Галоўная » БАЖ » Page 3

У Магілёве абмеркавалі новы закон “Аб персанальных дадзеных”

У Магілёве адбыўся крулы стол “Права на інфармацыю і межы прыватнасці”, падчас якога мясцовыя бажаўцы разам з грамадскімі актывістамі абмеркавалі прыняты Палатай прадстаўнікоў у першым чытанні закон “Аб персанальных дадзеных”.

Удзельнічалі ў сустрэчы, якая праходзіла ў гасцінных сценах Грамадскага цэнтра “Кола”, два з  паловай дзесяткі журналістаў і грамадскіх актывістаў з розных рэгіёнаў Магілёўшчыны.

У госці да магілёўцаў таксама завіталі намеснікі старшыні ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Алег Агееў і Аліна Суравец, а таксама юрыст Прававога цэнтра БАЖ Алег Мацкевіч.

Напачатку круглага стала з кароткім уступным словам выступіў Алег Агееў. Ён прапанаваў удзельнікам мерапрыемства абмеркаваць, што новага пасля прыняцця прынясе для журналістаў і для простых грамадзян закон “Аб персанальных дадзеных”, і як гэта можа адбіцца на працы тых, хто збірае інфармацыю. Намеснік старшыні БАЖ адзначыў, што круглы стол у Магілёве распачынае цэлы шэраг мерапрыемаў па абмеркаванню гэтага закона, якія Беларуская асацыяцыя журналістаў плануе правесці ў розных рэгіёнах Беларусі.

Юрыст Алег Мацкевіч распавеў удзельнікам круглага стала, што новага для грамадзян краіны нясе закон “Аб персанальных дадзеных”, наколькі ён важны для грамадства і як яго прыняццё адаб’ецца на працы журналістаў і СМІ.

У сваёй прэзентацыі Мацкевіч адзначыў, што 13 чэрвеня 2019 года Палата прадстаўнікоў прыняла закон “Аб персанальных дадзеных” у першым чытанні. Ужо ў хуткім часе адбудзецца другое чытанне законапраекта, пасля чаго ён будзе зацверджаны ў Савеце Рэспублікі і падпісаны прэзідэнтам. Праз год пасля гэтага палажэнні новага закона ўступяць у сілу.

Падобныя нарматыўныя прававыя акты ўжо дзейнічаць у больш, чым 40 краінах свету. На дадзены момант у заканадаўстве Беларусі паняцце “персанальныя дадзеныя” выкарыстоўваецца, але, тым не менш, на думку спецыялістаў, яно не адпавядае сучасным прававым падыходам і патрабаванням.

Беларусь — адна з апошніх краін Еўропы, якая прымае закон, што рэгулюе выкарыстанне персанальных дадзеных.

Закон «Аб персанальных дадзеных», які разглядаецца зараз у Беларусі, закліканы забяспечыць абарону правоў і свабод грамадзян пры зборы, апрацоўцы, распаўсюдзе або прадастаўленні іх персанальных дадзеных. Алег Мацкевіч падрабязна распавёў пра ўсе навелы новага заканадаўчага акта, асобна надаўшы ўвагу таму, якія дыскусійныя пытанні ўзнікаюць падчас яго абмеркавання. На думку Мацкевіча, прыняццё закона «Аб персанальных дадзеных» — гэта вялікі крок наперад для беларускага грамадства.

Пасля сканчэння прэзентацыі Алег Мацкевіч разам з Алегам Агеевым адказалі на шматлікія пытанні, якія ўзніклі ў удзельнікаў сустрэчы наконт канкрэтных палажэнняў новага нарматыўнага акта.

У другой частцы круглага стала, на якой у якасці мадэратара выступаў Алег Агееў, удзельнікі дыскутавалі наконт таго, наколькі добра, што такі закон з’явіўся ў Беларусі і што новага патрэбна будзе ўлічваць у сваёй працы журналістам. Дыскусію атрымалася вострай і змястоўнай, свае меркаванні імкнуліся выказаць практычна ўсе ўдзельнікі сустрэчы. Сваімі думкамі наконт новага закона падзяліліся Петр Мігурскі, Валерый Каранкевіч, Барыс Вырвіч, Міхась Аршынскі, Зміцер Антончык, Алесь Сабалеўскі, Яўген Глушкоў, Юрый Плоткін, Аляксандр Буракоў (малодшы), Алег Мацкевіч і іншыя.

