Яндекс.Метрика Валадара Цурпанава зьмясьцілі ў карцар турмы №4 у Магілёве - Магілёўскі Рэгіён

Валадара Цурпанава зьмясьцілі ў карцар турмы №4 у Магілёве

Праваабаронцу і аднаго зь лідэраў леташніх пратэстаў у Магілёве Валадара Цурпанава зьмясьцілі ў карцэр турмы №4, паведамляе Радыё Свабода.

Пра гэта стала вядома жонцы актывіста Ірыне ад супрацоўнікаў вязьніцы, якія прымалі ў яе перадачу. Паводле іх, Цурпанава маюць вызваліць з ШЫЗА 11 чэрвеня. За што і калі ён трапіў туды, жанчыне не паведамілі.

Палітвязьню Валадару Цурпанаву 4 чэрвеня суд Круглянскага раёну пастанавіў зьмяніць меру пакараньня з трох гадоў «хіміі» на два гады калёніі агульнага рэжыму за парушэньне правілаў унутранага распарадку ў папраўчай установе адкрытага тыпу. На «хімію» актывіста адправіў суд Магілёўскага раёну за зьнявагу двух мясцовых судзьдзяў.

8 чэрвеня ў Ірыны Цурпанавай было спатканьне са зьняволеным мужам. Пра пагрозу пакараньня карцарам ён жонцы не казаў. Сказаў, што пасьля суду ў Круглым стаўленьне да яго ахоўнікаў зьмянілася на больш прыязнае. Некаторыя зь іх спрабуюць зь ім гаварыць па-беларуску. Паведаміў таксама, што ў турме №4 яго зьбіраюцца трымаць 3-4 месяцы.

Паводле Ірыны, Валадар ня згадваў, ці прапаноўвалі яму напісаць зварот на памілаваньне. Цурпанаў ужо быў у карцары за непадпарадкаваньне. Сукамэрнік расказаў, што прычынаю былі настойлівыя просьбы зьняволенага, каб ахоўнікі зьвярталіся да яго на беларускай мове. У судовым працэсе ён пацьвердзіў гэта, заявіўшы, што адмову гаварыць зь ім па-беларуску лічыць дыскрымінацыяй і парушэньнем канстытуцыйных правоў.