Яндекс.Метрика Николай Молчанов Archives - Магілёўскі Рэгіён

Унікальны погляд на стары Магілёў і іншыя працы самабытнага мастака на выставе ў ДК “Магатэкс”

Работы самабытнага мастака Мікалая Малчанава можна пабачыць на выставе, што адкрылася ў Доме культуры Тэкстыльшчыкаў ААТ «Магатэкс».

Мікалай Малчанаў – не прафесійны мастак, ён сам навучыўся пісаць, натхняючыся палотнамі вядомых пейзажыстаў, дадаючы ў свае працы тэмы і адценні з іншых плыняў жывапісу. Сам аўтар нарадзіўся ў 1933 годзе ў Кемераўскай вобласці Расіі, па прафесіі – ваенны лётчык, яму нават давялося паўдзельнічаць у ваенных дзеях у В’етнаме, Камбоджы, на Кубе. Пасля заканчэння службы, з 1973 года, працаваў электрыкам на Магілёўскім камбінаце шаўковых тканінаў (зараз – ААТ «Магатэкс»). Свой вольны час Мікалай Малчанаў прысвячаў жывапісу, не аднаразова ягоныя працы прымалі ўдзел на мастацкіх выставах. За творчыя дасягненні мастак быў узнагароджаны медалём Усесаюзнага савету прафесійных саюзаў. Закончыў свой творчы і зямны шлях Мікалай Васільевіч Малчанаў у 1993 годзе.

Мастацкую спадчыну Мікалая Малчанава – а гэта больш за чатыры сотні палотнаў, захоўваюць родныя мастака, і, перш за ўсё, яго сын Леанід. Не так даўно ён, у садружнасці з магілёўскім скульптарам Андрэем Вараб’ёвым, адкрыў у Магілёве мастацкую галерэю, якая распачынала сваю працу з экспазіцыі работ Мікалая Малчанава. Зараз у галерэі рэгулярна праводзяцца выставы і іншых магілёўскіх мастакоў, такая падтрымка мясцовых талантаў, увогуле мастацкага і творчага жыцця горада – найлепшы спосаб ушанавання памяці свайго таленавітага продка.

Падчас адкрыцця выставы
Глава адміністрацыі Ленінскага раёну Віктар Рычартавіч Лаўрыновіч і генеральны дырэктар ААТ «Магатэкс» Віктар Аркадзьявіч Маціевіч (справа)
Сын мастака Леанід Малчанаў (справа) і скульптар Андрэй Вараб’ёў

На выставе, якая адкрылася 14-га снежня, прадстаўлена каля трыццаці работ Мікалая Малчанава. Экспазіцыя падзелена на тры тэматычныя часткі, адна з каторых прысвечана Магілёву дарэвалюцыйнаму, другая –  пейзажы, так сама можна пабачыць некалькі партрэтаў, у тым ліку і аўтапартрэт мастака. Выстава арганізавана пры падтрымцы ААТ «Магатэкс» і прымеркаваная да 45-годдзя прадпрыемства, якое адзначаецца ў гэтыя дні. На адкрыцці выставы з вітальнымі словамі выступілі генеральны дырэктар «Магатэкс» Віктар Маціевіч, глава адміністрацыі Ленінскага раёну Віктар Лаўрыновіч, старшыня магілёўскага аддзялення Саюза мастакоў, скульптар Андрэй Вараб’ёў. Распавёў пра свайго бацьку, яго працу і творчасць Леанід Малчанаў. Так сама Леанід выказаў вялікую ўдзячнасць кіраўніцтву прадпрыемства за падтрымку ў арганізацыі выставы, за памяць, што тут захоўваюць пра свайго былога супрацоўніка.

Мікалай Малчанаў, аўтапартрэт

Выставу Мікалая Малчанава можна наведаць да 19 снежня, ДК Тэкстыльшчыкаў месціцца па адрасе вуліца Грышына, 87а, час працы – з 10:00 па 17:00. Уваход вольны.

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара