Яндекс.Метрика
Культура Навіны Магілёва

Тэатральная грамадскасць Магілёва заклікала ўлады ўвесці каранцін

Прадстаўнікі тэатральнай грамадскасці з Магілёва ініцыявалі петыцыю ў Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства культуры з патрабаваннем тэрмінова ўвесці каранцін у беларускіх тэатрах. На момант напісання артыкулу петыцыю ўжо падпісалі больш за 470 чалавек.

Прадстаўнікі тэатральнай грамадскасці Магілёва канстатуюць, што ў Беларусі дагэтуль не ўведзены каранцін і цяперашнія абмежавальныя захады нельга лічыць дастатковымі.

«Працягваючы працу ў штатным рэжыме, нават з улікам прынятых мераў прафілактыкі, мы ставім пад пагрозу здароўе і жыццё гледачоў, працаўнікоў тэатру, іх родных і блізкіх. Мы лічым гэта недапушчальным!» – гаворыцца ў звароце.

У петыцыі згадваецца смерць ад каронавірусу актора Віктара Дашкевіча. «Мы асцерагаемся, што гэты выпадак можа апынуцца не адзінкавым», – падкрэсліваюць аўтары.

На думку аўтараў петыцыі, ва ўсіх тэатрах Беларусі трэба ўвесці рэжым каранціну (то бок скасаваныя паказы спектакляў бягучага рэпертуару, гастролі, рэпетыцыі і іншыя мерапрыемствы) мінімум на два тыдні. Яны таксама просяць захаваць заробкі для працаўнікоў тэатру, знізіць планы па даходах і наведвальнасці, і ўжыць падатковыя льготы.

«Таксама просім па магчымасці арганізаваць для дадзеных установаў фінансавую падтрымку з боку дзяржавы, калі сітуацыя стане крытычнай. Аднак пры гэтым мы просім, каб усе магчымыя фінансавыя сродкі былі ў першую чаргу накіраваны на барацьбу з распаўсюджваннем каронавірусу», – адзначаецца ў дакуменце.

Belsat.eu раней распавядаў, што ва ўмовах распаўсюду каронавірусу наведвальнасць беларускіх тэатраў і музеяў рэзка знізілася. Некаторыя спектаклі і выставы адмяняюцца, тэатры і музеі пачынаюць засвойваць онлайн-фарматы. Аднак пра поўнае закрыццё ўстановаў пакуль гаворкі не ідзе.

Крыніца: belsat.eu

апошія запісы

В Могилеве отметили День пограничника

Дзяжурны адміністратар

Ціханоўскі з камандай у Магілёве – як усё было (Фотарэпартаж)

В Могилеве на газеты заставляют подписываться даже школьников (ФОТО)

Дзяжурны адміністратар