Яндекс.Метрика Новости по тегу "Віталь Макаранка" - Магілёўскі Рэгіён

Дзявяты “змоўшчык”: Я быў у Беларусі, але мяне нават на допыт не выклікалі!

30 красавіка стала вядома пра дзявятага абвінавачанага по справе аб “замаху на Лукашэнку”. Гэта сябра Сойма Партыі БНФ Віталь Макаранка, які цяпер спрабуе атрымаць палітычны прытулак ва Украіне. КДБ Беларусі заявіў, што наша краіна складзе запыт на экстрадыцыю “змоўшчыка”.

чытаць далей

«Да 17 красавіка быў у Магілёве і нікога не цікавіў…», – фігурант «справы аб замаху на Лукашэнку»

КДБ назваў імёны дзевяці абвінавачаных у справе пра замах на Лукашэнку. Сярод іх кіраўнік Магілёўскай абласной арганізацыі партыі БНФ Віталь Макаранка, паведамляе Радыё Свабода.

чытаць далей

«Дзяды супраць тэрору» ў Магілёве. Бяз масавых пратэстаў і зь нешматлюднай памінальнай імпрэзай

У нядзелю, 1 лістапада, дзясятак чалавек традыцыйна сабраліся на Дзяды ля Крыжа памяці на праспэкце Дзьмітрава. Як патлумачылі арганізатары, памінальная імпрэза шырока не анансавалася, «каб на месцы жалобы па ахвярах бальшавіцкага і сталінскага тэрору не хапалі людзей невядомыя асобы ў чорным», паведамляе Радыё Свабода.

«Людзі з псыхалёгіяй катаў паўтараюць цяпер тое, што тут адбывалася ў 1920–1930 гады», — кажа ля Крыжа кіраўнік абласной арганізацыі БНФ Віталь Макаранка.

Невялікая грамада ля Крыжа памяці

«Непакаранае вяртаецца ў яшчэ больш пачварнай форме, — упэўнены ён. — Мы спадзяваліся, што ХХІ стагодзьдзе стане часам, у якім пераможа цывілізацыя, культура, будуць узятыя новыя духоўныя вышыні, але бачым, што 1930-я і цяперашні час зьнітаваліся крывавай повязьзю».

Памінальная імпрэза доўжылася блізу гадзіны. Міліцыі на месцы яе правядзеньня не было. Пазьней стала вядома, што сілавікі былі ля крыжа за дзьве гадзіны да пачатку. Паводле відавочцаў, адзін зь міліцыянтаў зрэзаў з памятнага знака бел-чырвона-белую стужку.

На вуліцы Першамайскай супрацоўнікі ДАІ «зарэзэрвавалі» месца для аўтазакаў

Звыкла цэнтар гораду блякавалі сілавікі. Імі кантраляваліся патэнцыйныя пляцоўкі гуртаваньня пратэстоўцаў, якія згадваліся ў тэлеграм-каналах. Прыпынак грамадзкага транспарту насупраць гарвыканкаму, як афіцыйна паведамлялася, зь меркаваньняў бясьпекі закрылі, бо на прылеглай плошчы маглі сабрацца на «несанкцыянаваную акцыю» грамадзяне.

Пад асаблівай увагай міліцыі знаходзілася пешаходная вуліца Ленінская. На ёй было ажыўлена. Жанчыны шпацыравалі з букетамі кветак і лісьця. Зьбірацца ў групы мінакам не давалі. Вуліцу патрулявалі міліцыянты і сілавікі ў чорнай вопратцы. Паводле відавочцаў, усіх, хто гуляў тут, здымалі на відэа. Сядзець на лаўках і надоўга затрымлівацца ля вулічных музыкаў не дазвалялася.

Патрулююць міліцыянты і плошчу Леніна. За будынкам напагатове сілавікі ў аўтобусах

«Апошні месяц на гэтай вуліцы па нядзелях увялі камэнданцкі час, — абураецца пажылы мужчына. — Я тут з маленства жыву, і такога не было. Ідзеш і азіраесься, каб цябе не забралі. Ужо і ня ведаеш, што тут можна рабіць, а што не».

Праваабаронцы з пазбаўленага рэгістрацыі цэнтру «Вясна» кажуць пра аднаго затрыманага. Мужчыну забралі зь бел-чырвона-белым сьцягам. Ён у Кастрычніцкім аддзеле міліцыі.

Aрхіўнае фота. Апошняя акцыя пратэсту на пешаходнай вуліцы Ленінскай

Апошнюю масавую акцыю пратэсту «Народную інагурацыю» Ціханоўскай у Магілёве прыхільнікі пераменаў зладзілі 27 верасьня. Некалькі дзясяткаў удзельнікаў разагнала міліцыя з ужываньнем сілы і спэцсродкаў.

