Галоўная » магілеў

Як адзначалі “Дзень Волі” у далёкім 2008 годзе. (відэа)

Штогод беларусы ўсяго света 25 сакавіка адзначаюць Дзень Аднаўлення Незалежнасьці (Дзень Волі). Менавіта 25 сакавіка 1918 года Усебеларускім з’ездам ў г.Мінске была прынятая Устаўная грамата, якая абвяшчала незалежнасьць Беларусі ад Расейскай імперыі.
Давайце ўзгадаем як адзначалі гэтае свята Ў Магілёве ў 2008 годзе:

Відэа: Міхась Аршынскі

Дыктоўка да Міжнароднага дня роднай мовы прайшла ў Магілёве

Больш за 70 чалавек прынялі ўдзел у традыцыйнай дыктоўцы, прымеркаванай да Міжнароднага дня роднай мовы, якая прайшла ў магілёўскім Палацы вобласці.

Дыктоўка праходзіць ужо ў трынаццаты раз, адзначыў напачатку мерапрыемства старшыня Магілёўскай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы (ТБМ) Алег Дзьячкоў. Кожна раз арганізатары выбіраюць ўрыўкі з твораў тых пісьменнікаў, якія звязаныя з Маглёўшчынай. Так, у 2019 годзе ўдзельнікі дыктоўкі пісалі на слых частку твора «Шчаслівае месца» Івана Чыгрынава, а сёлета – «Сівая легенда» Уладзіміра Караткевіча. Чытаў урывак настаўнік з 41-й школы Алесь Цітоў.

Пасля дыктоўкі ўсе жалаючыя маглі паглядзець спектакль на беларускай мове «Беларускі каляндар», наладжаны адміністрацыяй Палаца культуры.

«За гэтыя 13 гадоў змянілася ў значна лепшы бок стаўленне ўладаў магілёўскіх, чыноўнікаў да дыктоўкі. Прасцей стала арганізоўваць, яны самі прапануюць дапамогу. І тое, што яна праходзіць на прыстойным узроўні гэта, перадусім, дзякуючы нашым уладам, адміністрацыі і супрацоўнікам Палаца культуры вобласці», – заявіў «Магілёўскаму рэгіёну» Алег Дзьячкоў.

Паводле яго, раней многае рабілася выключна на энтузіязме актывістаў ТБМ і супрацоўнікаў палаца. «Зараз ёсць зацікаўленасць уладаў у тым, каб такія мерапрыемствы праходзілі», – упэўнены старшыня гарадской арганізацыі ТБМ.

Ён адзначае, што колькасць удзельнікаў дыктоўкі вагаецца ад 70 да 150 чалавек. Арганізатары не робяць шырокую рэкламную кампанію, арыентуючыся прыкладна на сотню ўдзельнікаў. Павялічыць іх колькасць ці ўвесці папярэднюю рэгістрацыю з пашырэннем рэкламы акцыі пакуль не плануецца. «Мы не ўводзім рэгістраыю, каб не было залішняй бюракратызацыі. Бо многіх гэта ўсё ж такі пужае, і многія з-за гэтага адмаўляюцца, напрыклад, людзі старэйшага ўзросту, якія не ўмеюць карыстацца інтэрнэтам і для якіх гэта праблема. А большая частка гэта ўсё ж такі людзі сталага ўзросту, якія не карыстаюцца інтэрнэтам. Але ёсць ядро – пару дзясяткаў чалавек, якія прыходзяць з года ў год. А многія паспрабавалі раз, два, а потым прыходзяць новыя людзі. Добрую палову людзей, якія сёння прыйшлі, я не ведаю», – кажа Дзьячкоў.

Паводле яго, дыктоўка спрыяе ўсведамленню, што «мы беларусы, што наша роўдная мова беларуская». Галоўны ж сэнс акцыі не ў граматычна бездакорным напісанні тэкста, а ва ўдзеле ў ёй.

Уладзімір Лапцэвіч

Фота Алесь Сабалеўскі

“Салодкі Дзень роднай мовы” ў Магілеве.

Ужо ў 7-ы раз у Магілёве на Плошчы зорак праходзіць “Салодкі Дзень роднай мовы”. Менавіта 21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы (International Mother Language Day), з 2000 года штогод з мэтай садзейнічання моўнай і культурнай разнастайнасці і шматмоўю.

