«Злавілі ўсямёх цётку». Гісторыя пэнсіянэркі з Горак, якая ў няволі галадавала 12 дзён

З ізалятару Горак, што на Магілёўшчыне, выпусьцілі мясцовую прыхільніцу пераменаў Ларысу Самсонаву. 59-гадовая пэнсіянэрка 12 дзён галадавала супраць незаконнага зьняволеньня.

Жанчына лічыць, што яе выкралі і што ў ізалятары яна зьведала зьдзек. З гэтым Самсонава мірыцца не хацела, таму абвясьціла галадоўку. У ізалятар ёй двойчы выклікалі «хуткую дапамогу».

 

Схапіў нарад міліцыі зь сямі чалавек

Ларыса Самсонава прадпрымальніца. Яна ўладальніца невялікай крамы, у якой гандлюе адзеньнем беларускай вытворчасьці. Жанчына — удзельніца мясцовых акцыяў пратэсту супраць вынікаў выбараў і гвалту сілавікоў. Яе тройчы судзілі. Яна мае сплаціць 1620 рублёў штрафу.

Пасьля першага суду за ўдзел у масавым шэсьці 30 жніўня яна вырашыла хадзіць зь бел-чырвона-белым сьцягам адна.

13 верасьня Ларысу Самсонаву затрымаў са сьцягам на тэрыторыі сельгасакадэміі нарад міліцыі зь сямі чалавек. Увечары яна праводзіла сяброўку, а калі засталася адна, да яе падскочылі міліцыянты без апазнавальных знакаў і, не называючыся, закінулі пэнсіянэрку ў мікрааўтобус. Яна спрабавала бараніцца і клікаць на дапамогу.

«У машыне я хацела прабіцца да сумленьня міліцыянтаў, — апавядае суразмоўніца. — Я стала сарамаціць іх: прыйшоўшы пасьля службы дамоў, яны раскажуць сям’і, як злавілі ўсямёх цётку і страшна ім не было, і за гэты подзьвіг яны папросяць наліць супчыку».

 

«Суд быў выязным шапіто з блазнам»

Самсонава прызнаецца, што яе словы толькі разьвесялілі міліцыянтаў. У мясцовым РУУС пасьля дня трыманьня ў «малпоўні» і халоднай камэры жанчыну судзілі за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці і аштрафавалі на 675 рублёў.

«Гэты суд быў выязным шапіто з блазнам, — адзначае Ларыса Самсонава. — Я даводзіла судзьдзю, што Канстытуцыя, асноўны наш закон, дае мне права хадзіць дзе хачу і выказваць свае думкі, таму я нічога не парушала. А судзьдзя мяне даймаў тым, што бел-чырвона-белы сьцяг „фашысцкі“. Я ж яму адказала: калі вы яго так баіцеся, то ў ім гістарычная сіла і веліч, таму хочаце яго зьнішчыць…».

 

«Калі б я прымала перадачы, то згадзілася б, што вінаватая»

Суразмоўніца кажа, што пасьля суду яе зьбіраліся выпускаць, нават аддалі рэчы і сьцяг, але раптам завялі ў пакой, дзе склалі яшчэ адзін пратакол адміністрацыйнага парушэньня. І пакінулі ў міліцыі чакаць яшчэ аднаго суду, які прысудзіў Самсонавай 10 дзён арышту. На той момант яна ўжо суткі галадавала.

«Галадоўку абвясьціла, бо не магла зьмірыцца са зьняволеньнем. Калі б я прымала перадачы, абклалася б прысмакамі, пачала наладжваць у камэры сабе камфорт, то згадзілася б, што ў нечым вінаватая. Маёй жа віны не было. Наадварот: вінаватая ўва ўсім злачынная ўлада і маё зьняволеньне — гэта беззаконьне».

 

«Тое, што мяне кінулі ў халодную камэру, было зьдзекам»

З словаў Самсонавай, першыя содні яна сядзела ў камэры-лядоўні: з бэтоннаю падлогаю, настылай. Жанчына не магла сагрэцца, у яе задубелі ногі і яна вымушана была папрасіць ахоўнікаў выклікаць ёй «хуткую дапамогу». Мэдыкі зрабілі іньекцыю. Пасьля перавялі ў цяплейшую камэру для жанчын, з драўлянаю падлогаю. У ёй, аднак, пацякла батарэя.

«Мне трэба было пра гэта маўчаць, а калі я сказала пра батарэю, мяне зноў кінулі ў халодную камэру, — згадвае суразмоўніца. — Зноў я зьмерзла і прасіла выклікаць мэдыкаў, але давялося доўга чакаць. Ахоўнікі гэтым разам не сьпяшаліся з дапамогаю. Потым мяне вярнулі ў камэру з сапсаванай батарэяй. Яе не рамантавалі, як высьветлілася, а падставілі абрэзаную плястыкавую бутэльку, каб у яе сьцякала вада».

«Тое, што мяне кінулі ў халодную камэру, было зьдзекам, — дадае яна. — Ахоўнікі, відаць, спадзяваліся, што я буду трываць і прабуду ў халаднечы рэшту прысуджанага — 6 дзён».

Яе толькі адзін раз вадзілі ў душ. У камэры было задушлівае паветра.

З усіх дабротаў цывілізацыі ў горацкай адміністрацыйнай вязьніцы — халодная вада. Толькі на дзявятыя содні няволі жанчына даведалася, што можна прасіць у ахоўнікаў даць гарачай.

Крыніца: Радыё Свабода

Яндекс.Метрика