Жаночая салідарнасць супраць гвалту ў Магілёве (Відэа)

Магілёўскія жанчыны 13 жніўня прайшліся па цэнтральных вуліцах горада, каб выказаць сваю жаночую салідарнасць супраць гвалту.

З белымі кветкамі ў руках яны двойчы прайшліся ўздоўж Першамайскай. На ўсім шляху ім выказвалі падтрымку аўтамабілісты гукавымі сігналамі, а шмат хто са звычайных мінакоў іх падтрымаў апладысментамі і цёплымі словамі.

За час, пакуль жанчын здымаў рэпарцёр 6tv.by, не адбылося ніякіх інцыдэнтаў, шэсце адбывалася мірна, міліцыя толькі сачыла з аўтамабіляў. На плошчы Славы дзяўчыны ўсклалі кветкі да вечнага агню, а шэсце прадоўжылася далей, у бок праспекта Пушкіна…

Акцыя з белымі кветкамі сёння працягнулася і ўвечары, у розных частках горада. Па некаторых звестках, да яе далучыліся медыкі з абласной бальніцы, якія рушылі ад сваёй установы на мікрараёне Спадарожнік у бок цэнтра горада.

Было паведамленне, што затрымалі вядомага магілёўскага фатографа Аляксандра Ліціна. Ён фатаграфаваў жанчын з белымі кветамі каля гандлёвага цэнтра Гіпа, ды яшчэ і сам падараваў ім букет белых кветак. Але, па апошніх дадзеных, яго адпусцілі.

Алесь Сабалеўскі. Фота і відэа аўтара

Яндекс.Метрика