Цяпер пратэстоўцы зьбіраюцца невялікімі групамі на пешаходнай вуліцы Ленінскай, праводзяць удалечыні ад гарадзкога цэнтру адзіночныя пікеты зь бел-чырвона-белымі сьцягамі ды ладзяць «партызанскія вылазкі» ў спальных раёнах, вывешваючы нацыянальную сымболіку, якую ліквідуюць сілавікі і камунальнікі.

Напярэдадні ў тэлеграм-каналах паведамлялася пра дзясятак лякальных акцыяў па горадзе. У розных яго частках вывешваліся бел-чырвона-белыя сьцягі, ладзіліся пэрформансы да Хэлоўіна, з атрыбутыкай, дапасаванай да цяперашняй палітычнай сытуацыі ў Беларусі.

Фота: Радыё Свабода

Каток палітычных рэпрэсій пракаціўся па Магілёве …

Апошні тыдзень адзначылася даўно не бачаным узроўнем рэпрэсій супраць грамадзян, якія прымалі ўдзел у масавых акцыях.

Апошнія буйныя выступленні магілёўцаў прайшлі тры гады таму – вясной 2017 году адбыліся пратэсты супраць дэкрэта “аб дармаедах”.

Тады з дзясятак актывістаў атрымалі адміністратыўныя арышты і штрафы. І вось, пасля трох гадоў адноснага зацішша, махавік рэпрэсій ізноў раскруціўся на поўніцу.

Пачалося з таго, што група гараджан вырашыла па прыкладзе берасцейцаў «пакарміць галубоў». 2 мая яны выйшлі на плошчу Славы. Канкрэтных патрабаванняў удзельнікі не вылучалі, сабраліся проста пагаварыць пра набалелых праблемах. Але гэта не перашкодзіла міліцыі трактаваць гэтую сустрэчу як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства і пачаць пераслед яго ўдзельнікаў.

5 мая ў Магілёў павінен быў прыехаць вядомы відэа-блогер Сяргей Ціханоўскі. Маючы на ​​сваім канале«Краіна для жыцця»,  каля 140000 падпісчыкаў, у апошнія некалькі месяцаў ён выказваецца пра дзеянні беларускіх уладаў досыць жорстка, у выніку чаго для іх ён стаў адным з галоўных баламутаў. Сустракалі Ціханоўскі «як належыць» у такіх выпадках. Каля 17:30 два аўто, на якіх перасоўвалася каманда «Краіны для жыцця», былі спыненыя супрацоўнікамі ДАІ на Віцебскім праспекце. Намеснік камандзіра ўзвода батальёна ДПС ДАІ, маёр Генадзь Баброў абвясціў блогеру Уладзіміру Няронскаму, які быў за рулём, што хоча «праверыць фізічны стан аўтамабіля». Няронскі практычна адразу ўключыў стрым на сваім канале Youtube «Слуцк для жыцця» і далейшая гутарка ішла на камеру. Тады на яго завялі адміністрацыйную справу за адсутнасць налепкі на лабавым шкле аб праходжанні тэхагляду аўто. У гэты момант Няронскі  заклікаў магілёўцаў прыехаць на праспект і падтрымаць блогераў.

Таксама супрацоўнікі ДАІ вырашылі надгледзець другое аўто «Краіны для жыцця», у якім, на іх думку, хаваўся Сяргей Ціханоўскі. Пасля таго, як ім не адчынілі дзверы, невядомы чалавек пырснуў з пярцовага балончыка ў салон аўто.

У гэты момант у навакольных дварах сталі канцэнтравацца ЎАЗы і «Газэлі» з супрацоўнікамі АМАП. На затрыманне прыбылі супрацоўнікі УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Як аказалася, Сяргей Ціханоўскі ў Магілёў гэтым разам не прыехаў. Пазней калега з яго каманды растлумачыў, што гэта была адмысловы план, каб не дапусціць затрымання папулярнага блогера. Да месца інцыдэнту сталі падцягвацца магілёўцы. За паўтары гадзіны на Віцебскі праспект з усіх канцоў горада з’ехалася пад сотню чалавек. «Звычайная» праверка дакументаў ад ДАІ раптам ператварылася ў самую масавую з 2017 года акцыю пратэсту. Людзі патрабавалі ад міліцыі адпусціць блогераў. Натоўп некалькі разоў скандаваў  «Ганьба». А міліцыянты разгубіліся, бо відавочна не чакалі такога рашучага адпору.