Намесніца старшыні ГА “БАЖ” Аліна Суравец у адказ на пытанні ўдзельнікаў круглага стала запэўніла, што тыя персанальныя дадзеныя, якія збірае БАЖ пра сваіх сябращ, знаходзяццца ў надзейных руках. Яны добра абароненыя і ніколі не будуць даступныя нейкім іншым асобам.

Вынікі дыскусіі падвеў Алег Агеў. Ён адзначыў, што прыняццё закона “Аб персанальных дадзеных” будзе насіць станоўчы характар. Закон будзе бараніць нас, грамадзяне атрымаюць усебаковую ахову сваіх персанальных дадзеных. Разам з тым прыняццё новага закона адаб’ецца на працы журналістаў, асабліва журналістаў-фрылансераў, і на працы рэдакцый СМІ, якія працуюць з персанальнымі дадзенымі, ды і, наогул, на аператарах персанальных дадзеных.

Таксама Агееў выказаў занепакоенасць, што дзяржава можа выкарыстаць у цэлым добры закон у сваіх мэтах, калі ён будзе выкарыстоўвацца не па прызначэнню. Таксама вельмі важна, які дзяржаўны орган будзе адказваць за абарону персанальных дадзеных, каб закон запрацаваў у поўным аб’ёме.

Удзельнікі круглага стала ў Магілёве падзякавалі мадэратараў за вельмі цікавае мерапрыемства і запрасілі іх часцей наведваць горад. Згодна агульнага меркаванння, сувстрэча атрымалася вельмі карыснай для яе ўдзельнікаў, яны атрымалі шмат карыснай інфармацыі.

Пасля невялікага перапынку ў той жа дзень 26 чэрвеня з ГЦ “Кола” адбыўся сход сябраў Магілёўскай суполкі ГА “БАЖ”. Намеснікі старшыні арганізацыі Аліна Суравец і Алег Агееў распавялі магілёўцам пра адукацыйную праграму і кампаніі, якія ладзіць ГА “БАЖ”, і заклікалі іх да актыўнага ўдзелу ў гэтых мерапрыемствах. Прадстаўнікі кіраўніцтва БАЖ выслухалі прапановы сябраў арганізацыі з Магілёўшчыны, што патрэбна для актывізацыі яе дзейнасці ў рэгіёне. Свае прапановы выказалі старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, журналісты з Хоцімска і з Шклова Валерый Каранкевіч і Петр Мігурскі, галоўны рэдактар “Магілёўскага выбару” Зміцер Салаўёў і інш.

Старшыня Магілёўскай суполкі БАЖ Барыс Вырвіч праінфармаваў сябраў суполкі пра запланаваныя на бліжэйшы час мерапрыемствы ў Магілёве і рэгіёнах. Адбылася дыскусія наконт таго, якія яшчэ імпрэзы неабходна правесці бажаўцам Магілёўшчыны, і што патрэбна зрабіць для паляпшэння дзейнасці незалежных СМІ у рэгіёне. Было вырашана, што канкрэтныя планы правядзення ме5рапрыемстваў будуць расправцаваныя іх ініцыятарамі ў бліжэйшы час, пасля чаго Праўленне БАЖ разгледзіць магчымасці па іх ажыццяўленню.

Фота: Алесь Сабалеўскі

Тэкст: baj.by

 

Падчас “бажаўскага” прэс-клуба Кастусёў прапанаваў зрабіць Магілёў цэнтрам адзначэння Дня Волі ў наступным годзе

Прэс-клуб на тэму “Перспектывы развіцця беларускай дзяржаўнасці” правялі 29 сакавіка ў Магілёве мясцовыя сябры ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. Падчас мерапрыемства старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў агучыў ідэю зрабіць Магілёў цэнтрам святкавання Дня Волі ў наступным 2020 годзе.

Рыгор Кастусёў

Паўдзельнічаць у прэс-клубе сабралася больш за два дзясяткі журналістаў і грамадскіх актывістаў з розных рэгіёнаў Магілёўшчыны. Паміж імі адбылася цікавая дыскусія пра існуючыя праблемы ў развіцці беларускай дзяржаўнасці на сучасным этапе. Кожны ўдзельнік сустрэчы змог выказаць сваё меркаванне на гэты конт.

Сваімі думкамі і ідэямі з удзельнікамі сустрэчы падзяліліся каардынатар Руху “За свабоду” па Магілёўскай вобласці Пётр Мігурскі, грамадскі актывіст з Хоцімска Валерый Каранкевіч, намеснік старшыні Магілёўскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Зміцер Салаўёў, грамадская актывістка з Крычава Надзея Іванова, журналіст Аляксандр Буракоў (старэйшы) і многія іншыя.

