Яндекс.Метрика
Навіны Магілёва Палітыка і грамадства

У Магілёве правядуць круглы стол па беларускіх класах

Круглы стол па пытаннях папулярызацыі беларускай мовы ў сферы адукацыі і праблеме напаўняльнасці класаў з беларускамоўным навучаннем запланавана правесці ў Магілёве. 

Пад час сустрэчы мяркуецца прааналізаваць сённяшні стан і тэндэнцыі беларускамоўнай адукацыі  ў нашым горадзе (у тым ліку і ў дашкольных установах). Настаўнікі беларускіх класаў і бацькі, чые дзеткі навучаюцца па-беларуску, распавядуць пра свой досвед – пра перавагі такой адукацыі і, у той жа час, пра існуючыя праблемы і іх вырашэнне.

Трэба адзначыць, што ў мінулым годзе падобны круглы стол быў арганізаваны гарадскімі ўладамі па запыту магілёўскай грамадскай арганізацыі “Таварыства беларускай мовы” імя Скарыны. Старшыня гарадской суполкі ТБМ Алег Дзьячкоў накіраваў да ўладаў прапанову, каб і ў гэтым годзе правесці ў Магілёве круглы стол па праблемах беларускамоўнага навучання. На яго запыт з гарвыканкаму прагучаў адказ зладзіць падобную сустрэчу самастойна, намаганнямі самой грамадскай арганізацыі, але было паабяцана асобна разгледзіць прапановы па ўдзелу ў гэтым мерапрыемстве спецыялістаў органаў кіравання.

Адказ з гарвыканкаму на прапанову ТБМ правесці круглы стол

Да ўдзелу ў сустрэчы, акрамя настаўнікаў і бацькоў, запрошаныя дырэктары і загадчыкі ўстаноў адукацыі, дзе ўжо арганізаваны ці плануецца стварыць беларускамоўныя класы або групы (для садкоў). Запрашэнні накіраваныя ў адпаведныя аддзелы адукацыі, адказным за гэтую сферу чыноўнікам з гарвыканкаму, прадстаўнікам творчых саюзаў беларускіх пісьменнікаў і, нават, у моладзевую грамадскую арганізацыю БРСМ. Запрошаны на круглы стол і прадстаўнікі СМІ.

На адной з мінулых сустрэч па праблемах беларускамоўнай адукацыі (фота MyCity.by)

Нягледзячы на ўсе цяжкасці, у Магілёве расце колькасць дзетак, якія атрымліваюць адукацыю на роднай мове. Зараз у горадзе сфармаваныя тры класы ў розных школах, у якіх навучаюцца сямёра вучняў, а яшчэ 2-3 гады таму на ўвесь Магілёў быў толькі адзін клас з адной дзяўчынкай. Некалькі бацькоў сёлета занеслі заявы ў гарвыканкам, каб у дзіцячым садку №102 у Магілёве адкрылі беларускамоўную групу. На адной з мінулых дыскусіяў пра стан беларускамоўнага навучання чыноўнікі абяцалі, што ў 2018 годзе на базе 45-й школы будзе арганізаваны паўнавартасны клас з беларускай мовай навучання.

1 верасня 2016 у СШ №34 з’явіўся яшчэ адзін беларускамоўны клас з двума вучаніцамі, да гэтага такі клас быў толькі ў школе №1, і ў ім навучалася толькі адна дзяўчынка

 

Настаўніца беларускага класа СШ №34 Лідзія Ціханоўская, яе вучаніцы Таня і Эвеліна, і старшыня магілёўскага ТБМ Алег Дзьячкоў

ТБМ імя Скарыны запрашае да ўдзелу ў сустрэчы ўсе зацікаўленыя бакі: бацькоў, грамадскія арганізацыі, дзяржаўныя ўстановы і ўсіх, хто зацікаўлены ў пашырэнні беларускамоўнай адукацыі ў Магілёве.

Круглы стол пройдзе 13 красавіка 2018 г. (пятніца) у чытальнай зале Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя К.Маркса, пачатак а 18-й гадзіне. Кантактны тэлефон +375-29-388-35-61 (Алег Дзьячкоў)

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара

апошія запісы

Могилевская областная избирательная комиссия рассказала о достоверных подписях за претендентов в кандидаты

Дзяжурны адміністратар

Владимир Шанцев: Кто будет считать наши голоса на выборах 9 августа?

Дзяжурны адміністратар

В Кричеве кандидатов в президенты отправили агитировать на стадион «Сож»