У нейкі момант яны вырашылі скласці адміністрацыйны пратакол на аднаго з удзельнікаў каманды «Краіна для жыцця». У гэты момант людзі згрупаваліся вакол блогера так, што работнікі МУС нават не змаглі да яго наблізіцца. Тады паспрабавалі уручыць маладому чалавеку позву, але і гэта натоўп не даў зрабіць. Гісторыя вырашылася нечакана: міліцыянты пасля каманды кіраўніцтва здаліся і пакінулі месца канфлікту. Мабыць, упершыню за доўгі час грамадзянская супольнасць Магілёва такім чынам паказала зубы.

З Віцебскага праспекта блогеры ўсё ж такі змаглі трапіць на стаянку каля ГЦ «Гіпа», дзе правялі яшчэ адну сустрэчу. Там за імі назіралі супрацоўнікі дэпартамента аховы МУС і ахоўнікі гандлёвага цэнтра…

Такога непаслушэнства ўлады і міліцыя проста так пакінуць не маглі. І з 7 траўня каток рэпрэсій пакаціўся па ўдзельніках пратэстаў. Былі затрыманыя Сцяпан Лазаронак, Вячаслаў Зайцаў, Уладзімір Сакаў і вядучы стрымаўУладзімір Няронскі, які замяніў Сяргея Ціханоўскага на сустрэчы з магілёўцамі.

А далей пайшло па нарастаючай – затрымлівалі ўсіх, каго апазнавалі на відэа-запісах пратэстных сходаў. Акрамя членаў каманды «Краіна для жыцця» рэпрэсіі закранулі і вядомых у горадзе грамадскіх актывістаў і журналістаў. Так, прама са святкавання ўласнага дня нараджэння была забраная сябра АГП, нядаўні кандыдат на выбарах у Палату прадстаўнікоў Таццяна Сіваченка.

Затрымалі актывістаў Андрэя Бодзілева і Станіслава Паўлінковіча. Журналіста Алеся Асіпцова затрымалі ў Бабруйску, куды ён паехаў, каб асвятляць акцыю «Антыпарад». Пры гэтым ні ягоная сям’я, ні калегі не маглі дамагчыся інфармацыі пра яго месцазнаходжанне, хоць з дапамогай адмысловай праграмы было ўстаноўлена, што яго тэлефон знаходзіцца ў гарадскім аддзяленні міліцыі. Таксама ў засценках апынуліся калегі Асіпцова – відэааператар Міхась Аршынскі і журналіст 6tv.by Алесь Буракоў.

З 8-га мая запрацаваў судовы канвеер. Тады асудзілі 5чалавек, на тэрміны ад 2-х да 10-і сутак (Уладзімір Няронскі).

11 мая суды працягнулі штампаваць прысуды. І яшчэ 8 чалавек атрымалі пакаранні – ад штрафу ў 25 базавых велічынь (Таццяна Сівачэнка) да 15 сутак арышту (Станіслаў Паўлінковіч). А былы лідар АГП Анатоль Лябедзька, які прыехаў падтрымаць сваю паплечніцу Сівачэнку стаўся ахвярай нападу з боку старшыні Кастрычніцкага раённага суду Валерыя Мазурава

12 мая асудзілі журналістаў і Андрэя Бодзілева (7 сутак), які адзін даглядае маці-інваліда. Міхаілу Аршынскаму да дзесяці сутак арышту, атрыманых 11 траўня, дадалі яшчэ адзінаццаць.

Разам, на момант апісання матэрыялу, у Магілёве 15 чалавек  былі пакараныя за праяўленне грамадскай актыўнасці і журналісцкую дзейнасць.

Відавочна, што не толькі помста за атрыманы адпор на акцыі 5 мая стала прычынай такіх маштабных рэпрэсій. Беларусь ўступіла ў фазу прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. І тэхналогія уладаў у дадзеных абставінах даўно адпрацавана – перакрыцце каналаў незалежнай інфармацыі, блакіроўка суб’ектаў, здольных вырабляць медыя-кантэнт, рэпрэсіі супраць актыву апазіцыйных арганізацый і звычайных грамадзян. І бліжэйшыя 3 месяцы пакажуць – ці будзе і цяпер дадзеная тэхналогія эфектыўнай або грамадства ў адказ на рэпрэсіі адкажа новай хваляй пратэсту.

(P.S. Асабліва заўзятым супрацоўнікам «органаў» і судоў раю ўважліва і да канца пачытаць артыкул пра пратэсты ва ўкраінскай Врадзіеўцы https://bit.ly/3bumYIe Бязмежжа не можа быць бясконцым).

Фота: mspring.online і “Магілёўскі рэгіён”

Віталь Макаранка