Пётр Мігурскі

Вельмі пазітыўным атрымаўся выступ галоўнага рэдактара газеты “УзГорак” Галіны Буднай. Яна адзначыла, што колькасць людзей, якія ўсведамляюць неабходнасць існавання самастойнай беларускай дзяржавы, стабільна павялічваецца. У прыватнасці, большасць моладзі станоўча адносіцца да нацыянальнай сімволікі і да адзначэння Дня Волі.

У гэтым годзе святочныя мерапрыемствы да Дня Волі 25 сакавіка мясцовыя актывісты ў Горках ладзілі цягам трох дзён, яны былі пазітыўна сустрэтыя жыхарамі горада.

“Усё атрымалася”, — адзначыла Галіна Будная.

Цікавую прапанову падчас свайго выступу агучыў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Спаслаўшыся на станоўчы прыклад правядзення Дня Волі-2019 у Гродне, Кастусёў выказаў ідэю зрабіць цэнтрам адзначэння Дня Волі ў наступным годзе Магілёў, зладзіўшы менавіта тут вялікі святочны канцэрт. Палітык абгрунтаваў сваю прапанову тым, што геаграфію правядзення падобных вялікіх мерапрыемстваў патрэбна пастаянна пашыраць.

Рыгор Кастусёў нагадаў удзельнікам прэс-клуба, што Магілёў быў адзіным губернскім горадам Беларусі, у якім на адмысловым сходзе 31 сакавіка 1918 года каля 400 дэлегатаў падтрымалі стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі і прызналі ўладу Цэнтральнай беларускай рады ў Мінску. Сваю прапанову ён збіраецца вынесці на разгляд аргкамітэта і звярнуўся да ўдзельнікаў прэс-клуба з просьбай падтрымаць яго.

“Геаграфію правядзення вялікіх святочных мерапрыемстваў да Дня Волі патрэбна пастаянна пашыраць, арганізоўваючы свята не толькі ў Мінску, але і ў абласных цэнтрах. Трэба імкнуцца да таго, каб Дзень Волі адзначалі у кожным горадзе, у кожнай вёсцы, у кожным доме”, – выказаў сваё меркаванне палітык.

Ідэя Кастусёва выклікала вялікую цікавасць сярод удзельнікаў мерапрыемства. Мадэратар прэс-клуба Барыс Вырвіч быў вымушаны нагадаць, што мэта яго ўдзельнікаў крыху іншая, але прапанаваў журналістам і актывістам выказаць свае меркаванні.

Сваімі думкамі наконт магчымасці арганізацыі вялікага святочнага мерапрыемства да Дня Волі-2020 у Магілёве падзяліліся многія, але найбольш канкрэтныя прапановы агучыў праваабаронца Барыс Бухель.

Барыс Бухель

На яго думку, у першую чаргу патрэбна дабівацца павелічэння колькасці месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў у горадзе. Зладзіць паспяховае святкаванне ў горадзе можна будзе толькі пры той умове, калі яго арганізацыяй зоймуцца не толькі мясцовыя структуры палітычных партый, а і грамадскія актывісты, якія маюць вопыт правядзення вялікіх мерапрыемстваў (ГЦ “Кола”, Цэнтра гарадскіх ініцыятыў, Магілёўскай суполкі ТБМ, іншых арганізацый) і журналісты мясцовай суполкі ГА “БАЖ”.

Пасля падвядзення вынікаў пасяджэння прэс-клуба Юрый Плоткін прэзентаваў прысутным сайт Магілёўскай суполкі ГА “Беларускай асацыяцыі журналістаў”.

Юрый Плоткін

Юрый распавёў пра тое, чым новаствораны сайт будзе цікавым для мясцовых журналістаў і грамадскіх актывістаў. Ён паказаў, дзе наведнікі сайта могуць знайсці інфармацыю пра дзейнасць магілёўскіх бажаўцаў і мерапрыемствы, якія яны праводзяць, азнаёміцца з гісторыяй дзейнасці магілёўскай суполкі журналісцкай арганізацыі, знайсці неабходныя кантакты. Плоткін заклікаў удзельнікаў сустрэчы дзяліцца сваімі публікацыямі для размяшчэння на сайце.

