Яндекс.Метрика Новости по тегу "Арцём Грэкаў" - Магілёўскі Рэгіён

Былы магілёўскі пажарны, якога на працы не адпусьцілі ў дэкрэтны водпуск, усё ходзіць па судах

Былы пажарнік абскардзіў у судзе сваё звальненьне зь Міністэрства надзвычайных сытуацый. Суд стаў на бок міністэрства. Але мужчына судзіцца далей, паведамляе Радыё Свабода.

Арцём Грэкаў

Права на дэкрэтны водпуск для догляду за дзіцем без абмежаваньняў у органах надзвычайных сытуацый маюць работнікі-жанчыны — такая пазыцыя была выказаная 20 лістапада ў Магілёўскім абласным судзе падчас разгляду апэляцыйнай скаргі былога работніка пажарнай службы Арцёма Грэкава.

Ён тры месяцы судзіцца з гарадзкім аддзелам надзвычайных сытуацый за тое, каб аднавіцца на працы і атрымаць дэкрэтны водпуск. У выпадку зь сям’ёй Грэкавых праваабаронцы бачыць дыскрымінацыю паводле полавай прыкметы.

20 лістапада ўсьлед за Ленінскім судом Магілёва пазоў Грэкава пакінуў без задавальненьня Магілёўскі абласны суд. Грэкаў будзе судзіцца далей.

З чаго ўсё пачалося?

У красавіку ў сям’і 38-гадовага Арцёма Грэкава нарадзілася другое дзіця, і ён наважыўся пайсьці ў дэкрэтны адпачынак замест жонкі. Пра сваё жаданьне сказаў на атэстацыйнай камісіі, якая разглядала пытаньне працягненьня зь ім працоўных адносін. У выніку пастанавілі кантракт не працягваць, заяву на дэкрэт не задавальняць.

З 1 жніўня Грэкаў беспрацоўны і страціў усе 16 гадоў выслугі. Да права выйсьці на пэнсію ў 48 ён не даслужыў чатырох гадоў.

Акрамя народжанага ў сакавіку дзіцяці, у сям’і Грэкавых ёсьць яшчэ дачка. Яе ў дэкрэце глядзела жонка, чый страхавы стаж — толькі тры гады.

Узнагароды і значкі пажарнага выратавальніка

На што разьлічвае Арцём Грэкаў?

Арцём Грэкаў звальненьне лічыць незаконным, бо, на ягоную думку, наймальнік ня даў яму водпуску для догляду за дзіцем і ня выканаў правы і гарантыі работніка.

У судзе ён апэлюе да Працоўнага кодэксу, які гарантуе дэкрэтны водпуск абаім бацькам. Лічыць, што былы працадаўца няслушна трактуе Палажэньне аб праходжаньні службы ў органах надзвычайных сытуацый, якое таксама прадугледжвае такі водпуск.

19 верасьня 2019 году Ленінскі суд Магілёва не задаволіў прэтэнзіі Грэкава да гарадзкога аддзелу надзвычайных сытуацый. Пасьля гэтага ён зьвярнуўся з касацыйнай скаргай у абласны суд. Сваім пазовам Грэкаў дамагаецца:

  • аднаўленьня на працы;
  • спагнаньня 1020 рублёў за вымушаны прагул з былога працадаўцы;
  • кампэнсацыі маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў;
  • атрыманьня водпуску для догляду за дзіцем.
  • Ірына і Арцём Грэкавы з шасьцімесячнай дачкой Валерыяй

Пазыцыя былых працадаўцаў Арцёма Грэкава: нашу дзейнасьць рэглямэнтуюць лякальныя нарматыўныя акты

Паводле намесьніка начальніка абласнога ўпраўленьня Міністэрства надзвычайных сытуацый Аляксандра Якубава, работнікі пажарнай службы — гэта прадстаўнікі ваенізаванага фармаваньня.

Згодна з Палажэньнем аб праходжаньні службы ў органах надзвычайных сытуацый, разьлічваць без абмежаваньняў на дэкрэтны адпачынак могуць у першую чаргу работнікі-жанчыны. Па ягоных словах, у гэтым палажэньні агаворваюцца ўмовы прадстаўленьня такога водпуску і мужчыну.

«Мы як дзяржаўная арганізацыя разумеем яго ў тым пляне, што бацька можа разьлічваць на водпуск тады, калі ў ягонай жонкі адсутнічаюць фактычныя ўмовы для догляду за дзіцем», — кажа суду Аляксандар Якубаў.

Па ягоных словах, Арцёму Грэкаву прапаноўвалася ўжо пасьля паведамленьня аб спыненьні зь ім працоўных адносін працягнуць кантракт на 1 год, але ён адмовіўся. 1 жніўня працэдура звальненьня была завершаная канчаткова. Аляксандар Якубаў настойвае, што звальненьне не зьвязанае з жаданьнем былога работніка сысьці ў дэкрэтны водпуск.

Ён лічыць, што ў адказчыка і ягонай жонкі яшчэ дастаткова часу, каб напрацаваць страхавы стаж і зарабіць пэнсію.

Пазыцыя праваабаронцаў

Праваабаронцы пра гісторыю Грэкавых кажуць, што яна ілюструе супярэчлівасьць заканадаўства ў пытаньнях гендэрнай роўнасьці. З аднаго боку, Канстытуцыя гарантуе права выхаваньня дзяцей абаімі бацькамі, а з другога — замацоўвае дыскрымінацыю.

У цэнтры «Яе права» пагаджаюцца, што ў Палажэньні аб праходжаньні службы ў органах надзвычайных сытуацый пералічаныя выпадкі, калі бацька можа разьлічваць на дэкрэтны водпуск. Пры гэтым зьвяртаюць увагу, што «жанчыне такі водпуск даецца адразу, а мужчыну — у выключных сытуацыях, што і ёсьць дыскрымінацыяй паводле полавай прыкметы».

Фота: Радыё Свабода