Галоўная » Занядбаныя, але непаўторныя: жыццё старых архітэктурных помнікаў Крычава

Занядбаныя, але непаўторныя: жыццё старых архітэктурных помнікаў Крычава

Нягледзячы на сваё 885-годдзе ў Крычаве да сённяшняга часу разбураюцца помнікі, а багатая гістарычная спадчына мясцовых чыноўнікаў не цікавіць. Раней пісалі пра тое, што знішчана была былая вінакурня і частка вала гарадзішча Замкавая гара, – https://6tv.by/fenomen-ljubovi-da-maloj-radzimy-krychave/. Аднак ёсць яшчэ некаторыя “жывыя” помнікі, якія патрабуюць дагляду і кансервацыі, праўда належнай увагі не прыцягваюць.

Даволі ўнікальным помнікам на прасторах Магілёўшчыны з’яўляюцца цагляныя абарончыя збудаванні на Замкавай гары. На гарадзішчы Замкавая гара захаваліся рэшткі абарончага вала і невялікія фрагменты ўмацаванняў, зробленых з цэглы-пальчаткі. Аб’ект з’яўляецца помнікам абарончай архітэктуры XVIII стагоддзя эпохі ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Пры гэтым у пазнейшыя часы цаглянае збудаванне магло выкарыстоўвацца як ляднік, дзе захоўвалі запасы харчавання. Гэты помнік ужо “пабіты” часам, хаця яшчэ дзясятак гадоў таму ўяўляў сябой суцэльную цагляную пабудову.

У розных гістарычных выданнях ХІХ стагоддзя згадваюцца цагляныя скляпенні крычаўскага гарадзішча. Напрыклад, у “Описании Могилевской губернии. Т.2”: “Остатки древняго землянаго вала, на которомъ доселѣ замѣтны слѣды старинныхъ строеній и подземныхъ ходовъ, также свидѣтельствуютъ объ историческомъ значеніи Кричева”. Тут жа ёсць удакладненне: “Изъ окраины замка въ подземельи проведенъ былъ ходъ въ рѣку со сводомъ изъ прочного кирпича. Этотъ ходъ и въ настоящее время существуетъ (окна изъ него обращены на р.Сожъ); въ немъ во время квартированіе войскъ часто помѣщался пороховой склад”. Згодна народным легендам цагляныя скляпенні маркіруюць уваход у патаемны падземны ход, што вёў ў бок ракі.

Нязграбны на першы погляд аб’ект з’яўляецца даволі значным помнікам для Крычава і ўнікальным збудаваннем па сваёй ступені захаванасці. На вялікі жаль у экскурсійныя маршруты па старому Крычаву гэты аб’ект не ўваходзіць. Калі ж брацца за захаванне помніка, то патрэбна будзе папрацаваць: зрабіць кансервацыю аб’екта, пашукаць інфармацыю пра яго ў гістарычных крыніцах, а магчыма і археалагічна даследваць.

Цікавым аб’ектам у межах гарадской прасторы з’яўляецца таксама драўляная капліца на праваслаўных могілках у гарадскім раёне пад назвай Забялышын. Капліца пабудавана на пачатку 20 ст. і ўяўляе сабой чатырохвугольную бярвенчатую канструкцыю з сасновага распілованага дрэва. У верхняй частцы чатырохскатнага даха ўмацаваны драўляны крыж. Калісь дах быў пакрыты гонтам (рэшткі яго можна пабачыць знутры), а зараз шыферам. Знаходзіцца на тэрыторыі Забялышынскіх могілах вядомых яшчэ з 17 ст. Уваход у каплічку знаходзіцца з захаду. Яшчэ некалькі гадоў таму былі дзверы простай сталярскай работы, якія на сённяшні дзень выбіты. Унутры каплічка невялікая па плошчы завалена будаўнічым смеццем, бярвеннямі, пластыкавымі і шклянымі бутэлькамі з пад алкагольных напояў. Зараз капліца занядбаная, па прызначэнні не выкарыстоўваецца. Патрабуе тэрміновай рэстаўрацыі. Пры гэтым ні мясцовая ўлада, ні праваслаўныя дзеячы Крычава не звяртаюць ўвагу на каплічку, хаця размешчана яна якраз на праваслаўных могілках.

Усе згаданыя архітэктурныя аб’екты робяць непаўторным і ўнікальным кантэкст крычаўскай гісторыі XVIII-ХX стагоддзяў. Такія помнікі натуральным чынам ствараюць турыстычную прывабнасць Крычава і непасрэдна ўплываюць на вобраз і брэнд горада.

А. Крыжэвіч