У той жа дзень, 29 сакавіка, сябры магілёўскай суполкі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” правялі яшчэ адно мерапрыемства. На агульным сходзе бажаўцы разгледзелі некалькі арганізацыйных пытанняў дзейнасці суполкі, узгаднілі тэрміны правядзення круглага стала ў Магілёве, заслухалі прапановы Дзмітрыя Салаўёва і Валерыя Каранкевіча, абмеркавалі магчымасці правядзення мерапрыемстваў суполкі ў рэгіёнах Магілёўскай вобласці.

Прэс-клуб і сход сябраў магілёўскай суполкі ГА “БАЖ” традыцыйна прайшлі ў гасцінных сценах Грамадскага цэнтра “Кола” ў Магілёве.

Крыніца: baj.by

 

 

 

У абласной бібліятэцы Магілёва патлумачылі, чаму адмовіліся ад бясплатнага пяцітомніка Святланы Алексіевіч

Дырэктар Магілёўскай абласной бібліятэкі імя Леніна Ілона Сарокіна даслала адказ на зварот сябраў мясцовай суполкі ГА “БАЖ”. … чытаць далей

Бажаўцы Магілёўшчыны лічаць, што кнігі Святланы Алексіевіч павінны дайсці да чытачоў Магілёўскай вобласці

Сябры ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Магілёўскай вобласці на сходзе прынялі адмысловую заяву, у якой выказалі … чытаць далей

Сябры ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” правялі ў Магілёве канферэнцыю па пытаннях бяпекі

У Магілёве 22 снежня адбылася рэгіянальная канферэнцыя па бяспецы, арганізаваная мясцовымі сябрамі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

У канферэнцыі прынялі ўдзел больш за трыццаць журналістаў і грамадскіх актывістаў з розных рэгіёнаў Магілёўшчыны.

Удзельнікі абмеркавалі два блокі пытанняў. Спачатку намеснік старшыні ГА “БАЖ” Алег Агееў распавёў пра новыя пагрозы, якія ўзнікаюць перад журналістамі, блогерамі і сродкамі масавай інфармацыі ў сувязі са зменамі ў беларускім заканадаўстве і прыняццём новай рэдакцыі Закона “Аб СМІ”.

Пасля абмеркавання гэтага пытання эксперт па лічбавай бяспецы Мікалай Кванталіані зладзіў прэзентацыю на тэму “Лічбавая, каммунікацыйная, асабістая бяспека. Як абараняцца?” Эксперт азнаёміў прысутных з асноўнымі правіламі, якіх патрэбна прытрымлівацца, каб забяспечыць асабістую бяспеку пры карыстанні рознымі гаджэтамі і працы ў інтэрнэце.

Выступы абодвух экспертаў выклікалі вялікую цікавасць у ўдзельнікаў канферэнцыі. Алегу Агееву і Мікалаю Кванталіані давялося адказваць на шматлікія пытанні магілёўцаў, выслухаць іх меркаванні пра тое, чым пагражаюць журналістам змены ў заканадаўства аб СМІ, распавесці пра асаблівасці працы з сацыяльнымі сеткамі і г. д. Магілёўскіх бажаўцаў непакоіла тое, што змены ў Закон “Аб СМІ”, якія пагаршаюць сітуацыю з забеспячэннем права на свабоду слова ў краіне, не выклікалі шырокага рэзанансу ў беларускім грамадстве.

Свае меркаванне наконт узнятых праблем падчас канферэнцыі выказалі Дзяніс Васількоў, Уладзімір Лапцэвіч, Барыс Бухель, Галіна Будная, Алесь Асіпцоў, Зміцер Салаўёў, Аляксандр Буракоў (малодшы), Міхаіл Аршынскі, Барыс Вырвіч і іншыя ўдзельнікі мерапрыемства.

Па завяршэнні канферэнцыі кіраўнік праекта Mogilev.Report Дзяніс Васількоў павіншаваў калег з надыходзячымі святамі і ўручыў Падзякі ды невялікія падарункі журналістам, якія актыўна асвятлялі і ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці Магілёва. Свае заслужаныя ўзнагароды атрымалі магілёўскія сябры ГА “БАЖ” Аліна Скрабунова, Алесь Сабалеўскі і Аляксандр Буракоў (малодшы).

Ужо традыцыйна арганізаваная магілёўскімі сябрамі ГА “БАЖ” канферэнцыя прайшла ў гасцінных сценах Грамадскага цэнтра “Кола” ў Магілёве.

Фота: Алесь Сабалеўскі, Барыс Вырвіч

Крыніца: baj.by