Яндекс.Метрика Звальняюць кіраўніка магілёўскага музэю, які падтрымаў пратэсты - Магілёўскі Рэгіён

Звальняюць кіраўніка магілёўскага музэю, які падтрымаў пратэсты

З дырэктарам Музэю гісторыі Магілёва Аляксеем Бацюковым не падаўжаюць працоўнага кантракту пасьля 10 гадоў працы на пасадзе кіраўніка.

Пра спыненьне з ім працоўных адносінаў напісаў «Укантакце» былы супрацоўнік музэю Яўген Балбераў, які ў верасьні на знак пратэсту супраць гвалту сілавікоў звольніўся. У допісе ён называе Бацюкова сваім сябрам і калегам.

«Такая вось удзячнасьць ад нашых „вялікіх начальнікаў і начальніц“ за вернутыя на Радзіму культурныя каштоўнасьці, за найцікавейшыя выставы і праекты, за ўнёсак і папулярызацыю нашай культуры і гісторыі», — адзначае Балбераў. Ён зьвязвае звальненьне Бацюкова зь перасьледам за грамадзянскую пазыцыю.

Сам Аляксей Бацюкоў пацьвердзіў, што яго звальняюць, але ад камэнтароў пакуль устрымаўся.

Пра спыненьне працоўных адносінаў Упраўленьне культуры Магілёўскага гарвыканкаму паведаміла Бацюкову 6 студзеня. Згодна з спавяшчэньнем яго вызваляюць з 16 лютага ў сувязі са сканчэньнем працоўнага кантракту.

Сёлета пасьля выбараў Аляксей Бацюкоў разам з шасьцю падначаленымі падпісаў адкрыты ліст, які асуджаў «нематываваную жорсткасьць прадстаўнікоў сілавых структураў» і адзначаў, што «грамадзяне не пачуваюцца ў бясьпецы». Сярод патрабаваньняў была адстаўка Лукашэнкі.

У кастрычніку за ўдзел у пратэстнай акцыі Аляксея Бацюкова аштрафавалі.

Ля ўваходу ў музэй: зьлева Яўген Балбераў, справа: дырэктар музэю Аляксей Бацюкоў (фота з архіву Яўгена Балберава)

Аляксея Бацюкова прызначылі кіраваць музэем у 2011 годзе. Да гэтага ён выкладаў ва ўнівэрсытэце, працаваў на абласной тэлевізіі. За амаль 10-гадовае дырэктарства ўстанова здолела на ахвяраваньні вярнуць у Беларусь і папоўніць уласную калекцыю каштоўнымі артэфактамі і старадрукамі. Сярод іх Статут Вялікага Княства Літоўскага. Музэй стаў пляцоўкай для правядзеньня асьветніцкіх, культурніцкіх ды музычных імпрэзаў.

Установа падпарадкоўваецца ўпраўленьню культуры Магілёўскага гарвыканкаму. Асноўная экспазыцыя ў музэі прысьвечана часам Магдэбурскага права. Месьціцца ўстанова ў будынку адбудаванай наноў гарадзкой ратушы.

Крыніца: Радыё Свабода