Дзесяткі валанцёраў і сяброў Таварыства беларускай мовы сумесна з кампаніяй CUKERKI.BY (Цукеркі.бай) раздаюць гараджанам і гасцям горада цукеркі за веданне  беларускай мовы.

Людзі рознага ўзросту самі падыходзілі і з задавальненнем удзельнічалі ў салодкай акцыі.

Гучалі не толькі словы падзякі, але і добрыя пажаданні ў падтрымку беларускай мовы. Усяго валанцёрамі было раздадзена 15 килаграмаў цукерак і сабраны сотні напісаных слоў.

Падрабязней ў нашым рэпартажы.

 

Яўген Глушкоў

Суд за абарону незалежнасці

Суддзя Ленінскага раённага Суда Магілёва Вікторыя Палякова прызнала Станіслава Паўлінковіча вінаватым ва ўдзеле ў акцыях пратэсту супраць інтэграцыі Беларусі з Расіяй 20 і 21 снежня ў г. Мінску і прысудзіла штраф у памеры 30-ці базавых велічынь, на сённяшні дзень гэта 810 беларускіх рублёў. Таксама актывіст нечакана для сябе даведаўся, што Мінскі суд пакараў актывіста штрафам за ўдзел у акцыі пратэсту ў Мінску 7 і 8 снежня на суму ў памеры 637 рублёў.

Больш падрабязна глядзіце ў нашым рэпартажы.

 

Відэа: Яўген Глушкоў

Важная інфармацыя для гасцей Магілёва: не ўсе лякарні абслугоўваюць НЕ-магілёўцаў

Выкрутасы айчыннай медыцыны: звычайны бытавы выпадак – чалавек дзвярмі пашкодзіў пальцы – выявіў глабальную праблему … чытаць далей

Акцыя «Дарога дадому». Падары сабаку Дом.

20 красавіка магілёўскае таварыства аховы жывёлаў «Добрае сэрца» зладзіла акцыю «Дарога дадому». Валанцёры таварыства прывезлі сваіх падапечных – сабак, якія шукаюць дом, у Камсамольскі сквер, для непасрэднага знаёмства з будучымі гаспадарамі.

Ці пашчасціла каму-небудзь знайсці дом? Усе сабакі-ўдзельнікі акцыі вярнуліся назад у свае вальеры. Але гэта не значыць, што не было ахвотных забраць сабаку, людзі падыходзілі, цікавіліся, абменьваліся тэлефонамі з валанцёрамі. Забраць сабаку можна не толькі на акцыі, а ў любы зручны для вас дзень і час.

Падчас акцыі валанцёры сабралі багата лекаў і ежы, а таксама грошы на ўтрыманне бадзяжных жывёлаў. У таварыства «Добрае сэрца» выкуплена 10 вальераў на тэрыторыі «Спецаўтапрадпрыемства», а яшчэ па ўсяму гораду працуе хатняя ператрымка, калі валанцёры забіраюць жывёліну сабе дадому і даглядаюць за ёй, пакуль не знойдзецца новы гаспадар.

 

Калі вы не можаце забраць сабе сабаку ці ката, а жадаеце дапамагчы, то вось вам падказкі:

– вазьміце сабаку на ператрымку,

– станьце валанцёрам «Добрага сэрца»,

– распаўсюджвайце інфармацыю пра таварыства, сабак, неабходную дапамогу,

– ахвяруйце грошы на ўтрыманне бадзяжных жывёлаў,

– прывязіце ежу, лекі, цацкі для сабак.

 

Сабакі аддаюцца на ўмовах дамовы. Паглядзець усіх сабак і забраць сабе можна па адрасе: г. Магілёў, Гомельская шаша, 58а. тэл. +375 (29) 164-66-97

Суполка ў ВК: https://vk.com/dobroe_serdce_mogilev

Суполка у FB: https://www.facebook.com/Группа помощи бездомным животным “Доброе сердце” г.Могилев-1113986542104673/

Банкаўскі рахунак «Добрага сэрца»:

у бел. рублях – BY19AKBB31350558402317000000;

ОО «МОЗЖ»

№ 700 ОАО «АСБ Беларусбанк»

код AKBBBY21700 УНП 790381041

 

СПОСАБЫ АПЛАТЫ:

  • Безнаяўны разлік:

Інтернэт- банкінг, Мабільны банкінг, Інфа-кіёскі, СМС-банкінг (у некаторых банках).

