Жыхар Быхава абвясьціў у мясцовым ізалятары галадоўку

Жыхар Быхава Ўладзімер Гаруноў абвясьціў у мясцовым ізалятары галадаваньне. Пра гэта дазналася ягоная жонка Тацяна, калі ахоўнікі папрасілі яе забраць харчы, прынесеныя мужу. Што стала прычынай галадаваньня, жанчына пэўна ня ведае.

18 верасьня яна даведалася, што зьняволенаму ў ізалятары мужу дадалі 5 дзён адміністрацыйнага арышту за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве».

Уладзімера Гарунова 17 верасьня затрымалі ў раённым аддзеле міліцыі, куды ён прыйшоў, атрымаўшы позву. Там даведаўся, што мае адседзець 10 «сутак», не адбытых у Магілёве. У абласным цэнтры яго схапілі 10 жніўня падчас разгону акцыяў пратэсту. Тады яму прысудзілі 15 дзён адміністрацыйнага арышту, а празь пяць дзён «амніставалі» і папярэдзілі, што ён апынецца ў няволі пры паўторным учыненьні аналягічнага правапарушэньня.

Магілёўскія праваабаронцы адзначаюць, што падставаў у міліцыі затрымліваць Гарунова 17 верасьня не было, бо ён не парушаў закон аб масавых мерапрыемствах.

Крыніца: Радыё Свабода

 

Яндекс.Метрика