўленне прыватнага прадпрыемства “Белсаюзгруп”. Паралельна з-за бяздарных дзеянняў мясцовых чыноўнікаў быў ліквідаваны Крычаўскі РАСП (т. зв. РАЙПО)  і далучаны да суседняга мсціслаўскага. Пры ўсіх пазітыўных момантах стварэння працоўных месцаў у горадзе негатыва на вялікі жаль больш, а эканамічныя праблемы вымушаюць людзей шукаць працу ў краінах-суседзях: Расіі і Польшчы. Калі паглядзець аб’ектыўна на сённяшнюю сітуацыю на рынку працы ў горадзе, то цяжка яе назваць пазітыўнай, бо мясцовыя жыхары 26-тысячнага горада жартуюць, што Крычаў хутка ператворыцца ў пасёлак гарадскога тыпу. І падставы для хвалявання сапраўды ёсць, бо кіраўнікі раёна не дбаюць пра дабрабыт Крычаўшчыны, паказваючы сябе “временщиками», якім важна ўласная кар’ера і перспектыва больш высокай пасады.

Алесь Крыжэвіч

Крычаў: Поспех ці правал градабудаўнічага праекта?

У пачатку 2020 года з’явілася інфармацыя, што да 2030 года Крычаў пачне развівацца па новаму генплану. Прычым як заяўлялі ў Крычаўскім райвыканкаме ўжо стартавала грамадскае абмеркаванне даклада па стратэгічнай экалагічнай ацэнцы градабудаўнічага праекта. У новым генплане прадугледжана стварэнне безбар’ернага асяроддзя, інфраструктура для развіцця роварнага руху і сістэмы ландшафтна-рэкрэацыйных тэрыторый. Для адпачынку плануюцца адаптаваць бераг малой рэчкі Крычаўкі, а таксама прылеглую да горада берагавую лінію Сажа. Ідэя сапраўды неблагая, бо гэта магло б стаць новым штуршком у развіцці горада і асабліва важна, што будуць пашырацца рэкрэацыйныя зоны і ўпарадкоўвацца водныя аб’екты. Гэта натуральным чынам палепшыла б экалагічную сітуацыю ў горадзе, а таксама стан упарадкавання гарадскіх тэрыторый. Але давайце больш прыгледзімся да рэалізацыі гэтых задумаў.

Новы квартал горада пачаў будавацца пасля з’яўлення новай школы, якая адпавядае сучаснаму слову тэхнікі: электронныя дзённікі і пропускі, новыя спартыўныя пляцоўкі, вялікая і добраабсталяваная актавая зала, басейн і інш. Сапраўды, школа фактычна стала так бы мовіць “лакмусавай паперкай” для рашэння мясцовай улады пачаць пашыраць межы т. зв. мікрараёна “Камсамольскі”, які пачаў будавацца яшчэ ў 1970-я гг. Новыя дамы размяшчаюцца блізка каля школы, але і блізка каля вялікага аўрага, па якім цячэ тая самая маленькая рака Крычаўка. На сёння ўжо пабудавалі два дома, аднак распачаты будаўнічыя працы яшчэ двух дамоў.

Давалося пазнаёміцца і агледзець адзін з новых дамоў. Дом пафарбаваны ў адносна светлыя і збольшага пазітыўныя колеры. Прылеглая да дома тэрыторыя паабапал яшчэ застаецца неўпарадкаванай. Напрыклад, нягледзячы на тое, што будаўнічыя работы фактычна скончыліся дагэтуль каля дома стаіць “шпакоўня” – драўляны туалет, пабудаваны для працоўных. Яго напэўна варта было б даўно прыбраць, але ў горадзе туалет падчас будаўнічых работ і нават пасля іх завяршэнне становіцца сімвалам, “разынкай” і нават “упрыгажэннем”. Так і ўзгадваецца, якія смачныя фотакадры і арыгінальныя матэрыялы ў другой палове 2000-х гг. пісала незалежная газета “Вольны горад” падчас будаўніцтва дома № 20 па мікрараёну Камсамольскі. Там была ў нечым падобная сітуацыя: дом даўно здалі, а вось драўляны туалет заставаўся яшчэ некалькі гадоў.  Можа ён быў сімвалам зменаў да лепшага і мясцовая вертыкаль такім арыгінальным спосабам гэта хацела падкрэсліць? Хаця магчыма былі прыхільнікі спраўляць свае патрэбы менавіта ў такіх туалетах, што размяшчаюцца на вуліцы, а не ў кватэрах. Мы ж, як кажуць, жывем у свабоднай краіне, пагэтаму можна хадзіць у розныя туалеты, да якіх ляжыць д….уша, так бы мовіць. Па гэтаму гэта чарговая праява дэмакратычнасці, дзе ўлічваюцца любыя жаданні жыхароў дамоў і гарадоў.

