Яндекс.Метрика Затрыманыя былыя падазраваныя ў забойстве па “Машчаніцкай справе” - Магілёўскі Рэгіён

Затрыманыя былыя падазраваныя ў забойстве па “Машчаніцкай справе”

Напрыканцы мінулага тыдня супрацоўнікамі міліцыі былі затрыманыя трое з былых падазраваных у забойстве сям’і з шасці чалавек, якое адбылося ў вёсцы Вялікая Машчаніца Бялыніцкага раёна ў 2005 годзе.

Па інфармацыі з неафіцыйных крыніц, затрыманне праводзілі супрацоўнікі аднаго з спецпадраздзяленняў МУС Беларусі. Зараз затрыманыя знаходзяцца ў ІЧУ у Мінску.

Таксама ў аграгарадку Вялікая Машчаніца былі праведзены вобшукі ў некаторых з сваякоў затрыманых. Па словах мясцовых жыхароў, у прыватных гутарках супрацоўнікі міліцыі тлумачылі, што падставай для затрымання і вобшукаў сталі дадзеныя, атрыманыя з дапамогай найноўшых тэхналогій пры чарговым даследванні рэчаў з месца здарэння.

Яшчэ двое былых падазраваных у забойстве сям’і ў Вялікай Машчаніцы ў 2005 годзе зараз знаходзяцца на заробках у Расіі. Па неафіцыйнай інфармацыі, вырашаецца пытанне аб іх затрыманні і экстрадыцыі ў Беларусь.

Нагадаем, што ў ноч на 1 чэрвеня 2005 года ў вёсцы Вялікая Машчаніца Бялыніцкага раёна была забіта сям’я з шасці чалавек, у тым ліку двое маленькіх дзяцей. Праз дзень былі затрымана пяцёра маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў з гэтай жа вёскі, ім неўзабаве было прад’яўлена абвінавачванне ў забойстве. Расследванне па справе цягнулася амаль паўтары гады, пасля адзінаццаць месяцаў у Магілёўскім абласным судзе пад старшынствам суддзі Міхаіла Мельнікава ішоў судовы працэс. Па выніках судовага разгляду пракурор патрабаваў для двух падазраваных выключную меру пакарання – растрэл, для трох іншых – пажыццёвае зняволенне.

Аднак 2 лістапада 2007 года судовая калегія Магілёўскага абласнога суда ўсім пецярым хлопцам у сувязі з недаказанасцю віны вынесла апраўдальны прысуд. Адзін з падсудных – Аляксандр Клепча – быў вызвалены з пад варты ў зале суда, астатнія чацвёра былі пакараныя тэрмінамі зняволення ад 4 да 10 гадоў 2 месяцаў за іншыя злачынствы: крадзяжы, сэксуяльныя дачыненні з непаўнагадовымі, спробу згвалтавання, хуліганства.

Пазней адбылося паседжанне Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь, які пакінуў прысуд Магілёўскага абласнога суда без змен.

Сяргей Семяновіч