  • Наяўны разлік:

Каса любога банку (трэба ўказаць плацёжную сістэму ЕРІП), плацёжныя церміналы.

Для ўсіх спосабаў аплаты (акрамя СМС-банкінга) шлях адзіны:

– Плацяжы – сістэма «Разлік (ЕРІП) – Грамадскія аб’яднанні – Абарона жывёлаў –Магілёўскае таварыства абароны жывёлаў ОО «Добрае сэрца».

 

ТОП сабакаў з акцыі “Дарога да дому”, якія шукаюць Дом.

Праблемы экалогіі і шляхі іх вырашэння абмеркавалі на Грамадскім Магістраце ў Магілёве

Магілёўскі Грамадскі Магістрат разам з абласным аддзелам ГА “Беларускае геаграфічнае таварыства” зладзілі круглы стол “Экалогія Магілёва : выклікі і рашэнні”. Сустрэча прайшла 18 красавіка ў памяшканні і пры актыўнай падтрымцы Магілёўскай абласной навукова-тэхнічнай бібліятэкі.

 Удзельнікі круглага стала абмеркавалі стан экалогіі ў горадзе і паспрабавалі вызначыць асноўныя праблемы і пошук магчымых шляхоў іх вырашэння, адшукаць механізмы узаемадзення і ўзаемадапамогі паміж экалагічнымі і іншымі арганізацыямі “трэцяга сектару”, грамадскасцю, органамі ўлады і СМІ.

За круглым сталом сабраліся прадстаўнікі Грамадскага Магістрату, Магілёўскага абласнога аддзела ГА “Беларускае геаграфічнае таварыства”, МАА “Экапартнерства”, “ЭНДО”, “Экапраект”, кіраўнікі экалагічных ініцыятыў ад ТБМ, клуба аматараў гісторыі і падарожжаў “Чароўны ўспамін”, ініцыятываў “За здаровы Магілёў”“Зялёная сетка”, “СПП”, Цэнтр грамадскіх ініцыятыў, “Падміколле” і “Пячэрск”, прадстаўнікі навучальных устаноў (МДАЛ №3, МДУ імя А. Куляшова, БРУ, МДУП, МДА ІРА), ГА БАЖ, а так сама прадстаўнікі АГП і БХД.

Сустрэча прайшла ў адным з памяшканняў магілёўскай абласной навукова-тэхнічнай бібліятэкі – філіяле РНТБ

 

Удзельнікам было прапанавана запоўніць анкеты з пытаннямі пра стан экалогіі ў горадзе, асноўныя праблемы і выклікі, і як і што можа зрабіць ініцыятыва, якую яны прадстаўляюць для паляпшэння сітуацыі.

Некаторыя ўдзельнікі сустрэчы распавялі пра свае арганізацыі і ініцыятывы, прэзентавалі праекты і справы. Так, самы юны з удзельнікаў, вучань 11-га класу ліцэя №3 Арцём Харкевіч  прэзентаваў грунтоўную працу “Стварэнне інтэрактыўнай карты дзіцячых пляцовак г. Магілёва”. Праз інтэрнэт сувязь да сустрэчы далучылася спецыяліст МАА “Экапартнерства” па энэргіі і клімату Наталля Андрэенка, якая падрабязна распавяла пра ўдзел Магілёва ў ініцыятыве «Пагадненне мэраў па клімату і энергіі». Актывіст-эколаг Леанід Платоненка ўзгадаў праблемы Падміколля і Пячэрска, а Андрэй Пахоменка з “ЭНДО” расказаў пра стан і маніторынг вады і паветра горада. Каардынатар кампаніі “За здаровы Магілёў” Андрэй  Бодзілеў агучыў праблемы па выкідах прадпрыемства “Омск-карбон”. Ён так сама звярнуў увагу на недапрацоўкі ў заканадаўстве па пытаннях экалагічнай бяспекі, пра нежаданне некаторых чыноўнікаў прызнаваць і заўважаць экалагічныя праблемы.  Віктар Кірэеў прадставіў грунтоўную прэзентацыю пра дзейнасць МГА “Экапраект” і іхныя шматлікія экалагічныя праекты. Віктар заўважыў, што ў Магілёве нехапае адмысловай інфаплатформы, дзе б грунтоўна ўздымаліся і асвятляліся праблемы і пытанні экалогіі, і на якой спецыялісты і эксперты маглі б рэгулярна агучваць і каментаваць усё самае актуальнае на гэту тэму. Акрамя таго, надзённай ёсць і праблема фінансавання  экалагічных праектаў і ініцыятыў на мясцовым узроўні.

