Навіны Крычава Навіны Магілёва Палітыка і грамадства

«Завяршыць кампанію выбарам Лукашэнкі». Як крычаўскіх чыноўнікаў рыхтуюць да выбараў. ВІДЭА

У канцы ліпеня кіраўніцтва Магілёўскага аблвыканкаму праехалася па ўсходзе Магілёўшчыны і паставіла задачу мясцовай вэртыкалі: «завяршыць кампанію выбарам Аляксандра Лукашэнкі і захаваць нашу краіну, нашу дзяржаву». Чыноўнікі, ва ўсякім разе крычаўскія, запэўнілі, што так і будзе.

У Крычаве сустрэча кіраўніцтва вобласьці са старшынямі, намесьнікамі старшыняў і сакратарамі раённай і 25 участковых камісій адбылася 20 ліпеня ў райвыканкаме. Свабодзе даслалі аўдыёзапіс гэтай сустрэчы.

«Пратэставых настрояў у раёне няма» — старшыня Крычаўскага райвыканкаму Седукоў

Старшыня Крычаўскай раённай выбарчай камісіі, ён жа начальнік аддзелу арганізацыйна-кадравай работы Крычаўскага райвыканкаму Міхаіл Мяшкура пацьвердзіў Свабодзе, што такая сустрэча сапраўды адбылася.

Доўжылася яна 15 хвілін. Вёў сустрэчу старшыня Крычаўскага райвыканкаму Андрэй Седукоў (прызначылі яго на гэтую пасаду 25 чэрвеня 2020 году).

Спачатку ён прадстаўляе гасьцей: старшыню Магілёўскага аблвыканкаму Леаніда Зайца і ягонага намесьніка Валера Малашку. І кажа, зьвяртаючыся да прысутных: «Ад вас залежыць, як правядзем выбарчую кампанію. Як выберам кіраўніка дзяржавы — так і будзем жыць далей».

Крычаўскі чыноўнік запэўнівае, што «пратэставых настрояў у раёне няма». Прыводзіць лічбы: за дзейнага кіраўніка дзяржавы ў Крычаўскім раёне здадзена 13 577 подпісаў, што складае 55% ад колькасьці выбарнікаў.

«Гэта сьведчыць пра тое, што жыхары раёну ўжо зрабілі выбар на карысьць дзейнага прэзыдэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Мы гатовыя да правядзеньня выбароў і перакананыя, што крычаўляне зробяць адзіны правільны выбар», — пераконвае кіраўніцтва вобласьці крычаўскі чыноўнік (двойчы на стужцы ён вымаўляе слова «выбары» ў родным склоне з націскам на апошні склад).

«Мы павінны гэтую кампанію завяршыць выбарам Аляксандра Лукашэнкі», — магілёўскі губэрнатар Леанід Заяц

Старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Леанід Заяц дзякуе «за дзяржаўную пазыцыю». Кажа, што ўсе павінны прыстойна, з гонарам выканаць свой грамадзянскі абавязак, што кампанія адрозьніваецца ад папярэдніх — 2010 і 2015 гадоў.

«Вельмі шмат ахвотных унесьці смуту, парушыць нашы асновы, парушыць нашу цэласнасьць, парушыць парадак, па-ўсякаму паўплываць на нашых грамадзян знутры», — пераканаўча кажа Заяц.

«Мы павінны гэтую кампанію завяршыць выбарам прэзыдэнта нашай краіны Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі і захаваць нашу краіну, захаваць нашу дзяржаву», — дае загад старшыням Крычаўскай раённай і ўчастковых камісій кіраўнік Магілёўскай вобласьці.

«Крычаў ніколі не падводзіў, у нас ніколі не было ніякіх збояў», — старшыня ўчастковай камісіі з 20-гадовым стажам

Выступілі старшыня раённай і два старшыні ўчастковых выбарчых камісій, якія таксама запэўнілі магілёўскае начальства, што «Крычаў не падвядзе». Так, старшыня ўчастковай выбарчай камісіі № 4 Сяргей Марозаў (які мае досьвед правядзеньня выбараў больш як 20 гадоў), перакананы:

«Крычаў ніколі не падводзіў, у нас ніколі не было ніякіх збояў. Мы дакладна разумеем задачы, мы ўмеем працаваць, у камісіях працуюць аднадумцы. Крычаў не падвядзе».

Свабода запыталася ў старшыні раённай выбарчай камісіі Міхаіла Мяшкуры, ці трэба наагул праводзіць выбары ў Крычаўскім раёне, калі за Аляксандра Лукашэнку падпісалася 55% выбарнікаў і ўсё кіраўніцтва перакананае ў іх выніку.

«Вы падыходзіце тэарэтычна… Хто падпісаўся за канкрэтную асобу, тэарэтычна можна меркаваць, што яны не памяняюць сваю пазыцыю. А падпісацца ж можна за аднаго, другога, трэцяга — вы ж разумееце. Таму выбары ў любым раёне будуць праводзіцца. Мы ж дарослыя людзі», — адказаў старшыня Крычаўскай раённай выбарчай камісіі, начальнік аддзелу арганізацыйна-кадравай работы райвыканкаму Міхаіл Мяшкура.

Крыніца: Радыё Свабода

Related posts

Могилевчанин прокатился на чужом «Шевроле» – владелице пришел штраф

Жительница Могилева просила подруг оформить на себя кредит, а потом исчезала

Дзяжурны адміністратар

При падении в воду в Кричеве утонула 56-летняя женщина

Дзяжурны адміністратар