Яндекс.Метрика У Магілёве можа з’явіцца шыльда ў памяць антымаскоўскага паўстання - Магілёўскі Рэгіён

У Магілёве можа з’явіцца шыльда ў памяць антымаскоўскага паўстання

Ушанаваць памяць магілёўскіх паўстанцаў супраць маскоўскіх стралкоў у 1661 годзе. З гэткаю прапановай да ўладаў выступілі жыхары Магілёва. Адпаведную электронную петыцыю стварыў студэнт Антон Касцоў, а 104 чалавекі паставілі пад ёю свае подпісы.

«Я быў абураны як магілёвец, што нашыя чыноўнікі ўшаноўваюць памяць расейскага імператара Мікалая ІІ, які нічога добрага не даў Магілёву, але забываюцца пра сваіх герояў. Так не павінна быць», – кажа аўтар петыцыі Антон Касцоў.

А што ведаюць пра паўстанне жыхары Магілёва?

«Не, я ніколі не чула, шчыра кажучы, пра такое паўстанне, таму для мяне гэта нават новае штосьці».

«Мы вывучалі зусім іншую гісторыю, таму далёкія ад гэтага».

«Магілёўцы ціхенька ўначы ўсіх перарэзалі і назад ваеннага кіраўніка адправілі, здаецца, задам наперад на казле».

«Я якраз хадзіла на Ноч музеяў у нашую ратушу, і там была цэлая экспазіцыя на гэтую тэму, я глядзела, як што было».

У хадзе вайны Маскоўскага княства супраць Вялікага Княства Літоўскага ў 17 стагоддзі ў Магілёве шэсць гадоў кватаравалі маскоўскія стралкі. Поспех паўстання супраць прыгнятальнікаў быў абумоўлены тым, што жыхары гораду здолелі аб’яднацца, адзначае супрацоўніца Музею гісторыі Магілёва.

«За нейкі момант былі вырубленыя, знішчаныя ўсе стральцы, і гэта вярнула магілёўцам славу ваяроў ды з гэтага пачалося наагул вызваленне ўсходніх зямель ад расейскай навалы, ад маскоўскай навалы, дакладнейшаю каб быць», – гаворыць супрацоўніца Музею гісторыі Магілёва Алена Барысава.

На думку стваральніка петыцыі Антона Касцова, барацьба за незалежнасць і самакіраванне ўсцяж актуальная.

«Бо мы бачым, як розныя палітыкі з Усходу намагаюцца прыбраць нашую незалежнасць праз розныя паглыбленні, інтэграцыі», – кажа аўтар петыцыі Антон Касцоў.

Пакуль адзіны ўспамін пра паўстанне – сённяшні магілёўскі герб, які горад атрымаў менавіта пасля вызвалення.

«Па-першае, там пагоня, гэта дзяржаўнае прызнанне таго, што магілёўцы малайцы былі на той момант. І па-другое, там стаіць рыцар у адчыненай браме, які кажа: «Прыходзьце, але з добрымі намерамі!» – распавядае супрацоўніца Музею гісторыі Магілёва Алена Барысава.

Адказаў на электронную петыцыю намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Андрэй Кунцэвіч: маўляў, пытанне пра памятную шыльду разгледзяць на чарговым паседжанні тапанімічнай камісіі ў Магілёве.

Вольга Васільева, belsat.eu