У Магілёве пачалі выпускаць затрыманых з ІЧУ

У Магілёве 14 жніўня пачалі выпускаць затрыманых з мясцовага ІЧУ. Праваабаронца Барыс Бухель паведаміў “Магілёўскаму рэгіёну”, што пакуль выйшлі на волю толькі двое асуджаных.

Нам удалося паразмаўляць па тэлефоне з адным з адпушчаных арыштантаў. Ён быў асуджаны на 15 сутак арышту, адседзеў чатыры. Паводле слоў былога арыштанта, яго выпусцілі на волю толькі пасля таго, як ён падпісаў паперу аб тым, што больш не будзе ўдзельнічаць ні ў якіх супрацьпраўных дзеяннях. У выпадку парэшэння гэтай умовы яму давядзецца “адседжваць” неадбытыя суткі арышту.

Паводле Радыё Свабода, пасля 10-й раніцы да магілеўскага ізалятара прыехаў намеснік начальніка абласнога ўпраўлення міліцыі Ўладзімір Рыжанкоў. Вось што ён паведаміў сваякам затрыманых:

неўзабаве вывесяць спісы ўсіх, каго ўтрымліваюць у ізалятары;

неўзабаве пачнуць выпускаць зняволеных, але калі канкрэтна — не сказаў;

Магілёў — адзіны горад,  дзе не стралялі гумовымі кулямі;

у Магілёве ніхто не загінуў;

так, у няволю маглі трапіць выпадковыя людзі;

так, затрыманых развозілі і па ізалятарах іншых гарадоў Магілёўскай вобласьці.

Прасіў людзей адысці ад ізалятара, але людзі сказалі, што сыдуць, калі выйдуць іхнія блізкія.

Да ізалятара зараз накіроўваецца карэспандэнт “МР”. Мы будзем распавядаць у рэжыме онлайн, што будзе адбывацца каля ІЧУ ў Магілёве.

Сяргей Семяновіч

Яндекс.Метрика