Арцём Харкевіч прэзентуе “Стварэнне інтэрактыўнай карты дзіцячых пляцовак г. Магілёва”

 

Леанід Платоненка – актывіст, эколаг, краязнаўца. Андрэй Пахоменка, ГА “ЭНДО” Віктар Кірэеў, МГА “Экапраект”

 

Шмат розных заўваг і каментароў прагучала амаль ад ўсіх удзельнікаў, было агучана багата ідэяў і прапаноў па паляпшэнні сітуацыі з экалогія, па прыродаахоўным захадам. Удзельнікі дамовіліся разгледзіць прапановы аб стварэнні каардынацыйнага савета па экалагічных праблемах пры Грамадскім Магістраце, аб накіраванні прадстаўнікоў у рабочыя групы па распрацоўцы рэгіянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця. Адна з вялікіх праблемаў грамадства, у тым ліку і сярод экалагічных актывістаў і ініцыятыў – недахоп прававых ведаў, запозненая рэакцыя на ўзніклыя праблемы. Таму было вырашана падумаць пра стварэнне юрыдычна-прававой групы адмыслоўцаў, пра пашырэнне інфармацыйнай прасторы для шырокага абмеркавання праблем, азнакамлення  грамадскасці аб выніках працы каардынацыйнага савета, па правядзенню інтэрактыўнай (дыялогавай) дзейнасці.

Ну і галоўная думка і выснова сустрэчы – гэта неабходнасць аб’ядноўваца, пачынаць не толькі абмяркоўваць але і разам прымаць рашэнні, рэальна і актыўна працаваць. Вельмі важна і ўсімі сродкамі даводзіць да ўладаў разуменне таго, што не грошы і прыбытак самае галоўнае, у першую чаргу неабходна думаць пра будучыню, пра тое, якім мы захаваем горад і асяроддзе для нашых дзяцей, бо ніякія грошы не кампенсуюць страты здароўя і негатыўныя прыродныя змены. 

 

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара.

У Магілёве на Дзень Волі правялі экскурсію (фота)

25 сакавіка ў Магілёве адбылася дабрачынная экскурсія па месцах, звязаных з Беларускай Народнай Рэспублікай. Яе правёў гісторык Алесь Агееў, адзін з аўтараў кнігі «Фармаванне і дзейнасць Магілёўскага Беларускага Камітэту (1917–1918 гг.)». Па сутнасці менавіта пра гэты камітэт і распавядалася, бо ён прасоўваў інтарэсы беларусаў на Магілёўшчыне і стаў першым органам, які афіцыйна падтрымаў абвяшчэнне БНР у Менску.

«БНР часта называлі то буржуазным, то нямецкім праектам, але абедзве версіі рассыпаліся. Мне відавочна, што і БНР і БССР – два варыянты адной ідэі. Магла прайсці і тая і тая. Тое, што БНР праіснавала мала часу, ніяк не змяншае яе значнасці для нас, нашчадкаў тых беларусаў, якія змагаліся за самавызначэнне», – кажа Алесь Агееў.

Менавіта тут, на плошчы Славы 100 год таму праводзілі беларускія нацыянальныя святы

Гісторык тлумачыць, што ў 1918 годзе натуральна, што Магілёў і Менск знаходзіліся на адной хвалі. Па ягоных словах, Гомель у тыя часы, як і Берасце, былі праўкраінскія, Горадня – схіляўся да палякаў, а Віцебск быў пад уплывам Саветаў. Жыхары Магілёву і Менску бачылі гэтае драбленне і менавіта таму падтрымалі ідэю ўтварэння сваёй Беларускай Народнай Рэспублікі.

