Яндекс.Метрика «Рэспубліка» Archives - Магілёўскі Рэгіён

У Магілёве пасьля праверак закрылі кавярню, якая не працавала ў першы дзень нацыянальнага страйку

На патрабаваньне санэпідэмстанцыі спыніла працу магілёўская кавярня «Рэспубліка», якую западозрылі ў падтрымцы агульнанацыянальнага страйку 26 кастрычніка. Тады ўстанова была зачыненая «з тэхнічных прычын». За наступныя 20 дзён кавярню правяралі чатыры разы, паведамляе Радыё Свабода.

 

Наведнікі падтрымалі «Рэспубліку»

19 лістапада, у апошні дзень працы, кавярня «Рэспубліка» была поўная гасьцей. Гэтак наведнікі стараліся падтрымаць яе.

«З закрыцьцём кавярні мы губляем свой дом», — казалі яе госьці.

Апошні дзень працы «Рэспублікі». Ня ўсе ахвотныя трапілі ў кавярню. Чакалі звонку, пакуль вызваляцца месцы

Кавярня месьціцца на пешаходнай вуліцы Ленінскай. За 4,5 года існаваньня яна стала адным з найпапулярнейшых тут месцаў адпачынку. Мастакі, фатографы, музыкі рэгулярна ладзяць у ёй свае імпрэзы. Да нядаўняга часу кавярня выступала арганізатарам вулічных канцэртаў ды выставаў.

Насупраць кавярні адзін з карпусоў унівэрсытэту імя Куляшова. У ім вучыўся на юрыста заснавальнік кавярні — Максім Кандраценка.

Максім Кандраценка

 

Ліст з выканкаму і праверкі

Максім Кандраценка кажа: праблемы ў кавярні зьявіліся неўзабаве пасьля таго, як 26 кастрычніка яна з тэхнічных прычын не працавала. У той дзень на пешаходнай вуліцы былі заўважаныя людзі, якія фатаграфавалі зачыненыя ўстановы. Афіцыйна ад імя кавярні не было заяваў, што яна далучаецца да агульнанацыянальнага страйку.

Калектыў «Рэспублікі»

Па словах Максіма Кандраценкі, 28 кастрычніка з гарвыканкаму прыйшоў ліст з патрабаваньнем назваць прычыну, чаму дзьверы былі зачыненыя. А на наступны дзень наведаліся з праверкай супрацоўнікі санэпідэмстанцыі і МНС. За выяўленыя тады парушэньні санэпідэмстанцыя аштрафавала кавярню на 5373 рублі. Хібы хутка выправілі і адчыніліся, але зноў прыйшла праверка.

У «Рэспубліцы»

Суразмоўца кажа, што цяпер кавярня зачыненая для выпраўленьня выяўленых парушэньняў. Цягам 30 дзён ён мае запрасіць супрацоўнікаў санэпідэмстанцыі і паказаць ім, што ўстанова бясьпечная для наведнікаў.

 

Што зафіксавалі кантралёры

  • На месцы не было сэртыфікатаў на некаторую прадукцыю;
  • У вітрыне кандытарскай выпечкі ў працоўны дзень былі крошкі;
  • Работнікі працавалі бяз масак (на той момант кавярня не атрымлівала ад гарадзкіх уладаў распараджэньняў наконт масачнага рэжыму);
  • На складзе наткнуліся на пыл;
  • Тэмпэратурны рэжым не адпавядаў санітарным нормам;
  • Сьцены былі абклееныя газэтамі, што перашкаджае рабіць вільготную прыборку.

Максім кажа: рашэньне закрыць кавярню для яго і калектыву балючае. Каб аднавіць працу, ён ужо падаў заявы і сплаціў пошліны.

Фота: Радыё Свабода