Яндекс.Метрика Затрымалі журналіста “Магілёўскага рэгіёну” Уладзіміра Лапцэвіча (Відэа) - Магілёўскі Рэгіён

Затрымалі журналіста “Магілёўскага рэгіёну” Уладзіміра Лапцэвіча (Відэа)

Сёння вечарам у Магілёве быў затрыманы журналіст інтэрнэт-партала “Магілёўскі рэгіён” Уладзімір Лапцэвіч.

Па словах жонкі Уладзіміра Лапцэвіча, “яго затрымалі каля яго пад’езда. Ён паставіў машыну і ішоў дадому, а міліцыя яго даўно чакала (сказалі суседзі).”

Жонка і сын У.Лапцэвіча добра бачылі момант яго затрымання, яны кажуць, што журналіст быў абураны дзеяннямі супрацоўнікаў міліцыі. Сын паспеў зняць відэа, як супрацоўнікі міліцыі затрымліваюць бацьку.

Пасля затрымання Лапцэвіча даставілі ў Ленінскі РАУС Магілёва. Як распавёў “Магілёўскаму рэгіёну” праваабаронца Барыс Бухель, супрацоўнікі міліцыі пацвердзілі, што журналіст знаходзіцца ў РАУС. Яго затрыманне праваахоўнікі патлумачылі тым, што ў журналіста ёсць “неадбытыя суткі адміністрацыйнага арышту”.

Па словах Б.Бухеля, Лапцэвіча павінны адправіць адбываць пакаранне ў ІЧУ УУС Магілёўскага аблвыканкама. Пакуль журналіст па ранейшаму знаходзіцца ў Ленінскім РАУС.

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, 5 жніўня, Лапцэвіч быў затрыманы нібыта за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Суд Ленінскага раёна Магілёва пакараў журналіста 12 суткамі арышту. Аднак журналіста выпусцілі датэрмінова 15 жніўня ў сувязі з пратэстамі супраць жорсткіх затрыманняў у Магілёве.

Такім чынам, у Лапцэвіча сапраўды засталіся неадбытымі двое сутак арышту. Аднак пра іх праваахоўнікі чамусьці ўзгадалі толькі зараз, хоць суд Ленінскага раёна Магілёва 30 верасня караў журналіста 13 суткамі адміністрацыйнага арышту па абвінавачанні ў парушэнні арт.23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах). Лапцэвіч адбыў пакаранне цалкам, і тады ніхто не ўзгадаў пра нібыта “недаседжаныя суткі”.

Журналісты “Магілёўскага рэгіёну “ мяркуюць, што чарговы “наезд” на журналіста нашага партала з боку праваахоўнікаў можа быць звязаны са змешчаным учора на сайце матэрыяле “В Могилеве ПДД не для милиции (Видео)”, у якім Лапцэвіч з дапамогай відэа паказаў, як самі магілёўскія міліцыянеры парушаюць правілы дарожнага руху.

Іван Барысаў