Гараджане ахвяравалі грошы на дзейнасць беларускага камітэту ў Магілёве

«У Магілёве 100 год таму адбываліся файны рэчы. Палову гораду насялялі габрэі, але беларусы змаглі абʼяднацца і стварыць досыць моцную арганізацыю – Магілёўскі беларускі камітэт. Грошы на сваю дзейнасць яны збіралі падчас народных гулянняў. На плошчы, якая сёння завецца плошчай Славы, улетку 1917 года беларусы зладзілі Купалле – з расцяжкамі, харугвамі, забавамі ды скарбонкамі для збору грошай. Ідэя правядзення такіх забаваў прыйшлася гараджанам даспадобы і яны шчыра ахвяравалі. Камітэт з аднаго такога свята сабраў 2000 рублёў на падтрыманне сваёй дзейнасці», – кажа Алесь Агееў.

Месцы, па якіх прайшла экскурсія, апісаны ў кніжцы “Шляхамі БНР”

 

Экскурсіі па месцах дзейнасці Магілёўскага беларускага камітэту ладзяцца ў Магілёве штогод

Сабраныя грошы дапамаглі беларусам правесці паспяховую выбарчую кампанію ў гарадскую думу. Агітацыя звычайна праходзіла ў царкоўных прыходах адразу пасля службы. Там раздаваліся ўлёткі, надрукаваныя ў магілёўскай друкарні. Як кажа Агееў, гэтыя ўлёткі маглі б стаць добрым прыкладам агітацыйных кампаніяў нават сёння. Дзякуючы такой працы сябры Магілёўскага беларускага камітэту атрымалі на выбарах у гарадскую думу 6 месцаў з 64.

Чалавек у цывільным ад пачатку і да канца сачыў за экскурсіяй на адлегласці. З ім было яшчэ некалькі асобаў у цывільным

«Як ні дзіва, у гарадской думе беларусы ініцыявалі абмеркаванне двух пытанняў: хлеба і беларускай рэспублікі. Ім удалося перацягнуць на свой бок прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў: габрэяў, украінцаў, расейцаў, палякаў. І летам 1918 года на сходзе прадстаўнікоў дзяржаўных устаноў і грамадскіх арганізацыяй магілёўцы падтрымалі ідэю стварэння незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі», – кажа Алесь Агееў.

Шыльда яшчэ чакае свайго часу

Калі экскурсія дайшла да будынку сярэдняй школы № 1, дзе і адбыўся гэты гістарычны сход, пільныя слухачы заўважылі: «А дзе шыльда, якую планавалі павесіць на будынак яшчэ ў мінулым годзе?»

У цэнтры гораду, дзе прайшла экскурсія, пераважна жылі толькі заможныя людзі

Сапраўды, падчас экскурсіі шляхамі БНР у Магілёве ў 2018 годзе скульптар Андрэй Верабʼёў прэзентаваў эскіз памятнай шыльды. А ўдзельнікі экскурсіі падпісаліся пад зваротам за яе ўсталяванне. Планавалася, што шыльду павесяць на будынак СШ № 1, у сценах якога беларусы падтрымалі БНР. Алесь Агееў патлумачыў, як сітуацыя выглядае праз год:

«Справа зацягнулася, бо ў Менску аналагічная сітуацыя не была развязаная. Зразумела, што калі б у Менску далі дабро, то і ў нас не было б перашкод. Але менскія ўлады адмовіліся вешаць шыльду, вось і нашыя цяпер не могуць рашыцца. Ой, што нам адказалі ў гарвыканаме. Гэта ўзор бюракратычнай адпіскі. І не дазволілі, і не адмовілі. Хаця на тапанімічнай камісіі, якая разглядала прапанову павесіць памятную шыльду, большасць выказалася «ЗА».

Палітык Алесь Сілкоў усклаў кветкі на будынак, у якім стагоддзе таму беларусы з Магілёва падтрымалі абвяшчэнне незалежнасці БНР у Менску

Не абышлося без увагі з боку міліцыі. Удзельнікі экскурсіі заўважылі трох асобаў у цывільным, якія сачылі за экскурсіяй ад пачатку і да яе заканчэння, але блізка не падыходзілі. Адзін супрацоўнік намагаўся здымаць удзельнікаў экскурсіі на камеру. Калі яго рассакрэцілі, ён чамусьці схаваў спыніў здымкі і стаў проста назіраць. Трэба адзначыць, што міліцыянты пільнавалі святкаванне Дня волі ў Магілёве яшчэ 24 сакавіка. Дзве машыны стаялі ля гасцініцы «Губернская», дзе адбывалася святочнай імпрэза.

Вольга Васільева belsat.eu