Вакол дома шмат будаўнічага смецця, што разам з туалетам ствараюць не самую пазітыўную карціну і паказваюць, што тэндэнцыі і практыкі будавання не змяняюцца. На вялікі жаль…. Баюся, што і дамы, якія цяперака пафарбаваны ў пазітыўныя колеры праз 5-10 год будуць шэрымі і абдрапанымі, як і іншыя дамы мікрараёна Камсамольскі, што былі пабудаваны ў 1990-х і 2000-х гадах.

Яшчэ больш здзіўляе, наконт заяваў мясцовай улады пра экалагічны падыход ва ўпарадкаванні водных аб’ектаў. Вышэй адзначана, што побач з дамамі знаходзіцца вялікі аўраг, які працінае рэчка Крычаўка. Практычна побач са школай выцякае невялічкі ручай, які з’яўляецца адным з прытокаў Крычаўкі. І менавіта ў гэты ручай выведзена вялікая сточная труба з новага мікрараёна. Вось такі экалагічны падыход крычаўскіх чыноўнікаў!!! Прычым труба для стока таўстая і вялікая, а гэта сведчыць, што адходы будуць выцякаць з цэлага міні-квартала і трапляць напрамую ў ваду ручая.

Вада ручая буде несці разнастайныя фекаліі адпаведна ў рэчку Крычаўку. Няўжо гэта і ёсць адзін з пунктаў па адаптацыі берага Крычаўкі ў рэкрэацыйную зону? Калі так, то няўжо прыемна будзе мясцовым жыхарам адпачываць каля воднага аб’екта, які будзе смярдзець і ў якім будуць плаваць розныя адходы чалавечай жыццядзейнасці??? Я ўжо не кажу пра тое, што трэба праводзіць эколага-гідралагічныя даследванні. Напрыклад, ці вывучалася гаспадарчае і мелірыяцыйнае значэнне малога воднага аб’екта? І ці былі абследваны рэчышча рэчкі, яго берагоў,  характар дна і жыўлення ракі? Усе гэтыя пытанні надзвычай важныя, каб пачынаць якія-небудзь будаўнічыя працы ці здзяйсняць ідэі па ўпарадкаванню водных аб’ектаў. Практычна ўпэўнены на 100%, што ні аб чым падобным ніхто з чыноўнікаў нават не думаў, не тое што хацеў здзейсніць. Я ўжо не кажу пра гістарычнае значэнне невялічкай рэчкі Крычаўкі, якое яна мела ў мінуўшчыне старадаўняга горада, што таксама трэба ўлічыць.

Проста здзіўляешся як безграматна, абыякава і бяздумна рэалізоўваюцца будаўнічыя праекты ў горадзе. Хаця апошнім часам адзінкавыя праекты можна сапраўды назваць прадуманымі, якія не шкодзяць, а спрыяюць добраму іміджу горада. Большая частка з іх узроўня “абняць і плакаць”. Такім чынам, мы атрымоўваем карціну наступную: чынавенства займаецца тымі пытаннямі, у якіх не мае ніякай кампетэнцыі. На вялікі жаль, у шмат каго нават прыблізнага ўяўлення не маецца…. Спадзяванне на ўдумлівы і разумны падыход не маю, але ёсць надзея што калі-небудзь мясцовыя чыноўнікі і жыхары горада нарэшце пачнуць цаніць экалагічны патэнцыял горада і ганарыцца ім, разумна ўпарадкоўваючы водныя аб’екты. Але колькі пройдзе часу і колькі яшчэ шкоды нанясуць прыроднаму і гістарычнаму вобліку Крычава на паддаецца ацэнцы….

Наконт астатніх заяваў нават крыху смешна становіцца. Згодна дарожнай карты ў горадзе павінны з’явіцца цэлых два новых мікрараёна. Новыя дамы будуць будавацца і здавацца ў эксплуатацыю, але ж дзе людзям знаходзіць працу, калі скарачэнне працоўных месцаў у Крычаве адбываецца з кожным годам? Для чаго новыя дамы і кварталы, калі ў горадзе няма працы, а прадпрыемствы і арганізацыі зачыняюцца? Хаця заявы мясцовых чыноўнікаў я б не стаў успрымаць надта сур’ёзна, бо ў іх часта бывае, як у той пагаворцы “Размах на рубль, а удар на копейку”. Вось і тут такім чынам. Дзе знойдуць грошы для гэтых амбіцыйных праектаў? І наогул ці будзе небяспечна для прыроднага асяродку і гістарычнай спадчыны гэтыя ідэі? Бо  вельмі сумна становіцца, калі добрыя ідэі выконваюцца бяздарна. І гэта вялікая бяда не толькі крычаўскіх чыноўнікаў, якія на жаль розумам не вылучаюцца, але і кіраўнікоў розных рангаў усёй Беларусі.

Алесь Крыжэвіч. Фота аўтара