Яндекс.Метрика «Ўсё пра ЗША» цяпер могуць даведацца магілёўцы (фота) - Магілёўскі Рэгіён

«Ўсё пра ЗША» цяпер могуць даведацца магілёўцы (фота)

4 мая ў Магілёўскай абласной навукова-тэхнічнай бібліятэцы ўрачыста адкрылі Партнёрскі цэнтр «Ўсё пра ЗША». Імпрэзу наведалі Павераны ў справах ЗША ў Беларусі Робэрт Райлі і аташэ ў пытаннях інфармацыі, адукацыі і культуры Элізабэт Льюіс.

У рамках праграмы бібліятэчнага партнёрства амерыканская амбасада перадала нашай абласной навукова-тэхнічнай бібліятэцы абсталяванне для Партнёрскага цэнтру і інавацыйнай лабараторыі MakerSpace, кнігі, розныя адукацыйныя і іншыя матэрыялы, прысвечаныя культурнай разнастайнасці Амерыкі.

​Сімвалічную стужку перад адкрыццём цэнтру пераразаюць Роберт Райлі і Сухарукава Раіса Нікандраўна – дырэктар рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі
Невялікае памяшканне новага Партнёрскага цэнтру ледзь умясціла ўсіх запрошаных на адкрыццё прадстаўнікоў уладаў і бізнесу, грамадскіх арганізацый і навучальных устаноў, ну і канешне шматлікіх рэпарцёраў.
Павераны ў справах ЗША ў Беларусі Робэрт Райлі і аташэ ў пытаннях інфармацыі, адукацыі і культуры Элізабэт Льюіс (на здымку злева).
Загадчыца Магілёўскай абласной навукова-тэхнічнай бібліятэкі ​Ганна Мядзвецкая.
Шчарбакоў Сяргей Сяргеявіч – намеснік старшыні дзяржкамітэту па навуцы і тэхналогіям.
У памяць аб падзее Павераны ў справах ЗША ў Беларусі Робэрт Райлі атрымаў малюнак навучэнца магілёўскай дзіцячай школы мастацтваў.
У культурным цэнтры можна знайсці шмат цікавых выданняў самай рознай тэматыцы – культурніцкіх, мастацкіх, навукова-папулярных, літаратуры для дзетак і адукацыйнай. У асноўным прадстаўлены кнігі, альбомы і часопісы на англійскай мове, але ёсць руска- і беларускамоўныя выданні.
Ну і як жа ў наш час без сэлфі, ды яшчэ з гэткімі арыгінальнымі памятнымі сувенірамі)

 

Па словах Роберта Райлі, падобныя цэнтры ствараюцца для пашырэння інфармацыі пра Злучаныя Штаты Амерыкі, каб разбураліся стэрэатыпы, што існуюць у некаторых краінах у дачыненні да ЗША.

Акрамя адкрыцця цэнтру «Ўсё пра ЗША», невялічкая дэлегацыя амбасады Злучаных Штатаў на чале з Робэртам Райлі наведала мемарыял «Буйніцкае поле». Дыпламат усклаў кветкі да капліцы і паразмаўляў з рэпарцёрамі.

Невялічкая дэлегацыя амбасады Злучаных Штатаў на чале з Робэртам Райлі.
​Кветкі абаронцам Магілёва ад амбасады ЗША.
​Хвіліна маўчання ў памяць пра тых, хто загінуў пад час вайны.
Імправізаваная прэс-канферэнцыя для мясцовых рэпарцёраў
Наведванне мемарыялу было першай запланаванай справай у гэты дзень. Далей, акрамя адкрыцця Прэзентацыйнага цэнтру ў АНТБ, амерыканскі дыпламат сустрэўся з кіраўніком магілёўскага абласнога выканаўчага камітэту Уладзімірам Даманеўскім, пад час сустрэчы былі абмеркаваныя бягучыя і перспектыўныя праекты ў вобласці.

Партнёрскі цэнтр «Ўсё пра ЗША» можа наведаць любы ахвочы. Магілёўская абласная навукова-тэхнічная бібліятэка, дзе ён пачаў працаваць, месціцца па адрасе – Магілёў, вул. Касманаўтаў, дом 19 (шосты паверх). Бібліятэка працуе з 8-30 да 19-00 у працоўныя дні, з 10-00 да 18-00 у суботу, нядзеля – выходны.

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара