У Магілёве затрымалі галоўнага рэдактара інтэрнэт-партала «Магілёўскі рэгіён” (абноўлена)

У Магілёве супрацоўнікі ДАІ спынілі аўтамабіль галоўнага рэдактара “Магілёўскага рэгіёну” Зміцера Салаўёва. Зміцер на аўтамабілі накіроўваўся з офіса “МР” да дому, і быў спынены супрацоўнікамі ДАІ. Знянацку ў супрацоўнікаў міліцыі ўзнікла падазрэнне на тое, што машына Зміцера, нібыта, знаходзіцца ў угоне, таму яго даставілі ў Ленінскі РАУС Магілёва.

Зараз Салаўёў знаходзіцца ў Ленінскім РАУС і чакае далейшага развіцця сітуацыі.

Нагадаем, што раней пры дапамозе супрацоўнікаў ДАІ ў Магілёве затрымалі журналіста Аляксандра Буракова і актывіста Аляксандра Хамратава. Пазней яны былі асуджаны судом Ленінскага раёна Магілёва на 10 сутак арышту.

“Магілёўскі рэгіён” будзе інфармаваць аб далейшым развіцці падзей.

Зміцер Салаўёў у 20:50 паспеў паведаміць, што яго прымусілі выключыць тэлефон. Яму інкрымінуюць непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.

Гэта значыць, што, хутчэй за ўсё, Салаўёў будзе затрыманы, і правядзе ў Магілёўскім ІЧУ ўсе выхадныя. У панядзелак журналіста  даставяць у суд для разгляду яго адміністрацыйнай справы.

 

Жонка Зміцера, Надзея Салаўёва, паведаміла журналістам “МР”, што ён заявіў аб тым, што будзе трымаць галадоўку ў Магілёўскім ІЧУ. Такім чынам Салаўёў выказвае свой пратэст супраць абсалютна незаконнага затрымання.

Па стане на 22:20 журналіст па-ранейшаму знаходзіцца ў Ленінскім РАУС, у ізалятар яго пакуль не адправілі.

 

У ноч на 9 жніўня Салаўёва даставілі ў Магілёўскі ІЧУ. Ён трымае галадоўку. Чакаецца, што разгляд адміністрацыйнай справы журналіста адбудзецца ў судзе Ленінскага раёна Магілёва ў панядзелак, 10 жніўня. Салаўёва абвінавачваюць у непадпарадкаванні патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі (арт. 23.4 КаАП Рэспублікі Беларусь).

Фота: БАЖ

Іван Барысаў

Яндекс.Метрика